Пошук
Нядзельнае казаньне
пятніца
КРАСАВІКА |
Сьветлая пятніца |
Казаньні і гаміліі
Успенне Найсвяцейшай Багародзіцы
1.Cёння мы святкуем дзень Успення Найсвяцейшай з усіх святых – Божай Маці. Яна сапраўды заснула сном зямлі, але так як Яна была жывою да самых глыбінь Сваёй існасці, так і засталася Яна жывою – жывою душою, узнесенай да пасаду Божага, жывым і ўваскрослым целам Сваім, якім Яна стаіць перад пасадам Бога зараз і моліцца за нас. Бо Яна сама стала пасадам ласкі, бо праз Яе ўцелавіўся Жывы Бог, ва ўлонні Яе Ён быў, як на пасадзе славы Сваёй. І з якой падзякай, з якой пяшчотай мы праслаўляем Яе: Крыніца жыцця, Жываносная Крыніца – так апявае літургічна, называе Яе Царква, шануючы ў незлічоных іконах. Але што ж яшчэ Яна пакідае нам у спадчыну? Адну толькі запаведзь і адзін дзівосны прыклад. Запаведзь – тыя словы, якія Яна сказала служкам у Кане Галілейскай: “Што б ні сказаў вам Хрыстос – тое выканайце”. І яны выканалі, і звычайная вада сталася добрым віном Валадарства Божага. 2. Гэтую запаведзь Яна пакідае кожнаму з нас. Кожны з нас павінен зразумець слова Хрыстовае, услухацца ў яго і не быць толькі слухачом, але выканаўцам яго, і тады ўсё зямное стане нябесным, вечным, змененым і праслаўленым. Менавіта Яна пакінула нам гэты прыклад: аб Ёй гаворыцца ў Евангеллі, што кожнае слова пра Хрыста і, вядома, кожнае слова Хрыстовае Яна складала ў Сваё сэрца як скарб, як самае каштоўнае, што ў Яе было. Менавіта таму Ісус Хрыстос перадаў Найсвяцейшай Багародзіцы права на Заступніцтва. Таму Маці Божая дзень і ноч моліцца за нас, грэшных. Яна – заступніца, ахова, пасярэдніца і прыстанішча грэшнікаў. І хто мае шчырую пабожнасць да Маці Божай, той сапраўды будзе выратаваны, таму што калі маці скажа: “Так”, як гэта адбылося ў Кане Галілейскай, то Сын Яе не скажа: “Не”. 3. Станем і мы вучыцца ад Яе так слухаць, як слухаюць усёй любоўю і ўсёй глыбокай павагай, услухоўвацца ў кожнае слова Збавіцеля. У Евангеллі шмат збаўчых словаў сказана, але сэрца кожнага з нас адклікаецца то на адно, то на іншае, а на што адклікаецца наша сэрца – гэтае слова, сказанае Збаўцам Хрыстом нам асабіста. І гэтае слова нам трэба захаваць як шлях жыцця, як кропку судотыку паміж намі і Богам, як прыкмету нашага сваяцтва і блізкасці з Ім. І калі так будзем жыць, так слухаць, так складаць у сэрцы сваім словы Хрыстовыя, як сеюць насенне ва ўзараную добрую зямлю, тады і над намі выканаецца тое, што Альжбэта сказала Божай Маці, калі Яна да яе прыйшла: “Блаславёная, якая паверыла, бо выканаецца ўсё, сказанае Табе ад Госпада”. Няхай будзе гэта і з намі. Няхай будзе Маці Божая нашым прыкладам, успрымем Яе адзіную запаведзь, і паклонімся тады Богу ў Ёй і праз Яе ў духу і ісціне. 4. У свята Ўспення Багародзіцы, кожная маці мае магчымасць асабліва звярнуцца да Нябеснай Маці і Настаўніцы. Тыя маці, якія маюць хворых дзяцей, або тыя, што заўчасна іх пахавалі, павінны аддаць сваё цярпенне Дзеве Марыі. Яна таксама глядзела на смерць Свайго Сына, але ведала, што гэта неабходна для збаўлення ўсіх нас, таму сказала: "Няхай так будзе”. І кожны, хто пераносіць цяжкія цярпенні ў сваім жыцці, і хто скажа гэтак жа, ахвяруючы цярпенні і цяжкасці свае, сваіх дзяцей і блізкіх, той атрымае ўзнагароду ў Небе і Ласку Божую. У гэты дзень усе дзяўчыны і маці, якія, магчыма, здрадзілі сваім жыццём Сына Божага і Яго нябесную Маці, а зараз хочуць прабачэння, укленчыце ў малітве перад Марыяй. Яна мае для вас у сэрцы асаблівую любоў. Бацькі, якія плачаце над дзецьмі, што заблукалі далёка ад Божага сэрца, прытуліцеся да Найсвятой Дзевы Марыі. Марыя будзе шукаць іх, як шукала свайго дванаццацігадовага Сына. І праз вашыя малітвы Яна знойдзе вашых дзяцей і прывядзе іх да Бога. 5. Нарэшце, у кожнага з нас бывае час, калі мы не адважваемся звяртацца да Бога, бо наша грэшнасць здаецца нам страшнай сцяной паміж Богам і намі. Тады давайце шукаць суцяшэння ў зносінах з Найсвяцейшай Багародзіцай, бо кожны з нас можа быць абсалютна ўпэўненым, што Яна, як родная маці, не адвернецца ад нас, з якой бы ганьбай мы да яе не прыйшлі. Молячыся шчырым сэрцам да Маці і Заступніцы нашай “Багародзіца Дзева”, з даверам, надзеяй і любоўю клічам: “Усесвятая Багародзіца, збаў нас”, і Яна выслухае і дапаможа, таму што “яшчэ ніхто ніколі ня чуў, каб яна не дапамагла”. Амін. Аўтар - а. Аляксандар Шаўцоў |
16.08.2020
|