Слава Ісусу Хрысту!

Вітаем Вас на сайце Менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа!
”У Сьвятым Евангельлі сустракаем нямала апісаньняў учынкаў сьв. Язэпа, аднак ніколі не прачытаем ягоных словаў – сапраўды, часамі ўчынкі гавораць больш, чым словы, ды ўвогуле без учынкаў наша вера мёртвая (Як. 2:17). Гэты сайт перадусім пра нашыя чыны і хай яны будуць гэтак жа плённыя, як чыны сьв. Язэпа” – пісаў тут протапрэзьбітар Андрэй Абламейка, былы пробашч парафіі Праведнага Язэпа і першы рэдактар сайта.

Гэты сайт і надалей хоча распавядаць пра розныя праявы жыцьця нашае парафіі: нашыя чыны, праекты, імкненьні і мары. А паколькі Грэка-каталіцкі цэнтр сьвятога Язэпа ўсё больш і больш выпаўняе заданьне інфарматыўнага цэнтра – будзем і надалей тут памяшчаць інфармацыю, што датычыць жыцьця ўсёй Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ды іншых Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.

 

Пошук

Каляндар

 
пятніца
КРАСАВІКА
Сьветлая пятніца

Навіны


20.08.2009
НАПЯРЭДАДНІ КАРАНАЦЫІ БРАСЛАЎСКАЙ  ІКОНЫ БАГАРОДЗІЦЫ
“Сьветла радуецца Богам ратаваны горад Браслаў
і ўвесь край Беларускі”

Гэтыя словы трапара (літургічнай песьні) добра паказваюць радасьць вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы з нагоды каранацыі Браслаўскай Іконы Маці Божай.

“Для Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі каранаваньне Браслаўскай Іконы Багародзіцы папскімі каронамі зьяўляецца вялікай духовай падзеяй.

Гэта вялікае сьвята – духовая, малітоўная сустрэча вернікаў розных веравызнаньняў перад сьвятой Іконай Багародзіцы, якая ёсьць для нас усіх Маці Еднасьці .

Мы вельмі ўдзячныя Віцебскаму Біскупу Ўладзіславу Бліну за падрыхтоўку гэтага каранаваньня” – сказаў Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі.
13.08.2009
НАПЯРЭДАДНІ КАРАНАЦЫІ БРАСЛАЎСКАЙ ІКОНЫ БАГАРОДЗІЦЫ
22 жніўня гэтага году ў Браславе, у Санктуарыі, якім апякуюцца манахі сальватарыяне, адбудзецца чын каранацыі Іконы Маці Божай - Валадаркі Азёраў.
Урачыстасьці каранаваньня Іконы ўзначаліць Архібіскуп Кёльна, кардынал Ёахім Майснэр – вялікі шанавальнік сьвятамучаніка Язафата Полацкага.

Грэка-католікі Менска арганізуюць аўтобусную двухдзённую Пілігрымку ў Будслаў і Полацак, якая адправіцца з Менску ўначы 22 жніўня (каля 00:30).

Адказны за арганізацыю Пілігрымкі: старшыня нашай Парафіі (Праведнага Язэпа): Анатоль Сёмуха, тэл. маб. (Velcom) 644.76.22
12.08.2009
НАПЯРЭДАДНІ КАРАНАЦЫІ БРАСЛАЎСКАЙ ІКОНЫ БАГАРОДЗІЦЫ
Грэка-католікі Беларусі пачалі малітоўную дзевятніцу

Грэка-католікі Беларусі пачалі малітоўную падрыхтоўку да каранацыі папскімі каронамі Браслаўскай Іконы Маці Божай - Валадаркі Азёраў.
Дзевятніца (навэнна) пачалася 12 жніўня і будзе трываць да 20 жніўня.

Як вядома, Ікона Маці Божай - Валадаркі Азёраў доўгі час знаходзілася ва ўніяцкім манастыры Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы на высьпе каля Браслава пад апекай манахаў з ордэна базыльянаў. Тады яе звалі “манастырскай” іконай.
Падчас перасьледу і ліквідацыі Уніяцкай (грэка-каталіцкай) Царквы на Беларусі, Ікона была таемна перададзена манахамі базыльянамі пад апеку рыма-каталіцкага касьцёла ў Браславе.
7.08.2009
Перамяненьне Гасподняе
Учора, 6 жніўня, мы адзначалі сьвята Перамяненьня Госпада нашага Ісуса Хрыста – адно з найбольшых сьвятаў Гасподніх у царкоўным календары. У перамяненьні Хрыстос адкрыў вучням вечную і непамінальную сваю славу. Гэтым Ён умацаваў іхнюю веру, каб яны не пахіснуліся ў час выпрабаваньняў.

Боскую Літургію ў нашай парафіі ўзначаліў Архімандрыт Сяргей (Гаек) у спаўслужэньні з а. Андрэем Абламейкам, а. Яўгенам Усошыным, душпастырам Парафіі сьв. Міколы Цудатворцы, і новапрызначаным а. дыяканам Аляксандрам Аўдзеюком.
7.08.2009
Новы дыякан у нашай Парафіі
5 жніўня 2009 г. Апостальскі Візітатар БГКЦ Дастойны Архімандрыт Сяргей (Гаек) на дыяканскае служэньне ў нашай Парафіі Праведнага Язэпа ў Менску прызначыў а. д. Алеся Аўдзяюка, які ў 2001 г. паступіў з нашай Парафіі на багаслоўска-семінарыйную фармацыю.

