Хрыстос нарадзіўся! Яго славім!
Сёлета, мы сьвяткавалі ўспамін нашага заступніка, сьвятога Язэпа, аж два дні, да таго ж упершыню ў сваім Душпастырскім цэнтры.
У першы дзень Перадсьвяцьця, Боскую Літургію ўзначаліў Высокадастойны арцыбіскуп Марцін Відавіч, Апостальскі нунцый у Беларусі ў саслужэньні з нашым Уладыкам архімандрытам Сяргеем Гаекам, Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі. Акрамя таго служылі айцы: ксёндз Ігар Лашук, дэкан Серабранкаўскага рыма-каталіцкага дэканату, протапразьбітар Зьміцер Грышан, дэкан Усходняга грэка-каталіцкага дэканату, айцец Пахом Кавалёў, душпастыр парафіі Сьвятога Духа, айцец Яўген Усошын, душпастыр парафіі сьвятога Міколы Цудатворцы і наш пробашч протапразьбітар Андрэй Абламейка. Літургічная абслуга была на вышыні: панамары і семінарысты спраўляліся і з кадзілам і з чытаньнем Апостала і з дапамогай Уладыкам. Міжпарафіяльны маладзёвы хор ”Прасфара” пад кіраўніцтвам рэгента Марысі Янушкевіч сваімі анёльскімі галасамі стварылі малітоўную атмасфэру. Сярод пачэсных гасьцей прысутнічалі Жогла Алег Міхайлавіч, Глава адміністрацыі Заводскага раёна, Рабіцава Ала Мікалаеўна, начальнік аддзела па справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Мінгарвыканкама, Бараноўская Людміла Мікалаеўна, намесьнік Главы адміністрацыі Заводскага раёна. Пасьля Літургіі хлопцы з фальклёрнага гурта ”Рада” дадалі урачыстасьці нашаму сьвяту і засьпявалі калядкі. Такім быў першы дзень.