Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Нядзеля расслабленага

Нядзеля расслабленага


21.05.2011.
Праўда, якая паралізуе

Дарагія браты, дарагія сёстры!

1. Мы толькі што пачулі ўрывак з Евангельля паводле Яна, які распавядае вельмі драматычную гісторыю. Гэта гісторыя хворага, спаралізаванага чалавека, які ляжаў 38 год каля цудоўнай купальні. Кожны хворы мог аздаравіцца ў гэтай купальні, пры ўмове, што чалавек пасьпее своечасова акунуцца ў ваду, узрушаную Анёлам Гасподнім.

Аднак, каля купальні не было чаргі, ніхто не пісаў нумаркі на руках, не рабіў сьпісаў жадаючых аздаравіцца. Атрымліваў аздараўленьне той, хто першы пасьпяваў адштурхнуць іншых і кінуцца ў ваду... Мы можам уявіць, што гэта была за супольнасьць людзей, якія сабраліся вакол купальні, можам уявіць іхнія ўзаемаадносіны і пачуцьці. Колькі тут было зайздрасьці, крыўды і роспачы, нянавісьці і маўклівай болі...

Ісус прыходзіць да гэтых людзей і даведваецца пра спаралізаванага, які чакае на свой шанец ужо 38 год. Ён пытаецца ў яго: "Хочаш стаць здаровым?" (Ян 5,6). А хворы адказвае: "Так, Гаспадар, але ня маю чалавека, які апусьціў бы мяне ў купальню, калі ўзрушыцца вада..." (Ян 5,7).

На першы погляд гэта правільны адказ - што ж можа зрабіць чалавек у такой сітуацыі, калі мае спаралізаванае цела? Аднак гэта адказ шмат гаворыць пра хворага: ён шукае прычыны свайго няшчасьця ў зьнешніх абставінах!

2. Спаралізаваны - гэта вобраз, у якім кожны з нас можа пабачыць сябе. Гэта я спаралізаваны сваёй жыцьцёвай сітуацыяй, гэта я бачу прычыны свайго няшчасьця ў тым, што нарадзіўся ня ў той час і ня ў тым месцы, ня ў той краіне і ня ў тых бацькоў... Я гатовы шукаць і знаходзіць зьнешнія прычыны сваго няшчасьця! А што, няпраўда? - усё праўда... Вось толькі Ісус кажа, што праўда вызваляе чалавека, а "гэта" праўда неяк паралізуе.

Госпад спрабуе ўказаць былому хвораму на яго памылку, калі ўжо пасля аздараўленьня сустракае яго ў храме і гаворыць: "Вось ты стаў здаровым; больш не грашы, каб не здарылася з табою чаго горшага". Збаўца не папракае яго былымі грахамі - Ён зьвяртае ўвагу на цяперашні момант жыцьця: "Больш не грашы". Гэта заўвага выклікае ў былога хворага нянавісьць і злосьць - ён ідзе да юдэяў і даносіць ім, што гэта Ісус яго аздаравіў.

3. Праблема спаралізаванага - гэта ягоная ўнутраная праблема. Гэта нежаданьне прызнаць, што гэта ён нясе адказнасьць за тое, што з ім адбылося; ён не жадае ўзяць адказнасьць за сваё жыцьцё ў свае рукі.

Хворы аздаравіўся толькі зьнешне - унутры ён застаўся спаралізаваным. Ён застаўся спаралізаваны сваім грахом, сваім мінулым, якога ён не хацеў дараваць сабе, трыццацьцю васьмю гадамі шчасьця іншых людей, якога ён ня мог дараваць ім. Ён застаўся спаралізаваны сваёй нянавісьцю і страхам, а таксама тым, што быў "даўжніком" Ісуса Хрыста. Драма ў тым, што ў яго сэрцы не знайшлося месца на ўдзячнасьць...

Вось, дарагія браты і сёстры, можна ляжаць усё сваё жыцьцё ў двух кроках ад жаданай цудадзейнай крыніцы, нават атрымаць жаданае, а ня быць шчаслівым. Так лёгка памыліцца і не зразумець, што гэта не вада купальні дае шчасьце, але шчасьцё ёсьць у сэрцы кожнага чалавека. Госпад хоча аздаравіць кожнага з нас, але ці хочам мы  гэта аздараўленьне прыняць?

Вярнуцца назад