Аляксандр Аўдзяюк (1978 года нар.) быў пастаўлены ў дыяканы 13 траўня 2009 г. ў Мукачава, а 31 ліпеня 2009 атрымаў дыплом дыпламаванага багаслова (Dipl. Theol.) у Каталіцкім Універсітэце ў Айхштэт (Нямеччына).

Шчыра вітаем айца Дыякана і віншуем “на многія леты”!
23.07.2009
ПРЫЙДЗІЦЕ, ПРЫМІЦЕ ДУХА СЬВЯТОГА
Беларускія грэка-католікі на ”Кангрэсе Пакланеньня”

14-18 ліпеня 2009 г. прадстаўнікі БГКЦ удзельнічалі ў міжнародным ”Кангрэсе Пакланеньня” арганізаваным каталіцкай Супольнасьцю EMMANUEL у французскім мястэчку Paray-le-Monial. Гэтае мейсца вядомае ад часу зьяўленьняў Ісуса Хрыста сьвятой манахіні Маргарыце Марыі (Алякок) ў 1629 г. і ўстанаўленьня ў Каталіцкай Царкве культу Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса.
16.07.2009
НА ШЛЯХУ ДА МАЦІ БОЖАЙ У ГУДАГАІ
Рыхтуемся да сьвяткаваньняў у гонар Маці Божай Шкаплернай, якая шануецца ў Яе сьвятой іконе ў рыма-каталіцкім храме ў Гудагаі (на Гарадзеншчыне), у якім служаць манахі-кармеліты босыя.
Урачыстасьці будуць адбывацца 17-18 ліпеня 2009 г.
17 ліпеня а 22-ай гадзіне будзе адслужаны Акафіст да Найсьвяцейшай Багародзіцы, які прасьпявае хор “Мараната” з Берасьця.
18 ліпеня ўрачыстую сьвятую Імшу а 12-ай гадзіне ўзначаліць Яго Эксцэленцыя біскуп Казімір Вялікаселец ОР.
Апостальскага Візітатара архімандрыта Сяргея на сьвяткаваньнях будуць прадстаўляць ераманах Лявонцій (Тумоўскі) і а. Яўген Маліноўскі, душпастыр парафіі сьвв. Кірыла і Мятода ў Баранавічах.
14.07.2009
ПІЛІГРЫМКА ДА ДУХОЎНЫХ КАРАНЁЎ
Малітва ў Навумавічах, на месцы сьмерці Блаславёнай Мучаніцы Мар’яны (Бярнацкай).

13 ліпеня 2009 г. адзначаецца Дзень успаміну Блаславёнай Мучаніцы Мар'яны (Бярнацкай). З гэтай нагоды ў вёсцы Навумавічы, што на Гарадзеншчыне, сабраліся пілігрымы з розных куткоў Беларусі. Сярод іх было некалькі дзесяткаў грэка-католікаў.

Сёлета ўшанаваць памяць мучанікаў у Навумавічы прыехалі жанчыны – сёстры Сястрыцтва Блаславёнае Мучаніцы Мар’яны, якое ад нядаўняга часу дзейнічае ў нашай парафіі Праведнага Язэпа. Яны прывезлі з сабою Ікону Блаславёнай, якую пасьля Сьвятой Імшы змаглі ўшанаваць усе прысутныя.
14.07.2009
Завяршэньне XV грэка-каталіцкай Пілігрымкі

СЬВЯТКАВАНЬНЕ Ў ПОЛАЦКУ – МАЛІТВА ЗА БАЦЬКАЎШЧЫНУ
Як вядома, з 7 па 12 ліпеня адбылася XV юбілейная штогадовая пілігрымка Віцебск-Полацак. Сёлета яна праходзіла пад дэвізам ”Крыж Хрыста – знак любові”. Удзел у пілігрымцы ўзялі вернікі Грэка-Каталіцкай Царквы з усіх куткоў Беларусі. Па традыцыі, сярод удзельнікаў былі таксама рыма-каталікі і праваслаўныя.

Падчас Пілігрымкі была наладжана праца ў групах дзяленьня, дзе можна было паразважаць і падзяліцца сваім духоўным вопытам і перажываньнямі, зьвязаннымі з агульнай тэмай пілігрымкі ”Крыж Хрыста – знак любові”. На месцах начоўкі пілігрымамі былі падрыхтаванныя канцэрты духоўнай музыкі для мясцовага насельніцтва.
12.07.2009
XV грэка-каталіцкая пілігрымка
Дзень малітвы за БГКЦ


“ПРЫЙДЗІЦЕ, ПАКЛОНІМСЯ І ПРЫПАДЗЕМ ДА ХРЫСТА”
Субота, 11 ліпеня, у праграме Пілігрымкі быў Днём малітвы за БГКЦ, за пакліканьні да сьвятарства і манаскага жыцьця.

Ранішнюю Боскую Літургію ў Гаранах узначаліў а. Алесь Шыбека з Віцебска, а казаньне прамовіў а. Васіль Ягораў з Магілёва.

У 13:00 гадз. Пілігрымка дайшла да Струньні, дзе ля Крыжа, што стаіць на месцы рэзідэнцыі ўніяцкіх мітрапалітаў была адслужаная Ліцьця за памерлых ярархаў, сьвятароў і вернікаў.
Удзельнікі Пілігрымкі мелі, так сама, магчымасьць ушанаваць часьцінку дрэва Пачэснага Крыжа Гасподняга.

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier