Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Катэхізіс УГКЦ — цікавае чытаньне для ўсіх
Катэхізіс УГКЦ — цікавае чытаньне для ўсіх31.08.2011. |
|
Аднак, напрошваецца пытаньне, навошта патрэбны яшчэ й грэка-каталіцкі катэхізіс, бо ўжо ж існуе Катэхізіс Каталіцкай Царквы, які выказвае веру ўсіх каталікоў? Сапраўды, нічога «новага» у новым катэхізме няма, ды і быць не можа, аднак жа ў ім выкладзены погляд на тую ж самую веру, з пункту гледжаньня ўсходняй багаслоўскай традыцыі. Два катэхізіса Перш чым мы прыгледзімся да Катэхізіса УГКЦ, каб выявіць яго асаблівасці, я хацеў бы зьвярнуць ўвагу на два ўжо існуючых і даволі вядомых катэхізіса. Першы катэхізіс - гэта Катэхізіс Каталіцкай Царквы, які быў зацверджаны Вялікім Папам Янам Паўлам II у 1992 годзе, і Катэхізіс Праваслаўнай Царквы - «Жывы Бог» (складзены групай праваслаўных хрысціян у Францыі). Навошта тут прыгадваць пра іх? Не ідзе мова цяпер пра розніцы ў дагматычным вучэньні, але хочацца зьвярнуць увагу на метадалагічны аспект гэтых двух дакументаў. Паколькі катэхізіс заўсёды носіць педагагічны характар і «павінен дакладна і упарадкавана прадстаўляць выкладаньне Сьвятога Пісаньня, жывога Паданьня ў Царкве і аўтэнтычнага Настаўніцтва» (Апостальская канстытуцыя Fidei depositum, ККЦ, с. 8), то і яго структура заўсёды выбіралася складальнікамі вельмі старанна. У выпадку Катэхізіса Каталіцкай Царквы, Ян Павел II падкрэслівае, што ў ім мае месца "традыцыйны парадак, які ужо выкарыстоўваўся ў Катэхізісе св. Пія V, з падзелам зьместу на чатыры часткі: Вызнанне веры (Credo); святая літургія, з асаблівым вылучэннем святых тайнаў (сакрамантаў); прынцыпы хрысціянскага ладу жыцця, выкладзеныя на аснове запаведзяў, і, нарэшце, хрысціянская малітва» (Апостальская канстытуцыя Fidei depositum, ККЦ, с. 8). Праваслаўны катэхізіс «Жывы Бог» мае зусім іншую структуру, больш, калі можна так выказацца, «эластычную». Хрысціянскае вучэнне выкладзена ў ім у кантэксце ўсёй Гісторыі Збаўлення і асаблівых момантаў з зямнога жыцця Збаўцы, якія з'яўляюцца адначасова царкоўнымі святамі. Такі падыход падаецца вельмі ўдалым і дазваляе ўтрымаць у цэнтры ўвагі самыя галоўныя ў хрысціянстве тэмы. Гэта дазваляе быць катэхізісу хрыстацэнтрычным, канцэнтравацца на Гісторыі Збаўлення, якая знаходзіцца ў Сьвятым Пісаньні, і разам з гэтым ўводзіць нас у практыку духоўнага жыцця праз канкрэтнае суаднясеньне зьместу з літургічнай малітвай. Аднак катэхізіс «Жывы Бог» мае і свае недахопы. Напрыклад такі, што самі праваслаўныя не маюць агульнага пункту гледжання на яго артадаксальнасьць, ды і маральная навука даволі не ясна выкладзена ў ім, калі параўноўваць з каталіцкай маральнай тэалогіяй, асновы якой выкладзены ў Катэхізісе Каталіцкай Царквы. Калі коратка і вобразна падсумаваць рэфлексіі над узгаданымі катэхізісамі, то можна сказаць, што катэхізіс Каталіцкай Царквы цвёрда стаіць «на зямлі», але яму не хапае пэўнай містычнай накіраванасці ў «неба», разам з тым катэхізіс «Жывы Бог», хоць і досыць узьнёслы і скіраваны ў «неба», але яму не хапае практычнага «зазямленьня». Катэхізіс УГКЦ Калі асобнік катэхізіса УГКЦ «Хрыстос - наша Пасха» трапіў мне ў рукі, я з вялікім нецярпеньнем і некаторым непакоем адкрыў яго. Аднак, я быў ня толькі не расчараваны, але больш за тое - катэхізіс перасягнуў усе мае чаканьні. Гэта сапраўды ня проста катэхізіс, які выкладае веру Каталіцкай Царквы ў кантэксьце ўсходняй багаслоўскай і літургічнай традыцыі, але і проста займальнае чытаньне! Каб не быць пустасловам, я паспрабую збольшага расказаць аб структуры і пра зьмест гэтага дакуманту. На маю думку, катэхізіс «Хрыстос - наша Пасха» сумяшчае ўсе станоўчыя якасці двух катэхізісаў, пра якія я згадаў вышэй. Ён складаецца з трох частак: 1. Вера Царквы 2. Малітва Царквы 3. Жыццё Царквы Такі падзел на часткі адлюстроўвае па сутнасці саму Гісторыю Збаўленьня, якую Царква узгадвае ў эўхарыстычнай малітве - Анафаре, і вызнае ў Сімвале Веры. Менавіта гэтыя дзве малітвы Царквы сталі асновай Катэхізіса УГКЦ і вызначылі яе структуру. Як падкрэсліў Патрыярх Святаслаў: «"правіла малітвы" анафоры Літургіі святога Васіля Вялікага падаецца, як метадалагічная аснова "правілы веры "» (Катэхізіс УГКЦ, с. 6). Усё гэта робіць Катэхізіс незвычайна шматмерным і асвятляе выкладзеныя ў ім пытаньні ў розных тэалагічных перспектывах. У першай частцы раскрываецца зьмест хрысціянскай веры ў Найсвятую Тройцу на аснове Сымвала Веры. Цэнтрам другой частцы стала сьв. Еўхарыстыя. Таксама ў сувязі са Сьв. Еўхарыстыяй тут асэнсоўваецца багаслужэнне Царквы (сутачнае кола, тыдневае і гадавое колы, чынапаследваньне Таямніцаў). Нарэшце, вера і малітва пераменьвае чалавека і ўсе сферы чалавечага быцьця, таму натуральным чынам вера і малітва вызначае духоўна-маральнае вымярэньне і асобна ўзятага чалавека, і ўсяго грамадства ў цэлым. Вось чаму ў трэцяй частцы вельмі ясна і падрабязна апавядаецца пра хрысціянскую мараль і прынцыпы сацыяльнай навукі Каталіцкай Царквы. У гэтай частцы Катэхізіса можна знайсьці адказы на такія надзённыя пытаньні як: кантрацэпцыя, кланаваньне чалавека, натуральныя метады планаваньня сям'і, трансплантацыя органаў і эўтаназія, мараль у СМІ і інш. Напрыканцы гэтага агляду, радуючыся за нашых братоў у веры, украінцаў, хочацца выказаць перакананьне, што Катэхізіс УГКЦ з'яўляецца таксама і нашым, катэхізісам тых хто належыць да Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы. Няма сумніваў, што ён стане асновай для напісання катэхізіса на беларускай мове для беларускіх грэка-каталікоў ўжо ў хуткім часе. Катэхізіс «Хрыстос — наша Пасха» варта прачытаць таксама і рыма-католікам, бо гэты дакумант дасць ім магчымасць паглядзець на нашу супольную веру новымі вачыма, вачыма хрысціянскага Усходу. Варта яго прачытаць і праваслаўным, каб пераканацца ў тым, што насам рэч у католікаў і праваслаўных больш таго, што іх аб'ядноўвае, чым дзеліць. а.Андрэй Буйніч Вярнуцца назад |