Слава Ісусу Хрысту!

Вітаем Вас на сайце Менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа!
”У Сьвятым Евангельлі сустракаем нямала апісаньняў учынкаў сьв. Язэпа, аднак ніколі не прачытаем ягоных словаў – сапраўды, часамі ўчынкі гавораць больш, чым словы, ды ўвогуле без учынкаў наша вера мёртвая (Як. 2:17). Гэты сайт перадусім пра нашыя чыны і хай яны будуць гэтак жа плённыя, як чыны сьв. Язэпа” – пісаў тут протапрэзьбітар Андрэй Абламейка, былы пробашч парафіі Праведнага Язэпа і першы рэдактар сайта.

Гэты сайт і надалей хоча распавядаць пра розныя праявы жыцьця нашае парафіі: нашыя чыны, праекты, імкненьні і мары. А паколькі Грэка-каталіцкі цэнтр сьвятога Язэпа ўсё больш і больш выпаўняе заданьне інфарматыўнага цэнтра – будзем і надалей тут памяшчаць інфармацыю, што датычыць жыцьця ўсёй Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ды іншых Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.

 

Пошук

Каляндар

 
аўторак
КРАСАВІКА
Сёньняшняе чытаньне:

Навіны


10.07.2015
1200-годдзе нараджэння св. Мятода, Апостала СлавянаўХХІ грэка-каталіцкая пілігрымка – шлях асэнсавання спадчыны Апостолаў Славянаў, святых Кірыла і Мятода

У гэтым годзе грэка-католікі Беларусі ў асаблівы спосаб адзначаюць 1200-гадовы юбілей нараджэння св. Мятода Салунскага, які разам з братам Канстанцінам-Кірылам сталі Апосталамі Славянаў.
У святкаванні гэтага юбілею ўпісваецца і ХХІ грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацк 2015.
Яна дапаўняе шэраг душпастырскіх мерапрыемстваў, якія на працягу гэтага году праходзяць у парафіях Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Усе гэтыя мерапрыемствы дапамагаюць асэнсаваць спадчыну Апостолаў Славянаў, святых Кірыла і Мятода. Яны з’яўляюцца таксама добрай нагодай паглыбіць сувязі духовай салідарнасці з вернікамі Цэркваў, дзе традыцыя святых Кірыла і Мятода старажытная і асабліва жывая – у Славакіі, Чэхіі, Балгарыі, Македоніі, у грэка-каталіцкіх епархіях Мукачыўскай і Перамышльскай.
9.07.2015
“Сведчыць Евангелле міру і братэрства паміж вернікамі розных традыцый”На шляху ХХІ грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск – Полацк, 2015

У сераду, 8 ліпеня 2015 г., метай ІІ-га дня ХХІ грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск – Полацк было Шуміліна. У мясцовым рыма-каталіцкім храме пілігрымаў сардэчна і гасцінна прынялі Айцы Місіянеры – Аблаты Бяззаганнай Дзевы Марыі – душпастыры мясцовай парафіі разам з вернікамі.

Боскую Літургію ў гэты дзень узначаліў архім. Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар БГКЦ. У гаміліі ён звярнуў увагу, што духовы подзвіг пілігрымаў – гэта каштоўная форма супольнага сведчання аб Евангеліі Ісуса Хрыста.
9.07.2015
Паведамленне Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы БеларусьАпостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь паведамляе, што Яго Святасць Папа Францішак у рамках перыядычных перастановак, прадугледжаных для дыпламатычнага персанала Святога Пасаду, скіраваў шаноўнага мансеньёра Філіппо Чампанэллі (Filippo Ciampanelli), да гэтага часу сакратара Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь, на службу ў Дзяржаўны Сакратарыят Яго Святасці і прызначыў шаноўнага мансеньёра Марынко Антоловіча (Marinko Antolović) сакратаром Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь.

Апостальскі Нунцый выражае шаноўнаму мансеньёру Філіппо Чампанэллі шчырую падзяку за самаадданую службу ў Беларусі, прасякнутую духам адданасці Святому Пасаду і любові да Каталіцкага Касцёла, і жадае поспехаў на новай пасадзе.

Апостальскі Нунцый шчыра вітае мансеньёра Марынко Антоловіча ў Беларусі і жадае плённай працы ў дыпламатычным прадстаўніцтве Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь.
7.07.2015
Пачалася ХХІ грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацк 2015У аўторак, 7 ліпеня 2015 г. раніцай пачалася ХХІ грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацк.
Боскую Літургію у грэка-каталіцкім храме Уваскрасення Хрыстовага ў Віцебску ўзначаліў протапрэзбітар Усходняга дэканата а. Зміцер Грышан у саслужэнні а. Аляксандра Шаўцова з Полацка і а. Андрэя Крата з Гродна.


На шлях пілігрымкі выйшла з Віцебска больш за 40 асобаў. Наступныя пілігрымы далучацца ўжо па дарозе.

