Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Дабравешчаньне Найсьвяцейшай Багародзіцы  


Дабравешчаньне — пачатак Добрай Навіны

1. Сёньня мы сьвяткуем Дабравешчаньне Найсьвяцейшай Багародзіцы.
Тое, што адбылося ў той канкрэтны гістарычны дзень, вельмі зьмястоўна перадае нам адзін сказ са стыхіры на Вячэрні сьвята: Спрaдвeчны план Бoжы aбвясьцiў Taбe, Сьвятaя Дзeвa, Гaбрыэль.

Сапраўды, менавіта ад моманту Дабравешчаньня, калі Найсьвятая Дзева Марыя пачала ў сваім ўлоньні Хрыста, стаецца нам зразумелым, набывае сэнс у вачах людзей добрай волі, адвечны план Бога адносна прыйсьця Месіі і збаўленьня Чалавецтва..

2. У грэцкай назве сьвята Дабравешчаньня - Ευαγγελισμός της Θεοτόκου – ужытае слова з тым самым коранем, што і ў слове на азначэньне Евангельля (ευαγγέλιον – добрая навіна).
Гэты супольны корань выразна ўказвае нам сувязь, якая існуе паміж гэтай падзеяй з аднаго боку ды Добрай Навінай як навукай Ісуса Хрыста з другога.

Гістарычны факт Дабравешчаньня стаўся пачаткам Добрай Навіны ў глабальным, універсальным сэнсе; ён стаўся кропкай над «і» у Гісторыі Збаўленьня Чалавецтва.
Вось, як пра гэта пяем мы сёньня ў трапары сьвята:
Сёньня пачатак нашага збаўленьня і спрадвечнай тайны аб’яўленьне:
Сын Божы Сынам Дзевы стаецца і Габрыэль ласку абвяшчае.
Дзеля гэтага і мы разам з ім усклікнем Багародзіцы:
"Радуйся, Поўная ласкі, Госпад з Табою".


3. Сёньняшняе нашае сьвяткаваньне – гэта ня проста ўспамін евангельскай падзеі. Сёньняшняе сьвята – гэта заклік да кожнага з нас да рэалізацыі пачатаку нашага збаўленьня ў сваім канкрэтным жыцьці.

Радасны вокліч Арханёла Радуйся, Поўная ласкі, Госпад з Табою, зьвернуты ня толькі да Найсьвятой Дзевы, але да кожнага з нас. Быць можа ён зьвяртаецца да цябе таксама такімі вось словамі:

Радуйся, бо Бог цікавіцца табою!
Радуйся, бо Бог хоча дапамагчы табе пераадолець твае грахі!
Радуйся, бо Бог дае табе неабходную ласку ў споведзі!
Радуйся, бо Бог мае для цябе цудоўны план на жыцьцё!

Аўтар - а. Андрэй Буйніч

24.03.2012

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier