Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Урачыстасць абвяшчэння новага катэдральнага касцёла Віцебскай дыяцэзіі
Урачыстасць абвяшчэння новага катэдральнага касцёла Віцебскай дыяцэзіі17.06.2011. |
|
Віцебская дыяцэзія была створана Янам Паўлам ІІ 13 кастрычніка 1999 г. На той час у Віцебску была толькі адна парафія і адзін касцёл. Таму катэдрай быў абвешчаны касцёл св. Барбары. Сёння Каталіцкі Касцёл у Віцебскай дыяцэзіі імкліва развіваецца, сведчаннем чаго з’яўляецца будаўніцтва новых святыняў і стварэнне новых парафіяльных супольнасцяў. Праграма святкавання ўрачыстасці вельмі багатая. Яна працянецца два дні, падчас якіх пройдуць сімпозіум, канцэрты і іншыя цікавыя сустрэчы. Кульмінацыяй падзей будзе малітва. Напачатку адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, затым эўхарыстычная працэсія і ўрачыстая св. Імша. У гэтыя дні парафію Езуса Міласэрнага наведаюць дэлегацыі вернікаў з усёй Віцебскай дыяцэзіі. Перанясенне біскупскай катэдры — падзея гістарычная. Яна важная не толькі для мясцовага Касцёла, але і для ўсяго Каталіцкага, г. зн. паўсюднага. Гістарычную важнасць віцебскай урачыстасці падкрэслівае той факт, што Святы Айцец Бэнэдыкт XVI напісаў спецыяльны ліст і выслаў свайго прадстаўніка. Прадстаўляць Папу ў Віцебску будзе кардынал Робэр Сара, старшыня Папскай рады «Cor Unum», якая каардынуе дабрачынную дзейнасць ва ўсім Касцёле. Адзначыць святочную падзею ў Віцебск прыбудуць таксама іерархі з Беларусі і з-за мяжы. Чакаецца прыезд арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з Мінска, арцыбіскупа Мар’яна Галэмбеўскага з Вроцлава (Польшча), арцыбіскупа Паоло Пеццы з Масквы і арцыбіскупа Збігнева Станкевічса з Рыгі. Братнюю Украіну будуць прадстаўляць біскуп Маркіян Трафімяк з Луцка і біскуп Ян Сабіла з Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі. Сярод беларускіх іерархаў Віцебск наведаюць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Прадстаўляць супольнасць грэка-католікаў у Віцебску будзе архімандрыт Сяргей Гаек. Немагчама не ўзгадаць прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу Беларусі, якія пажадалі прыняць удзел у свяце Віцебскай дыяцэзіі. Апостальскую Нунцыятуру будзе прадстаўляць сакратар гэтай установы кс. Крыспін Вітальд Дубель. Чакаецца ўдзел прадстаўнікоў трынаццаці пасольстваў. Як адзначае біскуп Уладзіслаў Блін, «католікі Віцебскай дыяцэзіі хочуць падзяліцца сваёй радасцю з усімі грамадзянамі Беларусі», таму перанясенне катэдры ў новую святыню — значная падзея не толькі для Віцебска, але і для ўсёй краіны. Велічная святыня Езуса Міласэрнага з’яўляецца адметнасцю і ўпрыгожаннем горада. Касцёл не толькі будзе спрыяць асвячэнню віцебскіх вернікаў, але і стане аб’ектам зацікаўленасці турыстаў і гасцей Віцебска. Кс. Віктар Місевіч паводле Catholic.by Вярнуцца назад |