Пошук

Каляндар

 
чацьвер
КАСТРЫЧНІКА
Сёньняшняе чытаньне:


24.01.2008
У чацьвер, 24 студзеня б.г., у рамках тыдня экуменічнай малітвы аб еднасьці хрысьціянаў, адбылася малітоўная сустрэча хрысьціянаў розных канфесіяў у рыма-каталіцкай катэдры імя Найсьвяцейшай Панны Марыі. Падобная малітоўная сустрэча прайшла на Беларусі ўпершыню. Яна распачалася сьвятою Імшою, якою служыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Яму саслужылі Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі а. архімандрыт Сяргей (Гаек), а таксама сьвятары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі. Былі прысутныя таксама шматлікія вернікі.

Пасля Сьвятой Імшы распачалася Экуменічная малітва, якую ўзначаліў Мітрапаліт. У ёй узялі ўдзел а. архімандрыт Сяргей (Гаек), кіраўнік Аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы айцец Аляксандр Шымбалёў, кіраўнік Самастойнай Евангелічна-лютэранскай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь дыякан Уладзімір Мейерсан, старшыня Беларускага біблійнага таварыства Герман Родаў. Кожны з іх зьвярнуўся да прысутных з кароткай прамовай-казаньнем.

У сваёй кароткай прамове а. архімандрыт Сяргей зьвярнуў увагу на тое, што амаль ўжо паўтысячагодзьдзя, як Францішак Скарына пераклаў Біблію на стара-беларускую мову, і што гэты факт павінен нас, беларусаў, мабілізаваць чытаць Сьвятое Пісаньне на роднай мове.
22.01.2008
У сераду, 23 студзеня б.г., у дзень памяці Пратулінскіх мучанікаў, адбылася сустрэча панамароў з Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў Беларусі а. архімандрытам Сяргеем (Гаекам). З духоўным навучаньнем да ўдзельнікаў зьвярнуўся а. Андрэй Буйніч, які зьяўляецца духоўным апекуном усіх панамароў. Пасьля адбылася размова з а. архімандрытам Сяргеям, які распавёў гісторыю Пратулінскіх мучанікаў і зьвярнуў увагу на значэньне іх прыкладу для духоўнасьці суполкі Алтарнага брацтва.

Па словах а. Андрэя Абламейкі, які зарганізаваў гэтае спатканьне, Алтарнае брацтва – гэта братэрская супольнасьць тых, што прыслугоўваюць на Боскай Літургіі. “Нас лучыць сам дух Боскай Літургіі і, перад усім, жаданьне служыць Хрысту, які рэальна прысутны ў Еўхарыстыі” – тлумачыць айцец Андрэй.
30.12.2007
Паводле літургічнага каляндара візантыйскага абраду ў нядзелю пасля Божага Нараджэньня сьвяткуецца сьвята сьв. Праведнага Язэпа, зямнога Апекуна Ісуса Хрыста. 30 сьнежня 2007 г. грэка-каталіцкая парафія Праведнага Язэпа ў Мінску (першая адроджаная грэка-каталіцкая парафія ў Беларусі, адноўленая ў 1990 г.) адзначала парафіяльнае сьвята. З гэтай нагоды, па запрашэньні Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея (Гаека) і пробашча парафіі протапрэзбітэра а. Андрэя Абламейкі, парафіяльную супольнасьць наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і разам з кс. д-рам Янам Крэмісам прысутнічаў на сьвяточнай Боскай Літургіі (ў візантыйскім абрадзе) ў касьцёле сьв. Яна Хрысьціцеля ў раёне Серабранка (вул. Пляханава). Гэта была чаканая сустрэча грэка-католікаў г. Мінска з Высокадастойным Уладыкам Мітрапалітам.

