Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Нядзеля VIII-я

Нядзеля VIII-я


7.08.2011.
1.Сёньняшняя нядзеля асаблівым чынам прасьветлена зьзяннем Хрыстовым, бо перажываем яе сьвяткуючы вялікую ўрачыстасьць Перамяненьня Гасподняга. Перамяненьня, якое было адмысловым знакам для выбраных Хрыстом апосталаў. Тым, якія былі «лідэрамі» апостальскага сабору, ён адкрыў сваю Боскую сутнасьць у спосаб вельмі вымоўны. Не тэарытычны, але дзеля таго, каб умацаваць іх перад сваімі Страсьцямі. Таму гэтае сьвята асаблівым парадкам лучыцца са сьвятам Уваскрасеньня, сьвятам перамогі Бога, які стаўся чалавекам, над сьмерцю і д'яблам.

Словы апостала Пятра, якія ён вымавіў на гары Табор «добра нам тут быць» паказваюць стан чалавека, які сустрэўся з Богам. Бо з Богам добра. Але, як кажа Евангельле, ён не разумеў, пра што кажа. Так, з Богам добра, калі Ён дае сабе пазнаць. Але сама сутнасьць падзеі перамяненьня і сьвята, якое мы сьвяткуем, трохі іранізуе над апосталам Пятром. У сьвяце Перамяненьня паказваецца ўнутраная сутнасьць Хрыста. А захопленасьць Пятра была толькі вонкавая. Хрыстос не дазволіў апосталам паставіць палаткі на гары Табор і спусьціўся разам з імі на зямлю, бо хацеў ад іх больш чым толькі захопленасьці сабою, сваёй прысутнасьцю, ён хацеў унутранай перамены ў апосталах.

Каб апосталы самі сталі б, як Ільля і Майсей, размаўляць з Ісусам. І гэта адбылося, таму мы іх сёньня праслаўляем як сьвятых. Яны цяпер зьзяюць, як сонца ў небе. Зьзяюць Сьвятлом Божым. Таму гэтае сьвята й ёсьць выклікам да ўсіх нас, якія сьвяткуем яго, бо ставіць пытаньне, якімі мы будзем, калі спусьцімся з нашай уяўнай гары сьвяткаваньня.

2.Заклікаючы да перамены жыцьця чалавека, Бог заклікае яго да перамены жыцьця ў Богу, паводле Яго задумы, з Ягонай сілай. Бог і Царква Божая не спрабуюць навязаць чалавеку нейкую небыліцу. Або наіўную, адарваную ад жыцьця, «хітрую байку» накіраваную на асягненьне нейкіх пабочных, эгаістычных мэтаў. І тое, і другое разбурала б цэльнасьць і гарманічнасьць жыцьця з Богам. Разрывала б Евангельле Хрыстовае на часткі, якое, наадварот, прапануе жыць поўным і гарманічным жыцьцём у Богу. Жыцьцём, якое неразарванае на два: жыцьцё хрысьціянскае і жыцьцё сьвецкае ў адным чалавеку, але зьяўляецца цэльным жыцьцём.

Вельмі добра паказвае гэтую праўду сёньняшняе евангельскае чытаньне.

Можна ўспрымаць евангельскі ўрывак пра памнажэньне хлябоў як чарговы цуд, дэманстрацыю сілы Божай і больш нічога. Але давайце паглядзім бліжэй, ўчытаемся ў падзею.

Хрыстос, бачыўшы людзей, шкадаваў іх і ацаляў, не шукаючы папулярнасьці, не шукаючы прыбытку. Ягонае памнажэньне хлябоў не было памнажэньнем навонкі, для народу, але толькі для патрэбы, бо людзі, якіх былі натоўпы каля Ісуса, хацелі есьці.

Хрыстос не пачаў іх «грузіць» нейкімі псеўдарэлігійнымі байкамі. Напрыклад, не аб'явіў раптам пост. Ён пе падманваў іх. Але ведаючы жыцьцё, ведаў, што людзі хочуць есьці, ім трэба з'есьці, і накарміў іх. Таму гэта не лішні знак усемагутнасьці Божай, каб уразіць сабраных, і прыхіліць лішні раз да сябе, але знак глыбокай веды жыцьця і жыцьцёвых патрэбаў, нават такіх дробных і звычайных, як ежа. Гэта яшчэ і знак міласэрнасьці Божай. Знак звычайнай дабрыні Бога, які не адмаўляе свайму стварэньню ні ў чым добрым і ёсьць моцны ў дабрыні і добры ў моцы.

Добрыні, якую ён выяўляў да апосталаў, жадаючы іх глыбокай перамены, і дабрыні, якую ён выяўляе і да нас, калі жывіць нас, падтрымлівае нас і хоча нашага глыбокага навяртаньня і ўнутранай перамены. Амін.

Вярнуцца назад