ХХІ грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацк упісваецца ў святкаванне 1200-годдзя ад нараджэння святога Мятода Салунскага. Таму святыя Салунскія Браты Кірыл і Мятод – Настаўнікі славянаў абраныя Апякунамі гэтай пілігрымкі. Пад іх апекай пілігрымы пройдуць традыцыйны шлях духовага подзвігу за 5 дзён: ад аўторка да суботы.

Дэвіз пілігрымкі гучыць: “Люблю прыказанні Твае, Госпадзе!" (Пс. 119:159), і яна будзе нагодай глыбей асэнсаваць Божыя прыказанні (запаведзі). Гэтай тэме будуць прысвячаныя штодзённыя катэхезы.
6.07.2015
Святыя Кірыл і Мятод – Апекуны ХХІ грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск – Полацк, 2015 ХХІ грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацк упісваецца ў святкаванне 1200-годдзя ад нараджэння святога Мятода Салунскага. Таму святыя Салунскія Браты Кірыл і Мятод – Настаўнікі славянаў абраныя Апекунамі гэтай пілігрымкі з Віцебска ў Полацк, якая праходзіць ад 7 да 12 ліпеня.

“Славянскія народы да сённяшняга часу кормяцца духовай спадчынай Слова Божага, якое на роднай мове таго часу – у ІХ ст. прынеслі славянам святыя браты Кірыл і Мятод. Таму пілігрымка ў гэтым годзе будзе часам малітвы аб сапраўдным братэрстве сярод славянаў, братэрстве, якое базуецца на Слове Божым. Канечне Слова Божае будзем чытаць і разважаць на нашай сённяшняй роднай мове – беларускай” – сказаў Андрэй, адказны за рэгістрацыю пілігрымаў.

Пілігрымаў будзе суправаджаць адмыслова напісаная і асвячаная Ікона святых Кірыла і Мятода – Настаўнікаў славянскіх.
4.07.2015
 Спяваем абодвума лёгкімі — грэка-католікі прымаюць чынны ўдзел у будслаўскім свяцеУсходняя і заходняя хрысціянскія традыцыі – лёгкія, якімі дыхае хрысціянская Еўропа, Касцёл, а разам з Паўсюдным Касцёлам і ўвесь свет, неаднаразова казаў Папа Ян Павел ІІ.

Таму Каталіцкі Касцёл у Беларусі дыхае поўнымі грудзьмі, пра што сведчыць дзейнасць Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам - хоць яшчэ і не надта вялікай, але вельмі актыўнай.

Таксама і ў Будславе рыма- і грэка-католікі разам ідуць да Маці Божай, разам удзельнічаюць у літургіях, спяваюць, ладзяць розныя забавы і іншыя мерапрыемствы.
29.06.2015
Свята грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў МінскуУ нядзелю, 28 чэрвеня 2015 г. мінская грэка-каталіцкая парафія Маці Божай Нястомнай адсвяткавала парафіяльнае свята.

З нагоды ўрачыстасці прыміцыйную Літургію ў гэты дзень адслужыў а. Аляксей Філіпенка, які атрымаў святарскія свячанні 14 чэрвеня 2015 г.

Шматгадовы вернік гэтай парафіі, а. Аляксей дзякаваў Госпаду і Божай Маці за дар служэння, для якога яго абраў Божы Провід, а таксама прымаў віншаванні ад вернікаў, з якімі ён духоўна ўзрастаў на працягу многіх гадоў сваёй прысутнасці ў Царкве.
26.06.2015
Аўтобусная пілігрымка “Go2God” Мінск-Полацк-Мінск : 11-12 ліпеня 2015Цэнтр пілігрымак "Бліжэй да Бога"(“Go2God”) запрашае далучыцца да XXI грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск – Полацк
“Люблю прыказанні Твае, Госпадзе!" (Пс. 119:159)

Мы прапануем месцы ў мікрабусе і легкавых аўто. Кошт пілігрымкі 300 тысяч BYR (50 тысяч перадаплаты); у кошт уваходзіць дарога, начлег і харчаванне ў паходнай кухні пілігрымкі.

Біблію і Ружанец захапіце ў дарогу!
25.06.2015
“Люблю прыказанні Твае, Госпадзе!"XXI грэка-каталіцкая пілігрымкі Віцебск – Полацк: 7-12 ліпеня 2015 г.

Заахвочваем да рэгістрацыі

1. Электронную рэгістрацыю можна зрабіць тут

2. Рэгістрацыю можна зрабіць таксама ў грэка-каталіцкіх парафіях.

3. Можна патэлефанаваць на нумар: (29) 88.99.550 МТС (Андрэй)
25.06.2015
27 чэрвеня – памяць Блаславёнага святамучаніка МікалаяПамяць Уладыкі Мікалая (Чарнецкага) – рэдэмптарыста, адзначаецца 27 чэрвеня.

У міжваенны час Уладыка Мікалай быў Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў, што жылі ў Заходняй Беларусі.

Падчас Святой Архіярэйскай Літургіі 27 чэрвеня 2001 г. у Львове Папа – святы Ян Павел II – абвясціў святамучаніка Мікалая блаславёным.

У дзень ушанавання святамучаніка Мікалая беларускія грэка-католікі моляцца асабліва за святаслужыцеляў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier