Слава Ісусу Хрысту!

Вітаем Вас на сайце Менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа!
”У Сьвятым Евангельлі сустракаем нямала апісаньняў учынкаў сьв. Язэпа, аднак ніколі не прачытаем ягоных словаў – сапраўды, часамі ўчынкі гавораць больш, чым словы, ды ўвогуле без учынкаў наша вера мёртвая (Як. 2:17). Гэты сайт перадусім пра нашыя чыны і хай яны будуць гэтак жа плённыя, як чыны сьв. Язэпа” – пісаў тут протапрэзьбітар Андрэй Абламейка, былы пробашч парафіі Праведнага Язэпа і першы рэдактар сайта.

Гэты сайт і надалей хоча распавядаць пра розныя праявы жыцьця нашае парафіі: нашыя чыны, праекты, імкненьні і мары. А паколькі Грэка-каталіцкі цэнтр сьвятога Язэпа ўсё больш і больш выпаўняе заданьне інфарматыўнага цэнтра – будзем і надалей тут памяшчаць інфармацыю, што датычыць жыцьця ўсёй Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ды іншых Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.

 

Пошук

Каляндар

 

Навіны


12.07.2009
XV грэка-каталіцкая пілігрымка
Дзень малітвы за БГКЦ


“ПРЫЙДЗІЦЕ, ПАКЛОНІМСЯ І ПРЫПАДЗЕМ ДА ХРЫСТА”
Субота, 11 ліпеня, у праграме Пілігрымкі быў Днём малітвы за БГКЦ, за пакліканьні да сьвятарства і манаскага жыцьця.

Ранішнюю Боскую Літургію ў Гаранах узначаліў а. Алесь Шыбека з Віцебска, а казаньне прамовіў а. Васіль Ягораў з Магілёва.

У 13:00 гадз. Пілігрымка дайшла да Струньні, дзе ля Крыжа, што стаіць на месцы рэзідэнцыі ўніяцкіх мітрапалітаў была адслужаная Ліцьця за памерлых ярархаў, сьвятароў і вернікаў.
Удзельнікі Пілігрымкі мелі, так сама, магчымасьць ушанаваць часьцінку дрэва Пачэснага Крыжа Гасподняга.
10.07.2009
XV грэка-каталіцкая пілігрымка
Дзень малітвы за моладзь

МОЛАДЗЬ БЕЛАРУСІ КОЖНЫ ДЗЕНЬ МАЕ ПАТРЭБУ Ў ЕВАНГЕЛЬЛІ
Пятніца, 10 ліпеня, у праграме Пілігрымкі – гэта Дзень малітвы за моладзь Беларусі.

Ранішнюю Боскую Літургію ў рыма-каталіцкай капліцы ў Обалі ўзначаліў менскі душпастыр а. Яўген Усошын, а казаньне прамовіў душпастыр парафіі сьвятамучаніка Язафата ў Полацку а. Аляксандр Шаўцоў.

Сёлетняя пілігрымка Віцебск-Полацак ёсьць юбілейнай, 15-ай.
Яна распачалася ў 1995 годзе намаганьнямі манахаў Полацкага Барысаглебскага манастыра, і з цягам часу з мясцовай душпастырскай ініцыятывы перарасла ў агульнацаркоўную пілігрымку БГКЦ.
9.07.2009
Пра Пілігрымку размаўляем з ераманахам Лявонціем

СУПОЛЬНАСЬЦЬ  ДОСЬВЕДУ ВЕРЫ
-- Пілігрымка - гэта час, калі ў кантэксьце малітвы мы можам задумацца над мінулым і сённьняшнім днём Царквы. Бягучы год багаты на юбілеі, значныя гістарычныя даты, якія адыгралі важную ролю ў жыцьці народа і Царквы. Якія з іх вы, Ойча, хацелі б асабліва адзначыць?

Гістарычныя даты, якія мы сёлета сьвяткуем – гэта так званы Полацкі ”сабор” 1839 году, на якім была забароненая Грэка-Каталіцкая (Уніяцкая) Царква ў Беларусі.
Гэтыя ўгодкі зьяўляюцца сумнай датай ня толькі для грэка-католікаў, але і для ўсіх беларусаў, паколькі скасаваньне Ўніяцкай Царквы ў Беларусі сталася адным з этапаў зьнішчэньня беларускай нацыянальнай і культурнай традыцыяў пасьля анэксіі беларускіх земляў Расійскай імперыяй. Зразумела, што мы павінны мець адвагу выказаць словы прабачэньня тым, хто спрычыніўся да гэтай трагедыі ў гісторыі нашага народа. Сёньня, калі хрысьціянскія Цэрквы маюць магчымасьць у новы спосаб будаваць адносіны, лічым важным лекаваньне нашых гістарычных ранаў, каб магчы супольна будаваць хрысьцяінскую будучыню Беларусі.
9.07.2009
XV грэка-каталіцкая пілігрымка

ЦАРКВА – МЕСЦА СЛУЖЭНЬНЯ І АДКАЗНАСЬЦІ
Чацьвер, 9 ліпеня, у праграме Пілігрымкі быў Днём малітвы за сьвятароў і семінарыстаў.
Раніцай у капліцы Маці Божай Фацімскай і сьв. Язафата ў Шуміліна была адслужаная Боская Літургія, якую ўзначаліў Протапрэзьбітар Усходняга дэканата а. Зьміцер Грышан, а казаньне пра “Крыж Хрыста – знак любові” прамовіў менскі душпастыр а. Яўген Усошын.

“Сёлета, калі ў Каталіцкай Царкве сьвяткуецца Год Сьвятарства, уласна пілігрымка дае нам магчымасьць ацаніць важнасьць для Царквы “службовага” сьвятарства. Адначасова, яна немагчымая без чыннага ўдзелу сьвецкіх вернікаў, і нагадвае ўсім нам пра агульнае пакліканьне да “царскага сьвятарства” і пра важнасьць служэньня і адказнасьці ў Царкве для кожнага хрысьціяніна” – сказаў а. Лявонцій у размове пра Пілігрымку.
8.07.2009
XV грэка-каталіцкая пілігрымка

ПРАВЕДНЫ ЯЗЭП – МАЛІТОЎНЫ ЗАСТУПНІК СЕМ’ЯЎ
Серада, 8 ліпеня, першы дзень XV грэка-каталіцкай пілігрымкі, быў Днём малітвы за сем’і Беларусі.

Пасьля доўгага шляху ў 40 кіламетраў, які мужна прайшлі пілігрымы з Віцебска, у Шуміліне іх гасьцінна сустракалі манахі–місіянеры Аблаты Беззаганнай Дзевы Марыі.
У рыма-каталіцкай капліцы Маці Божай Фацімскай і сьв. Язафата ў 18:30 была адслужаная Боская Літургія, якую ўзначаліў менскі душпастыр а. Пахом (Кавалёў).

У казаньні ён нагадаў, што cем’і Беларусі вельмі патрабуюць малітвы хрысьціянскіх Цэркваў.
Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква рупліва моліцца і нястомна клапоціцца, каб усе сем’і Беларусі былі школамі любові да Бацькаўшчыны, да роднай мовы і культуры.
7.07.2009
XV грэка-каталіцкая пілігрымка

МАЛІТВАМІ І ЗАСТУПНІЦТВАМ БАГАРОДЗІЦЫ
Перад Іконай Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якая зьяўляецца іконай Маці Божай Балеснай, у Душпастырскім цэнтры па зав. Сьнежным у Менску маліліся сёньня ўвечары менскія вернікі, вырушаючы ў Віцебск. У малітве ўдзельнічалі таксама і тыя, хто захацеў далучыцца да Пілігрымкі духова.
Боскую Літургію ўзначаліў Архімандрыт Сяргей (Гаек) у саслужэньні а. Пахома (Кавалёва), які таксама адправіўся ў Пілігрымку.

“Госпадзе, зрабі простым наш шлях...,
кіруй нашымі крокамі,
малітвамі і заступніцтвам усяслаўнае Багародзіцы
і заўсёды Дзевы Марыі”

- прачытаў малітву Архімандрыт.
6.07.2009
Біскупская хіратонія Ўладыкі Крыштафа Ніткевіча
Біскупская хіратонія Ўладыкі Крыштафа Ніткевіча адбылася ў горадзе Сандомір (Sandomierz) у Польшчы 4 ліпеня 2009 году.

Хіратонію ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Польшчы архібіскуп Юзэф Кавальчык у саслужэньні Мітрапаліта Гданьскага архібіскупа Славоя Лешэка Глудзя і Мітрапаліта Люблінскага архібіскупа Юзэфа Жыцінскага, а таксама Мітрапаліта Шчэцінскага архібіскупа Андрэя Дзенгі і Архібіскупа Кірыла (Васіля), Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.
На хіратоніі прысутнічалі 38 ярархаў, сярод якіх Мітрапаліт Пярэмыска-Варшаўскі УГКЦ Уладыка Ян (Мартыняк) і Мітрапаліт Прэшаўскі Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы Ўладыка Ян (Бабяк).

З Беларусі на хіратонію прыбылі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар БГКЦ.
4.07.2009
XV штогадовая грэка-каталіцкая пілігрымка
Віцебск – Полацак: 7 – 12 ліпеня 2009


”КРЫЖ ХРЫСТА – ЗНАК ЛЮБОВІ”
З 7 па 12 ліпеня 2009 г. пройдзе XV штогадовая грэка-каталіцкая Пілігрымка з Віцебску ў Полацак.

У гэтым годзе Пілігрымка праходзіць пад дэвізам “Крыж Хрыста – знак любові”.

Пілігрымка, што пачалася 15 год таму, для ушанаваньня памяці 5-ці Полацкіх пакутнікаў - базылянскіх манахаў забітых у 1705 году, кожны год праходзіць пакутніцкі шлях сьв. Святамучаніка Язафата і Полацкіх пакутнікаў.
Кожны год Пілігрымка атрымлівае новы дэвіз, які ўпісваецца ў душпастырскую праграму Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы дадзенага году.
Кожны – хрысьціянін, чалавек, які шукае Бога, які любіць сваю Бацькаўшчыну Беларусь, можа далучыцца да Пілігрымкі і прайсьці гэты шлях у супольнай малітве і любові.
Кантакт: а. Андрэй Буйніч (029)566.24.14 (МТС), (044)776.24.14 (VEL)
Адказны за Пілігрымку: а. Протапрэзьбітар Зьміцер Грышан (029) 210.80.95 (МТС), (029) 675.29.97(VEL)
3.07.2009
МАЛІТВА ЗА БАЦЬКАЎШЧЫНУ
3 ліпеня раніцай – у 8:00 гадз. грэка-католікі Менска далучыліся да міжканфесійнай ініцыятывы малітвы за Бацькаўшчыну - у салідарнасьці з братамі рыма-католікамі, праваслаўнымі ды пратэстантамі.

Набажэнства, якое праходзіла ў Душпастырскм цэнтры Маці Божай Нястомнай Дапамогі, што на зав. Сьнежным, 7, узначаліў Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Архімандрыт Сяргей (Гаек) у саслужэньні душпастыраў менскіх парафіяў ды а. Андрэя Буйніча з Ліды.
3.07.2009
Разам перад Іконай Маці Божай Будслаўскай
Грэка-каталікі на фэсьце ў Будславе

З 1 па 2 ліпеня ў Будславе адбылося агульнабеларускае сьвята іконы Маці Божай Будслаўскай. З розных куткоў Беларусі ў Будслаў прыбыло некалькі тысяч пілігрымаў.
Па традыцыі, да сьвяткаваньня далучыліся і вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Дзякуючы ахвярнасьці семінарыстаў БГКЦ і с. Вікторыі, падчас сьвята працаваў інфармацыйны намёт БГКЦ, у якім можна было атрымаць зьвесткі пра гісторыю і дзейнасьць Царквы, набыць рэлігійную літаратуру, памятныя іконкі, значкі.

Увечары 1 ліпеня быў адслужаны акафіст да Найсьвятой Багародзіцы, які сёлета падрыхтаваў мінскі маладзёвы міжпарафіяльны хор “Прасфара”. Далучыцца да сьпеву маглі ўсе прысутныя.

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier