Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Першаярарх УГКЦ Святаслаў з візітам у Папы Бэнэдыкта XVI

Першаярарх УГКЦ Святаслаў з візітам у Папы Бэнэдыкта XVI


31.03.2011.
Першаярарх УГКЦ Святаслаў з візітам у Папы Бэнэдыкта XVI«З вялікай радасцю вітаю сёння Уладыку Святаслава (Шаўчука), новага Вярхоўнага Архібіскупа Кіева-Галіцкага, разам з біскупамі і вернікамі, якія яго суправаджаюць. Запэўніваю маю пастаянную малітву, каб Найсвяцейшая Тройца надавала паўнату дароў, захоўваючы ў міры і згодзе любы ўкраінскі народ». Такімі словамі пачаў сваё віншаванне для ярархіі і вернікаў УГКЦ Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі ў сераду, 30 сакавіка ў Апостальскай сталіцы, паведамляе Радыё Ватыкан.

«Ваша Свяцейства, Гасподзь заклікаў Вас да служэння і проваду гэтай знанай Царквы, часткі таго народа, які больш за тысячу гадоў таму атрымаў Хрышчэнне ў Кіеве. Я ўпэўнены, што Вы, напоўнены сілай Духа Святога, узначаліце сваю Царкву і будзеце весці яе ў веры ў Ісуса Хрыста згодна з уласнай традыцыяй і духоўнасцю, у лучнасці з Пятровай Сталіцай, якая ёсць бачным вузлом гэтага адзінства, дзеля якой шматлікія сыны і дочкі не пашкадавалі нават аддаць сваё жыццё», - адзначыў Папа Бэнэдыкт XVI, звяртаючыся асабіста да новага Прадстаяцеля УГКЦ.

Святы Айцец адзначыў, што ў гэтыя хвіліны з прызнаннем узгадвае «любага брата, Свяцейшага кардынала Любаміра (Гузара), былога Вярхоўнага Архібіскупа».

«Праз заступніцтва Прачыстай Дзевы Марыі Багародзіцы малюся аб Божым блаславенні для Вас, Вашых біскупаў, святароў, манахаў і манахінь і ўсіх вернікаў», - завяршыў сваё прывітальнае слова да новага Кіраўніка УГКЦ Папа Бэнэдыкт XVI.

Як паведаміў падчас прамога ўключэння ў эфіры «Украінскага радыё» Тарас Семянюк, па заканчэнні агульнай аўдыенцыі Уладыка Святаслаў сустрэўся з Сусветным архіярэем Папам Бенедыктам XVI. Па словах Тараса, падчас аўдыенцыі на плошчы Святога Пятра ў Рыме сабралася шматлікая колькасць украінскіх вернікаў, якія таксама прыйшлі павіншаваць свайго новага Першаярарха.

У нядзелю, 3 красавіка, Уладыка Святаслаў ўзначаліць архірэйскую Літургію, якая ў 10.00 гадзін раніцы пачнецца ў прокатэдральным ўкраінскім саборы святой Сафіі ў Рыме (via Boccea, 478).

Разам з Кіраўніком УГКЦ у агульнай аўдыенцыі Папы Бэнэдыкта XVI прынялі ўдзел 12 ярархаў Царквы - Архіепіскап Львоўскі Ігар (Вазняк), Мітрапаліт Вініпегскі Лаўрэнцій (Гуцуляк), Мітрапаліт Філадэльфійскі Стэфан (Сарока), Сакратар Сіноду Біскупаў, курыяльны біскуп УГКЦ Уладыка Багдан Дзюрах, біскуп Эдмантонскі Уладыка Давід (Мотюк), біскуп Нью-Вэстмінстэрскі Уладыка Кен (Навакоўскі), біскуп Івана-Франкоўскі Уладыка Уладзімір (Війцішын), біскуп Тэрнопальскі Уладыка Васіль (Семянюк). Разам са шматлікімі прадстаўнікамі манаскіх супольнасцяў на аўдыенцыі прысутнічалі а. Васіль Ковбіч, Протоаархімандрыт Базылянскага Ордэна Святога Язафата і с. Джэнес Солюк, Галоўная ігумення Сясцёр Служэбніц Прачыстай Дзевы Марыі, а таксама епархіяльныя святары, семінарысты і некалькі сотняў вернікаў.


Вярнуцца назад