Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > ІІІ Нядзеля Вялікага Посту - Крыжапаклонная

ІІІ Нядзеля Вялікага Посту - Крыжапаклонная


3.03.2018.
Хрыстос кажа браць свой крыж ды йсьці сьледам за Ім. Крыж ёсьць сымбалем цярпеньня. Калі Хрыстос закрануў пытаньне цярпеньня ў нашым дачасным жыцьці, дык не пакідае нічога недагаворанага. Ён так-жа зьвяртае ўвагу на небясьпеку сьмерці ў стараньні збаўленьня душы. Ад сьмерці, яшчэ больш як ад цярпеньня людзкая натура стараецца ўцякаць за ўсякую цану. Але ці-ж магчыма ўцячы ад сьмерці?

1. Трэба ўсьведаміць гэтую праўду, што нават сам Богачалавек Ісус Хрыстос цярпеў для нашага збаўленьня. Усьведаміўшы гэта, нават перажываючы вялікія прыкрасьці, голад, зьдзек і перасьледваньні, якія выціскоўваюць сьлёзы з вачэй, калі ўсе гэта пераносім цярпліва ў імя Божае, магчыма наперад радавацца тою узнагародаю, якую Бог абяцаў тым, што слухаюць Яго.
Хрыстос з усёй сілаю свайго аўтарытэту так казаў усім тым, што церпяць з даверам да Бога: ”Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ваша нагарода на небе” (Мц 5:12).
Хрыстос выясьніў, што ў сапраўднасьці нават вялікія жыцьцёвыя цяжкасьці і цярпеньні не зьяўляюцца перашкодамі ў рэлігійным жыцьці і ў імкненьні да Нябеснага Валадарства. Бог дапускае людзям цярпеньні не на тое, каб мучыць людзей, але на тое, каб мы маглі духова расьці, калі прыймаем розныя жыцьцёвыя цяжкасьці і цярпеньні, як пасланыя Богам.
У тым ёсьць аграмадная розьніца між хрысьціянскім сьветапоглядам і матэрыялістычным сьветапоглядам. Матэрыялісты і ўсе бязбожнікі ня маюць магчымасьці вызваліць чалавека ад жыцьцёвых цяжкасьцяў і цярпеньняў і ня маюць ніякага адказу на праблему цярпеньняў і зла, тады як Хрыстос дае ясны адказ у гэтых справах.

2. Трэба памятаць, што Хрыстос у сваёй людзкой натуры адчуваў боль, як і кожны чалавек. Дзеля гэтага хоць Ён дабравольна згадзіўся выконваць Божыя пляны адносна збаўленьня людзей, і перацярпець мукі і крыжовую сьмерць, але адчуваў гэта вельмі балюча, бо напярод дакладна ведаў усе тыя страшэнныя мукі, якія меў перацярпець.
А калі набліжалася гадзіна мукаў Ён маліўся да Айца: “Ойча, калі Твая воля, перанясі гэтую чашу міма Мяне, але не Мая воля, але Твая няхай станецца” (Лк 22:42).
Ад вякоў ведамая абсалютная праўда, што кожны, хто радзіўся, мусіць памерці. Нават наша Зямля ня ёсьць вечнаю. А мэтаю дачаснага земскага жыцьця ёсьць здабыцьцё вечнага жыцьця ў небе. Але дзеля гэтага пад час земскага жыцьця часам трэба адмовіцца ад некаторых рэчаў, якія могуць быць перашкодаю для вечнага жыцьця, каб праз гэта заслужыць нагароду.

3. Разам з адказам на праблему цярпеньняў Хрыстос даў таксама навуку аб належных адносінах да багацьця і беднасьці. Сам Хрыстос прыйшоў на гэты сьвет у самых бедных абставінах і ўсё сваё жыцьцё правёў у беднасьці. Да трыццатага году жыцьця Ён жыў з працы сваіх рук, займаючыся сталярствам, а ў часе публічнае дзейнасьці казаў аб Сабе: ”Лісы маюць норы, нябесныя птушкі – гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае дзе прытуліць галавы” (Мц 8:20).
Ува ўсёй навуцы Хрыста кладзецца моцны націск на ўбоства. У гэтай навуцы Хрыстос гаворыць аб беднасьці не як аб нечым прыпадковым, але аб тым, чаго чалавек павінен сам жадаць. А потым Хрыстос яшчэ выразьней і дакладней гаварыў апосталам аб беднасьці, калі іх першы раз высылаў на самастойную працу.
Але гаворачы аб беднасьці і дакараючы багатых, Хрыстос не асудзіў самога багацьця, бо яно ня ёсьць дрэнным у сабе. Яно створана Богам, а Бог нічога дрэннага не стварыў.

4. Сапраўдная вартасьць багацьця і беднасьці ёсьць у тым, каб праз іх зьбіраць духовае багацьце і духовыя скарбы на небе. А гэткае багацьце сам Хрыстос казаў зьбіраць: ”Не зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа іх нішчыць, і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць, але зьбірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль ні ржа іх ня нішчыць, і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць” (Лк 12:33-34).
Не дарма Хрыстос няраз асьцерагаў перад пагоняю за багацьцем, таму і гэтым разам Хрыстос паўтарае, што нават усе багацьці гэтага сьвету зьяўляюцца нічым ў параўнаньні да вартасьці людзкое душы, бо за ўсе багацьці гэтага сьвету нельга купіць вечнага нябеснага жыцьця, а яно ёсьць праўдзіваю мэтаю нашага жыцьця, і думка аб ім павінна быць вырашальнай у нашых мерапрыемствах і паводзінах.
Найбольш востра Хрыстос і Ягоныя апосталы асуджалі тое багацьце, якое нажываецца несправядліва, калі чалавек ў пагоні за багацьцем ня лічыцца ні з якімі маральнымі законамі і справядлівасьцю.

Вярнуцца назад