Слава Ісусу Хрысту!

Вітаем Вас на сайце Менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа!
”У Сьвятым Евангельлі сустракаем нямала апісаньняў учынкаў сьв. Язэпа, аднак ніколі не прачытаем ягоных словаў – сапраўды, часамі ўчынкі гавораць больш, чым словы, ды ўвогуле без учынкаў наша вера мёртвая (Як. 2:17). Гэты сайт перадусім пра нашыя чыны і хай яны будуць гэтак жа плённыя, як чыны сьв. Язэпа” – пісаў тут протапрэзьбітар Андрэй Абламейка, былы пробашч парафіі Праведнага Язэпа і першы рэдактар сайта.

Гэты сайт і надалей хоча распавядаць пра розныя праявы жыцьця нашае парафіі: нашыя чыны, праекты, імкненьні і мары. А паколькі Грэка-каталіцкі цэнтр сьвятога Язэпа ўсё больш і больш выпаўняе заданьне інфарматыўнага цэнтра – будзем і надалей тут памяшчаць інфармацыю, што датычыць жыцьця ўсёй Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ды іншых Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.

 

Пошук

Каляндар

 

Навіны


21.01.2009
Мучанікі за веру і еднасьць Царквы
Пасьля падзелу Рэчы Паспалітай і далучэньня беларускіх земляў Расейская дзяржава пасьлядоўна рэалізоўвала ў жыцьцё старую ідэю: чыя ўлада, таго і рэлігія. Расея слушна пабойвалася, што ўніяцтва будзе перашкаджаць русіфікацыі і заняволеньню краю і чалавека. У 1839 годзе цар Мікалай І з дапамогай біскупа-здрадніка Сямашкі і ягоных спадручных ажыцьцявіў ліквідацыю Ўніяцкай Царквы ў Беларусі. Царскі ўрад пазбавіў уніятаў сваіх біскупаў і сьвятароў, якія не згадзіліся праводзіць рэформы, накіраваныя на разрыў еднасьці з Каталіцкай Царквой. Аднак вернікі, пазбаўленыя пастыраў, самі ахвярна баранілі сваю Царкву, сваю Літургію, нярэдка нават коштам уласнага жыцьця.
17.01.2009
VI Сусьветная сустрэча сем’яў. Дзень трэці
Трэці дзень Тэалагічна-Пастаральнага Кангрэса (16 студзеня) распачаўся традыцыйна Літургіяй Слова. Урывак Евангелья паводле сьв. Лукі пра добрага самарытаніна разважаў кардынал Шон Патрык Валлей, арцыбіскуп Бостана.

Пасьля Lectio Divina маленькая мексіканская дзяўчынка Одра разам са сваімі бацькамі выканала гімн сёлетняй сустрэчы сем’яў з такім запалам, што ўся зала падхапіла гімн і сьпявала разам на біс.
17.01.2009
Мексіка: працягваецца VI Сусьветная сустрэча сем’яў
Другі дзень VI Сусьветнай сустрэчы семяў распачаўся літургіяй слова ў зале выставачнага цэнтра «Экспа Банкомер» у Мехіка, дзе адбываюцца ўсе пасяджэньні тэалагічнага-душпастырскага кангрэса. Затым адбылася ўрачыстая працэсія з абразом Маці Божай Гвадэлупскай. Багародзіцу ўдзельнікі сустрэчы прывіталі сьпевам «La Gaudalupa», добра вядомым у Лацінскай Амерыцы.

Прапаведнік Папскага дома а. Раньеро Канталамессо выступіў з дакладам на тэму «Сям’я і сэксуальнасьць», у якім падкрэсьліў пільную неабходнасьць вучыць маладое пакаленьне, як жыць у чыстасьці і захоўваць маральныя каштоўнасьці.
17.01.2009
6-я Сусьветная Сустрэча Сем'яў
14 студзеня разпачалася 6-я Сусьветная Сустрэча Сем'яў (6SSS). Месцам чарговай сустрэчы была выбрана сталіца Мексікі - Мехіко. Тут сабраліся прадстаўнікі розных краінаў, як з Амерыкі, гэтак і з краінаў Еўропы.

Беларусь прадстаўляе на гэтай сустрэчы група вернікаў на чале з Я.Э. кс.бп Антонам Дзям'янкам: а. Пётр Бялевіч, адказны за душпастырства сем'яў у Мінска-магілёўскай дыяцэзіі рыма-каталіцкага Касьцёла на Беларусі, суджэнства Канстацін і Ірына Шмак, малады тэоляг і дзеяч руху Pro life - Вячаслаў Валяховіч, а таксама грэка-каталіцкі сьвятар а. Андрэй Буйніч.
31.12.2008
З Новым годам!
Шчыра віншуем усіх з надыходзячым новым 2009 годам! Жадаем, каб новы год прынёс вам новыя спаўненьні ўсіх вашых пачынаньняў, мараў, малітваў.

І прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў, па звычаі Сваім, у дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць. Яму падалі кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана: «Дух Гасподні на Мне; бо Ён памазаў Мяне зьвеставаць убогім і паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне, сьляпым празарэньне, адпусьціць спакутаваных на свабоду, абвяшчаць год Гасподняга спрыяньня». І загарнуўшы кнігу і аддаўшы слузе, сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць да іх: сёньня спраўдзілася пісаньне гэтае, чутае вамі.
(Лук.4:16-21)
30.12.2008
Парафіяльнае сьвята
Хрыстос нарадзіўся! Яго славім!
Сёлета, мы сьвяткавалі ўспамін нашага заступніка, сьвятога Язэпа, аж два дні, да таго ж упершыню ў сваім Душпастырскім цэнтры.

У першы дзень Перадсьвяцьця, Боскую Літургію ўзначаліў Высокадастойны арцыбіскуп Марцін Відавіч, Апостальскі нунцый у Беларусі ў саслужэньні з нашым Уладыкам архімандрытам Сяргеем Гаекам, Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі. Акрамя таго служылі айцы: ксёндз Ігар Лашук, дэкан Серабранкаўскага рыма-каталіцкага дэканату, протапразьбітар Зьміцер Грышан, дэкан Усходняга грэка-каталіцкага дэканату, айцец Пахом Кавалёў, душпастыр парафіі Сьвятога Духа, айцец Яўген Усошын, душпастыр парафіі сьвятога Міколы Цудатворцы і наш пробашч протапразьбітар Андрэй Абламейка. Літургічная абслуга была на вышыні: панамары і семінарысты спраўляліся і з кадзілам і з чытаньнем Апостала і з дапамогай Уладыкам. Міжпарафіяльны маладзёвы хор ”Прасфара” пад кіраўніцтвам рэгента Марысі Янушкевіч сваімі анёльскімі галасамі стварылі малітоўную атмасфэру. Сярод пачэсных гасьцей прысутнічалі Жогла Алег Міхайлавіч, Глава адміністрацыі Заводскага раёна, Рабіцава Ала Мікалаеўна, начальнік аддзела па справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Мінгарвыканкама, Бараноўская Людміла Мікалаеўна, намесьнік Главы адміністрацыі Заводскага раёна. Пасьля Літургіі хлопцы з фальклёрнага гурта ”Рада” дадалі урачыстасьці нашаму сьвяту і засьпявалі калядкі. Такім быў першы дзень.
25.12.2008
Раство
Сьвяткаваньні Раства Хрыстова ў нашым Цэнтры пачаліся а 10:00 Боскай літургіяй, якую служыў айцец Андрэй Абламейка.

У 12:00, як было заплянавана, мы ўсе выйшлі на вуліцу, дзе нас спачатку сустрэла сучасная маладзёвая “тусоўка”, але старэйшыя хутка паказалі, што гэта такое сапраўдныя традыцыйныя калядоўшчыкі – Калядная зорка, каза, мядзьведзь, конь, цыганы і нашы калядкі… Накалядаваўшыся і насьпяваўшыся, мы, радасныя, падняліся на другі паверх у бібліятэку, і там дзеці паказалі сапраўдную Эвангельскую гісторыю Раства нашага Збаўцы, Ісуса Хрыста.
25.12.2008
Перадсьвяцьце Раства Хрыстовага
У нашым Цэнтры першы раз мы сабраліся на перадсьвяцьце Раства Хрыстовага. Узначаліў Службу Апостальскі візітатар архімандрыт Сяргей Гаек, у саслужэньні айца Андрэя Абламейкі і айца Яўгена Усошына. Пасьля Боскай літургіі Базыля Вялікага палучанай зь вячэрняй Уладыка пасьвяціў фігурку Дзіцятка Ісуса. Затым ўсе сьвятары, панамары і людзі выйшлі ўрачастай працэсіяй ад алтара на вуліцу да Батлеемскіх ясьляў і пад сьпеў калядак уклалі фігурку Дзіцятка Ісуса на сена. Куцьця ў гэтым годзе атрымалася на дзіва смачнай, а усьмешкі на тварах дзяцей і моладзі сьведчылі пра тое, што навіна, якой больш, як 2000 гадоў для нас застаецца штораз новай – ”Нова радасьць стала… Хрыстос нарадзіўся! Яго славім!

Больш фота глядзіце ў нашай фотагалерэі.
24.12.2008
Пастырскае Слова
Пастырскае Слова
Апостальскага Візітатара “ad nutum Sanctae Sedis” для грэка-католікаў Беларусі
на сьвята Раства Хрыстовага 2008 году
і на Новы 2009 Год Гасподні


Вялебныя Айцы!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
24.12.2008
Дні памяці і малітвы за Беларусь і беларусаў у Італіі
19 сьнежня 2008 г. прайшло 6 месяцаў ад моманту Сустрэчы Дзяржсакратара Яго Сьвятасьці Папы Бенядыкта XVI, Кардынала Тарчызіё Бэртонэ, з Супольнасьцю Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў нашым Душпастырскім Цэнтры сьвятога Язэпа.

У духу падзякі за гэтую вялікую падзею Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) зьдзейсьніў кароткую пілігрымку у Рым.

18 сьнежня 2008 г. ён маліўся ў Базыліцы сьв. Пятра ў Ватыкане, пры мошчах сьвятога Вярхоўнага Апостала Пятра, пры мошчах сьв. Сьвятамучаніка Язафата Полацкага і пры магіле Слугі Божага Папы Яна Паўла ІІ-га. У той жа дзень Апостальскі Візітатар меў сустрэчу з Кіраўніцтвам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў у Ватыкане.

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier