Вялебныя Айцы сьвятаслужыцелі!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
1. У сьвяточныя дні Сьвятой Пасхі Хрыстовай пакланяемся Крыжу і славім Уваскрасеньне Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. Уваскрасеньня нельга аддзяляць ад Крыжа, а Крыжа – ад Уваскрасеньня, бо Ўваскрасеньне Гасподняе – гэта сьвята перамогі над сьмерцю, а Крыж – гэта знак гэтае перамогі.
Сьвяты Ян з Дамаску пісаў:
”Не чымсьці іншым, як толькі Крыжом Госпада нашага Ісуса Хрыста сьмерць была зьнішчаная, грэх прабацькоўскі – ачышчаны, пекла – пазбаўленае сваёй здабычы, і даравана ўваскрасеньне. Менавіта ім вяртаемся мы да першапачатковага шчасьлівага стану, ім адчыненыя брамы раю, праз яго нашая прырода села праваруч Бога і мы зрабіліся дзецьмі Божымі і спадкаемцамі Яго. Усё гэта зроблена Крыжом”.У Крыжы праявілася ўсемагутнасьць Божая. У Крыжы бачым мы ўжо не сьмерць, а перамогу над сьмерцю, Ўваскрасеньне Хрыстовае і знак агульнага ўваскрасеньня ўсіх тых, што вераць у Хрыста. Для нас, хрысьціянаў, гэта знак надзеі і знак жыцьця, і менавіта гэта мы вызнаем, калі ўшаноўваем Крыж Хрыстовы, калі робім знак сьвятога Крыжа, калі носім гэты знак не толькі ў сэрцах, але і яўна на целах нашых.
Такім чынам мы сьведчым, што Ісус Хрыстос – Збаўца і Пераможца сьмерці, Той, Хто ўцелавіўся, прынёс Добрую Вестку – Сьвятое Евангельле, памёр дзеля нас і ўваскрос, каб мы мелі вечнае жыцьцё.