Слава Ісусу Хрысту!

Вітаем Вас на сайце Менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа!
”У Сьвятым Евангельлі сустракаем нямала апісаньняў учынкаў сьв. Язэпа, аднак ніколі не прачытаем ягоных словаў – сапраўды, часамі ўчынкі гавораць больш, чым словы, ды ўвогуле без учынкаў наша вера мёртвая (Як. 2:17). Гэты сайт перадусім пра нашыя чыны і хай яны будуць гэтак жа плённыя, як чыны сьв. Язэпа” – пісаў тут протапрэзьбітар Андрэй Абламейка, былы пробашч парафіі Праведнага Язэпа і першы рэдактар сайта.

Гэты сайт і надалей хоча распавядаць пра розныя праявы жыцьця нашае парафіі: нашыя чыны, праекты, імкненьні і мары. А паколькі Грэка-каталіцкі цэнтр сьвятога Язэпа ўсё больш і больш выпаўняе заданьне інфарматыўнага цэнтра – будзем і надалей тут памяшчаць інфармацыю, што датычыць жыцьця ўсёй Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ды іншых Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.

 

Пошук

Каляндар

 

Навіны


25.12.2008
Раство
Сьвяткаваньні Раства Хрыстова ў нашым Цэнтры пачаліся а 10:00 Боскай літургіяй, якую служыў айцец Андрэй Абламейка.

У 12:00, як было заплянавана, мы ўсе выйшлі на вуліцу, дзе нас спачатку сустрэла сучасная маладзёвая “тусоўка”, але старэйшыя хутка паказалі, што гэта такое сапраўдныя традыцыйныя калядоўшчыкі – Калядная зорка, каза, мядзьведзь, конь, цыганы і нашы калядкі… Накалядаваўшыся і насьпяваўшыся, мы, радасныя, падняліся на другі паверх у бібліятэку, і там дзеці паказалі сапраўдную Эвангельскую гісторыю Раства нашага Збаўцы, Ісуса Хрыста.
25.12.2008
Перадсьвяцьце Раства Хрыстовага
У нашым Цэнтры першы раз мы сабраліся на перадсьвяцьце Раства Хрыстовага. Узначаліў Службу Апостальскі візітатар архімандрыт Сяргей Гаек, у саслужэньні айца Андрэя Абламейкі і айца Яўгена Усошына. Пасьля Боскай літургіі Базыля Вялікага палучанай зь вячэрняй Уладыка пасьвяціў фігурку Дзіцятка Ісуса. Затым ўсе сьвятары, панамары і людзі выйшлі ўрачастай працэсіяй ад алтара на вуліцу да Батлеемскіх ясьляў і пад сьпеў калядак уклалі фігурку Дзіцятка Ісуса на сена. Куцьця ў гэтым годзе атрымалася на дзіва смачнай, а усьмешкі на тварах дзяцей і моладзі сьведчылі пра тое, што навіна, якой больш, як 2000 гадоў для нас застаецца штораз новай – ”Нова радасьць стала… Хрыстос нарадзіўся! Яго славім!

Больш фота глядзіце ў нашай фотагалерэі.
24.12.2008
Пастырскае Слова
Пастырскае Слова
Апостальскага Візітатара “ad nutum Sanctae Sedis” для грэка-католікаў Беларусі
на сьвята Раства Хрыстовага 2008 году
і на Новы 2009 Год Гасподні


Вялебныя Айцы!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
24.12.2008
Дні памяці і малітвы за Беларусь і беларусаў у Італіі
19 сьнежня 2008 г. прайшло 6 месяцаў ад моманту Сустрэчы Дзяржсакратара Яго Сьвятасьці Папы Бенядыкта XVI, Кардынала Тарчызіё Бэртонэ, з Супольнасьцю Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў нашым Душпастырскім Цэнтры сьвятога Язэпа.

У духу падзякі за гэтую вялікую падзею Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) зьдзейсьніў кароткую пілігрымку у Рым.

18 сьнежня 2008 г. ён маліўся ў Базыліцы сьв. Пятра ў Ватыкане, пры мошчах сьвятога Вярхоўнага Апостала Пятра, пры мошчах сьв. Сьвятамучаніка Язафата Полацкага і пры магіле Слугі Божага Папы Яна Паўла ІІ-га. У той жа дзень Апостальскі Візітатар меў сустрэчу з Кіраўніцтвам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў у Ватыкане.
21.12.2008
Парафіяльнае сьвята
Цэнтр Сьвятога Язэпа, Капліца Усіх Сьвятых Беларускіх

Расклад сьвяткаваньняў з нагоды парафіяльнага сьвята парафіі Сьвятога Язэпа:

27.12.2008
12:00 – перадсьвяцьце парафіяльнага сьвята:
Сьвяточная працэсія, Літургія сьв.Яна Златавуснага, узначальваюць Апостальскі Нунцый у Беларусі Найдаст. Архібіскуп Марцін Відавіч і Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Архім. Сяргей у саслужэньні сьвятароў бізантыйскага і лацінскага абрадаў

14:00 – сьвяточны абед для сьвятароў

28.12.2008 – парафіяльнае Сьвята
09:00 – Ютрань
10:00 – Літургія сьв.Яна Златавуснага
12:00 – Сьвяточны канцэрт
13:00 – Братэрская агапа для ўсіх парафіянаў
21.12.2008
Раство Хрыстовае
Расклад сьвяткаваньняў з нагоды сьвята Раства Хрыстовага:

Цэнтр Сьвятога Язэпа, Капліца Усіх Сьвятых Беларускіх

24.12.2008
18:30 – перадсьвяцьце Раства Хрыстовага:
Сьвяточная працэсія, Літургія сьв.Васіля Вялікага з Вячэрняй
20:00 – Куцьця:
Братэрская агапа 12-і страваў
21:00 – Калядкі

25.12.2008
10:00 – сьвята Раства Хрыстовага:
Літургія сьв.Яна Златавуснага
12:00 – Дзіцячае сьвята:
Калядкі каля Батлеема і Каляднай елачкі на вуліцы; Калядная містэрыя, віктарыны, батлейка, Сьвяты Мікола з падарункамі ў бібліятэцы; сьвяточны ”салодкі” стол у залі ”Эмаўс”

26.12.2008
09:00 – 2-і дзень сьвята Раства Хрыстовага, Сабор Найсьвятой Багародзіцы:
Літургія сьв.Яна Златавуснага

Касьцёл сьв. Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл)

24 сьнежня - 21.00 Боская Літургія
25 сьнежня - 11.00 Боская Літургія
26 сьнежня - 19.00 Боская Літургія
21.12.2008
Бэтлеемскае Сьвятло Супакою
Бэтлеемскае сьвятло – гэта перш за ўсё сімвал жыцьця. Пра гэта выразна напісаў сьвяты Евангеліст Ян: “Бог ёсьць сьвятло, і няма ў ім ніякае цемры” (1 Ян 1.8). Сын Божы прыйшоў на сьвет, каб збавіць яго ад цемры граху, і абдарыць асьвячаючай ласкай – сьвятлом жыцьця. У Хросьце новаахрышчанаму падаецца запаленая сьвечка – сімвал новага жыцьця, якім абдароўвае кожнага з нас Ісус Хрыстос.

Прыйсьце Хрыста ў сьвет таксама суправаджае сьвятло. Першымі яго пабачылі пастухі, якія чувалі каля сваіх статкаў: “Раптам зьявіўся ім анёл Гасподні, і слава Гасподняя апраменіла іх; і спалохаліся страхам вялікім. І сказаў ім анёл: ня бойцеся; я абвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям...” (Лк 2.9-10).
20.12.2008
Памяці Ніны Мацяш
19 сьнежня адышла ў вечнасьць Ніна Мацяш, чалавек сьветлай, прыгожай душы, шчырая беларуска, сяброўка нашай Царквы. Усемагутны Госпад даў ёй вялікія выпрабаваньні, якія яна з годнасьцю вытрывала і вялікі талент, які яна рэалізавала напоўніцу. Творы яе, напоўненыя незвычайнай цеплынёй і любоўю сагравалі душы многіх беларусаў, змушалі задумацца над сваім жыцьцём, вучылі шанаваць і любіць сваю зямлю, сваю мову, Бога.

Вечная памяць!
19.12.2008
Сёньня роўна паўгады ад візіту Яго Эмінэнцыі кардынала Тарчызіо Бэртонэ
Сёньня роўна паўгады ад візіту Яго Эмінэнцыі кардынала Тарчызіо Бэртонэ, які тады асьвяціў наш Душпастырскі цэнтр. З гэтай нагоды ў Цэнтры сьв. Язэпа наш пробашч, айцец Андрэй Абламейка, адслужыў асаблівы ўдзячны малебен за Сьвятога Айца Бенядыкта ХVІ, Ягонага Дзяржаўнага Сакратара кардынала Тарчызіо Бэртонэ і Ягонага Нунцыя ў Беларусі архібіскупа Марціна Відавіча.

Акрамя таго, сёньня пачалася Дзевятніца – духовая падрыхтоўка да патранальнага сьвята нашай парафіі, таму была адслужана першая частка Акафіста Сьвятому і Праведнаму Язэпу Абручніку Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. На працягу дзевяці дзён будзе брацца адна частка Акафіста і малітва да сьв.Язэпа.
19.12.2008
Рэкалекцыі: дзень другі
Учора ў нашай парафіі скончыліся рэкалекцыі, якія праводзіў а. Андрэй Сідаровіч. Мы прайшлі разам са старазапаветным Абргамам ягоным шляхам веры да спаўненьня абяцаньняў Гасподніх. Пасьля Эўхарыстыі а. Андрэй удзяліў усім прысутным асаблівае блаславеньне. На заканчэньне рэкалекцыяў удзельнікі сабраліся разам на братэрскую агапу.

Сёньня, 19 сьнежня, пачынаюцца рэкалекцыі для парафіяў Маці Божай Нястомнай Дапамогі і Сьвятога Духа, якія правядзе а. Пахом Кавалёў. Пачатак у 18:30 у дольнай капліцы касьцёла сьвв. Сымона і Алены.

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier