Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Слова на сьвята Успеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы
Слова на сьвята Успеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы14.08.2011. |
|
“Зямля, зямля ... Туды, туды, брат Будуй яе... Ты дай ёй выгляд” Гэтымі словамі з апошняй часткі паэмы класіка “Новая зямля” хочацца распачаць разважаньні над Словам Божым, якое кіруецца да нас сёньня з Божага провіду і царкоўнай установы. Будаваць, парадкаваць, разьвіваць, дбаць пра ўзрост і добры плён таго, дзела чаго чалавек займаецца, што лічыць справаю жыцьця – глыбокія і паважныя цноты не толькі гаспадара, але і хрысьціяніна. Бо хрысьціяніну Богам даручана клапаціцца пра сваё жыцьцё, пра сваю душу. Словы Якуба Коласа, такім чынам сугучныя словам апостала Паўла, які заклікае Хрысьціян будуваць сваё хрысьціянскае жыцьцё. Ведаем, што падмуркам жыцьця хрысьціяніна ня можа быць нічога, і ніхто апрача Хрыста. Гэтыя словы гаворыць апостал зусім паважна і мае на ўвазе ўсе аспекты жыцьця хрысьціяніна. Хрыстос павінен быць падмуркам як царкоўнага, так і сямейнага, прафесійнага, грамадскага жыцьця, на працы і нават на адпачынку. Гэтыя словы значаць, што наш сьветапогляд ня можа быць незалежны ад Хрыста. Ня можна быць сатаністам і хрысьціянінам, ня можна быць рабаўніком і хрысьціянінам, прынамсі, калі мы пад словам Хрысьціянін маем на ўвазе чалавека, які жыве сваёй верай. Але адначасова можна быць гандляром і хрысьціянінам, не падманваць людзей у час гандлю; можна быць нават турэмным вартаўніком і хрысьціянінам, бо можна выказваць любоў людзям і там, Можна ўсё гэта рабіць калі падмурак твайго жыцьця Хрыстос. Усё залежыць ад таго, з чаго чалавек будуе: з золата, срэбра, каштоўных камянёў, ці з сена і саломы. Мы ведаем, што нам наканавана выпрабаваньне. Нездарма апостал гаворыць пра агонь. Агонь, у якім усякая нетрываласьць ня ўстоіць. Сёньня мы стаім на парозе сьвята Усьпеньня Багародзіцы. Ведаем усе тытулы Багародзіцы, іх вельмі шмат. Але у яе ёсьць яшчэ адно азначэньне, якое хіба вельмі рэдка ўжываецца... Яна была добрай будаўніцай свайго жыцьця. Нездарма сьвята Усьпеньня вельмі ўрачыста адзначаецца. І шмат манастрыроў і цэркваў названыя на ўспамін гэтага сьвята, гэтай падзеі. У сьвяце Успеньня сьвяткуем пераход нашай Уладаркі ад зямлі да неба. Яе пераход адбыўся ў спосаб зусім асаблівы. Яна была ўзятая ад зямлі на неба з душою і целам. І такім чынам Сусьветная Царква верыць, што яна цяпер, як і Хрыстос, прабывае на небе ў праслаўленым целе, тым целе, якое людзі набудуць пасьля агульнага ўваскрасеньня. Сьмерць, якая зьяўляеццца для людзей вагамі, на якіх важыцца іхняе жыцьцё, сталася для Багародзіцы Успеньнем, прасьветленым бляскам Славы Уваскрасеньня. Гэтае сьвята можа і мусіць быць для нас нас заахвотай для добрага будаўніцтва, каб як мага больш з нашай будыніны ўстояла. Гэткай жа заахвотай мусіць стаць для нас вобраз з сёньняшняга Евангельля -- вобраз Пятра. Ня можам, як Пётр, быць наіўна захопленыя Хрысьціянствам, але мусім мець цьвёрдую веру ў Хрыста, каб не патапіцца ў жыцьцёвых хвалях, і каб будыніна нашага жыцьця ўстояла. Вярнуцца назад |