Мітрапаліт Тадэвуш прамовіў казаньне да ўдзельнікаў сьвята. У сваім слове ён выказаў радасьць, што можа супольна маліцца з грэка-католікамі, якія разам з вернікамі лацінскага абраду, складаюць Супольнасьць Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Арцыбіскуп таксама звярнуў увагу, што сьв. Язэп, які ў Евангельлі названы “мужам справядлівым”, застаецца сёньня вельмі каштоўным і актуальным прыкладам мужчыны. А гэта таму, што сьвет сёньня патрабуе мужчынаў, якія гатовыя мужна і адказна спаўняць сваё пакліканьне.

На заканчэнне Боскай Літургіі, якую разам з Архімандрытам Сяргеем саслужылі душпастыры мінскіх грэка-каталіцкіх парафій святары Андрэй Абламейка, Казімір Ляховіч, Андрэй Буйніч і Яўген Усошын, Высокадастойны Уладыка Мітрапаліт удзяліў усім прысутным пастырскае блаславенне, а вернікі заспявалі яму архіярэйскае “Многія леты”.

Прэс-служба Апостальскага Візітатара
26.12.2007
Ноч Божага Нараджэння вернікі ўсіх грэка-каталіцкіх парафіяў г. Менска маліліся разам у касьцёле сьвятых Сымона і Алены. Сьвяточную Боскую Літургію ўзначалілі Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Марцін Відавіч разам з Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Сяргеем (Гаекам). З імі таксама саслужылі душпастыры менскіх грэка-каталіцкіх парафіяў: сьвятары Андрэй Абламейка, Казімір Ляховіч, Андрэй Буйніч і Яўген Усошын, а таксама пробашч касьцёла сьвв. Сымона і Алены Ўладыслаў Завальнюк. У багаслужэньні ўдзельнічалі таксама вернікі з навакольляў Менска: Мар’інай Горкі, Жодзіна, Барысава ды іншых. Сумесны сьпеў вернікаў узначалілі хоры парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі і парафіі Праведнага Язэпа ў Менску.

У кароткім казаньні Архімандрыт Сяргей зазначыў, што прысутнасьць Апостальскага Нунцыя на сьвяточнай службе сярод грэка-католікаў стала яскравым сьведчаньнем паўсюднасьці Каталіцкай Царквы, часткай якой зьяўляюцца вернікі візантыйскага абраду. Архімандрыт звярнуў таксама ўвагу вернікаў, што сьвята Раства Хрыстовага, калі віншуем адзін аднаго, гэта добры час, каб маліцца за Беларусь. Такая малітва ёсьць выклікам і заданьнем для ўсіх хрысьціянскіх Цэркваў у Беларусі.

На заканчэньне Боскай Літургіі Апостальскі Нунцый зьвярнуўся да вернікаў са словамі віншаваньняў і перадаў прысутным Прывітаньне і Блаславеньне Сьвятога Айца Бенядыкта XVI, як выраз малітоўнай блізкасьці Папы і ўмацаваньня ў каталіцкай веры.
24.09.2007
ПАРАФІЯЛЬНАЯ ПАСТАРАЛЬ НА ХУТАРЫ АЛЕСЯ ЛОСЯ

23 верасня наша парафія ездзіла на хутар Алеся Лося, што пад Валожынам. Для парафіі ладзілася насычаная праграма карпаратыўных трэнінгаў.

29.07.2007
Я заўжды з вялікаю радасьцю згадваю час, праведзены з вамі ў жніўні 2005 год у ў Кёльне. Напрыканцы таго незабыўнага выразу веры і натхненьня, які застаўся ў маёй душы і маім сэрцы, я прызначыў вам спатканьне на новай сустрэчы, якая адбудзецца ў Сіднэі ў 2008 годзе. Гэта будзе 23-ці Сусьветны дзень моладзі, тэмаю якога стануць словы: «Прымеце моц Сьвятога Духа, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сьведкамі» (Дз 1, 8).
30.12.2006
а. Андрэй Абламейка
пробашч парафіі сьв. Язэпа


Слава Ісусу Хрысту!
У Сьвятым Евангельлі сустракаем нямала апісаньняў учынкаў Сьв. Язэпа, аднак ніколі не прачытаем ягоных словаў – сапраўды, часамі ўчынкі гавораць больш, чым словы, ды ўвогуле без учынкаў наша вера мёртвая (Як.2.17). Вось ужо 16-ць гадоў мы молімся і праслаўляем нашага Госпада Ісуса Хрыста ў родным Менску. Зроблена нямала і ўсё ж такі сэрца троху вярэдзіць – адсутнасьць свайго храма, сваёй царквы моцна перашкаджае нам у душпастырстве. Гэта ў Менску, дзе яшчэ ў 1793 годзе толькі ў гістарычнай частцы горада дзейнічала тры манастыры і пяць храмаў – сёньня захаваліся толькі будынкі манастыроў: у Сьвятатраецкім манастыры разьмяшчаецца 2-я Гарадзкая лякарня, у жаночым Сьвятадухаўскім манастыры – Музычная школа, а ў мужчынскім – офісы і нават рэстарацыя, на месцы Сьвятадухаўкі – пустая пляцоўка. Тым не менш, усе 16 год мы не гублялі і не губляем надзеі аднавіць наш храм, дзе мы будзем праслаўляць Бога і Збаўцу нашага Ісуса Хрыста.

Пакуль што мы молімся ў касьцёле Сьв. Яна Хрысьціцеля аа. Салезіянаў у Серабранцы, за гэта я вельмі ўдзячны пробашчу – айцу Ігару Лашуку і ўсёй парафіі за тое, што выказваюць гэтым нам сваю любоў, як браты ў Хрысьце (пар. Лк.10.27).

Самай важнай малітвай для нас ёсьць малітва за адбудову свайго храма, але я разумею, што не храм нас робіць хрысьціянамі, але насьледваньне Хрыста ўсім сваім жыцьцём. Я хачу сказаць вам, што мы, як парафія, ня гледзячы на цяжкасьці, перашкоды зьнешнія і ўнутраныя, наколькі можам служым пашырэньню Евангельля Хрыстовага ў Менску, наша штодзённая малітва і праца моцай Сьвятога Духа павінны прынесьці багаты плод і для нас, і для Менчукоў – таму што Бог “кожную галінку, якая родзіць плод, ачышчае, каб больш урадзіла плоду” (Ян 15.2).

Вельмі насычаны для нас быў і 2006 год Р.Х.

Былі Хросты, акрамя дзяцей таксама і дарослых людзей, былі Шлюбы, як маладых, так і сталых ужо параў. Адбыліся рэкалекцыі Вялікапосныя і Калядныя, летам былі рэкалекцыйныя сустрэчы для дзяцей, моладзі і сужэнстваў. Мы ўдзельнічалі ў штогадовай Пілігрымцы сьледам пяці Полацкіх Пакутнікаў. На працягу года ажыцьцяўлялі сацыяльныя праекты, хай малыя, але са шчырым сэрцам. Сустракаліся са Сьвятым Айцом у Варшаве, удзельнічалі як парафія ў сьвятах у Будславе, Полацку, Росіцы, Віцебску і Берасьці. У гэтым годзе маем новага сэмінарыста Сяргея Раюнца, які вучыцца на першым курсе ў сэмінарыі Драгічына (Польшча), таксама два нашых сэмінарыста скончылі сваю фармацыю і нават былі высьвячаныя – айцец Андрэй Буйніч на сьвятара, а айцец Яўген Усошын на дыякана [17 чэрвеня 2007 рукапакладзены на сьвятара - рэд.] – Слава на Вышынях Богу, хай новавысьвячаныя ў сваім служэньні ідуць за нашым Збаўцам да канца (пар.Мц.28.18-20). Праз увесь год працавалі нашыя пастаральныя ініцыятывы: Нядзельная школка, Клуб інтэлігенцыі Сьв.Кірылы Тураўскага, Скаўцкія спатканьні, Сямейнае кола, праводзіліся катэхезы. У 2006 годзе адбыўся падзел на два Протапрэзьбітараты, наша парафія стала часткай Цэнтральна-Заходняга протапрэзьбітарата Блаславёнага сьвятамучаніка Мікалая Чарнэцкага. Я дзякую вам усім за ахвярнасьць і шчырае служэньне на Славу Госпаду, усім, хто удзельнічаў у жыцьці Царквы, я паўтараю яшчэ і яшчэ: хрысьціянінам можна стаць толькі асабіста сустрэўшыся з Хрыстом, быць жа хрысьціянінам можна толькі ў супольнасьці хрысьціянаў, якія ўтвараюць Царкву – Цела Хрыстовае.

Асабліва дзякую нашаму Уладыку, Апостальскаму Візітатару Архімандрыту Сяргею за ягоную пастырскую апеку і падтрымку нашых ініцыятываў, а таксама дзякую Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі архібіскупу Марціну Відавічу, які заўсёды адкрыты на нашыя патрэбы і гатовы нам дапамагаць.

Хай Народжаны Збавіцель бласлаўляе нашыя сем’і, хай напаўняе нашыя сэрцы радасьцю і вясельлем! Хай Сьвяты Язэп апякуецца намі. Хрыстос Нарадзіўся! Яго Славім!
30.04.2006
23 красавіка наша парафія ездзіла ў пілігрымку ў Маладэчна на патранальнае сьвята парафіі Хрыста Чалавекалюбцы. Уладыка архімандрыт Сяргей падараваў парафіі ікону Хрыста Чалавекалюбца (усходняе бачаньне Хрыста сьвятой Фаустыны – Ісусе, давяраюся табе) і новы сьвятарскі фелон, вышыты у бела-чырвона-белых колерах Цела і Крыві Хрыстовых. Віншуем нашых братоў і сёстраў з Маладэчна. У рамках парафіяльнага сьвята адбылася прэзентацыя кніжкі народнага паэта Рыгора Барадуліна “Рымскі дыпціх”, якую паэт напісаў, як падзяку Госпаду пасьля пілігрымкі ў Рым і сустрэчы са Слугой Божым Янам Паўлам ІІ.
2.02.2006
Парафія віншуе свайго пробашча а. Андрэя Абламейку з прызначэньнем яго на пасаду протапразбітара Цэнтральна-Заходняга протапразбітарату, якое адбылося на падставе дэкрэту Апостальскага Візітатара Дастойнага Архімандрыта Сяргея Гаека 3 лютага 2006 году. Дарагі Ойча! Віншуем Цябе ад усяго сэрца! Жадаем, каб гэта новае прызначэньне прыносіла Табе радасьць ды было на карысьць для ўсёй нашай Царквы.
30.12.2005
У 2005/2006 літургічным годзе нашае патранальнае сьвята Сьвятога Язэпа прыпала на панядзелак 26 сьнежня. Сьвяткаваньне мела асаблівы характар – парафія распачала свой Юбілейны год. Менавіта 15 год таму, 20 верасьня 1990 года адбыўся сход “дваццаткі”, а 19 кастрычніка таго ж года Мітрапаліт Уладзімір Стэрнюк выдаў нам грамату і гэта сталася кананічным адраджэньнем нашай парафіі. Сьвяткаваньне адбылося ў касьцёле салезыянаў сьв. Яна Хрысьціцеля. Літургію ўзначальвалі Апостальскі Нунцый Найдастойны архібіскуб Марцін Відавіч разам з нашым Уладыкам Апостальскім Візітатарам для грэка-каталікоў Беларусі Дастойным архімандрытам Сяргеем Гаекам. Ім саслужылі сьвятары візантыйскага ды лацінскага абрадаў з розных гарадоў Беларусі. Прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўных уладаў.

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier