Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > 2 лютага - Сустрэча Госпада нашага Ісуса Хрыста

2 лютага - Сустрэча Госпада нашага Ісуса Хрыста


1.02.2012.
Сорак дзён пасьля Нараджэньня Госпада нашага Ісуса Хрыста мы зьбіраемся на Боскую Літургію, каб у малітве стаць сьведкамі яшчэ адной падзеі – Сустрэчы Ісуса Хрыста ў Ерусалімскім Храме.

Сёньняшняе Евангельле нам распавядае, як на саракавы дзень пасьля нараджэньня паводле закону Майсеевага бацькі Ісуса прынеслі Дзіцятка ў Храм, каб скласьці адпаведную ахвяру як за першынца ды за ачышчэньне Маці.

Сёньняшняе сьвята атрымлівала розныя назвы: “Ачышчэньне Ўсячыстай Дзевы Марыі”, “Ахвяраваньне Ісуса ў Храме”(так яно сёньня называецца ў рыма-каталікоў), “Сустрэча Госпада нашага Ісуса Хрыста” (яно ў нас называецца так).

Кожная назва не зьяўляецца выпадковай і адлюстроўвае розныя аспекты сьвята.

Так, “Ачышчэньне” азначае выкананьне закону Майсеевага, бо закон прадпісвае жанчыне, што нарадзіла хлопчыка, сорак дзён ачышчацца ад “крыві”, а потым адразу прынесьці ахвяру за сваё ачышчэньне.
Тут важна разумець, што жанчына ачышчаецца не ад нараджэньня, а менавіта ад крыві, якая суправаджае гэтую падзею, бо само па сабе нараджэньне дзіця ёсьць заўсёды чыстым і блаславёным.
Кроў і пакуты, якія яго суправаджаюць, зьяўляюцца знакам праклёну, які Бог наклаў на Эву за непаслушэнства, і яно патрабуе, паводле закону, рытуалу ачышчэньня.
Але Багародзіца была пазбаўленая гэтага праклёну паводле Божага Провіду.
Нараджэньне Хрыста было падобным да таго, як Ён пасьля Ўваскрасеньня прыйшоў да вучняў праз зачыненыя дзьверы, так і тут не парушыў дзявоцтва Сваёй Маці.
Але Яна прышла ў Храм, каб выканаць закон, хаця ня мела ў гэтым патрэбы.
Яна прынесла ў Сьвятыню Таго, хто выбавіў Яе ад граху і праклёну – Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста.

“Ахвяраваньне” - таксама выкананьне закону Майсея. Паводле яго мужчыны з калена Левія прызначаліся на службу ў Храме, а сваіх першынцаў ізраільцяне павінны былі выкупляць.
Тое самае зрабіў і Язэп: ён прышоў у Храм, каб выкупіць Сына, але адначасова “пасьвяціць яго Госпаду” – значыць аддаць Богу назаўсёды і поўнасьцю. Выкананьне закону было знакам дасканалай паслухмянасьці Богу. Як няпослух старога Адама прывёў да праклёну, так паслухмянасьць новага Адама – Хрыста – стаася збаўленьнем для людзей.

І, ў рэшце, сёньняшняе сьвята ёсьць – “Сустрэча”. Сустрэча Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Яго сустракае Ганна-прарочыца. Канешне, яна чакала Збавіцеля, ведала, Хто такі Месія, таму пазнала Яго ў выглядзе Дзіцятка на руках Марыі. Але ня толькі пазнала, але як сапраўдная прарочыца распавяла пра Яго ўсім, хто чакаў збаўленьня ў Ерусаліме.
І ў гэтым ёсьць прыклад для нас. Каб нам, калі мы пабачылі Бога ці ў асабістай сустрэчы, ці ў Сьвятым Пісаньніі, ці ў Эўхарыстыі, ці ў Таямніцах Царквы, не стацца падобнымі да сьвечкі, якую схавалі пад пасудзінай, але наадварот – асьвятляць пакой – засьведчыць і прапаведаць Бога сьвету і тым, хто “чакае збаўленьня”.

Самая ж сьветлая, напоўненая надзеяй сустрэча з Госпадам – у Сямёна. Старэнькі сьвятар, які помніць яшчэ часы Юды Макавея, прыняў на свае рукі Бога.
У час сваёй маладосьці, чытаючы Сьвятое Пісаньне, патрапіў у непаразуменьне ад словаў прарока Ісаі, які кажа: “... вось, Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына.” Традыцыя расказвае, што ён падумаў, што гэта памылка: “Дзева зачне і народзіць”. Сямён узяўся было сьцізорыкам сьцерці “Дзева”, каб выправіць на “жанчына”, але яго спыніў анёл Божы, які і пацьвердзіў праўдзівасьць напісанага, і прадказаў яму, што ён не памрэ, пакуль не пабачыць Месію.

І вось надышоў шчасьлівы дзень. Сямён убачыў Хрыста. І што ён кажа да Бога? “Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Свайго ў супакоі... “, бо ён пабачыў збаўленьне сьвету, Сьвятло для прасьвятленьня ўсіх народаў. Сьмерць з гэтага моманту ня так пужае, бо за змрокам – сьвятло і супакой.

Дзеля гэтага нездарма сымбалем сёньняшняга сьвята ёсьць запаленыя сьвечкі.
Калісьці старадаўнія Цэрквы пад час начнога чуваньня ладзілі працэсіі з запаленымі сьвечкамі. Цёмная трапічная ноч над Александрыяй, Антыёхіяй, Канстанцінопалем асьвятлялася лагодным цёплым жоўтым сьвятлом сьвечак, якія пабожна неслі ў руках шматлікія вернікі. А прыблізна тысячу год таму паўстаў звычай іх асьвячаць.

Сёньня таксама ёсьць магчымасьць асьвяціць сьвечкі ды ўзяць іх дадому. Гэтыя сьвечкі называюцца “грамніцы”. Іх запальваюць пад час навальніцы, а таксама калі існуе пагроза ад стыхіяў ды жыцьцёвых абставінаў.
Лагодны цёплы жоўты агеньчык нагадвае пра прысутнасьць і абарону Бога ўва ўсіх нашых шляхах, улівае ў нашыя сэрцы надзею і супакой сярод зьнешняй цемры.
Запаленую грамнічку даюць таксама чалавеку ў апошнія хвіліны жыцьця пад час агоніі, узгадваючы Сямёна, які крочыў у цемру сьмерці, разумеючы пры гэтым, што чалавек, які бачыў Хрыста, адыходзіць з жыцьця, кіруючыся сьвятлом збаўленьня.

Словы Сямёна сталіся гімнам, які Царква сьпявае на Вячэрні. А наперадзе – ноч, за якой – сьвятло новага дня.

Трымаючы ў руках сьвечку надзеі выйдзем празь цемру да незаходнага сьвятла ўваскрасеньня ды урачыста зьдзейсьніўшы сьветлае сьвята Сустрэчы Госпада, працягнем літургічную пілігрымку да Пасхі Госпада нашага Ісуса Хрыста, Якому належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне разам з адвечным Айцом і Ўсесьвятым, Добрым і Жыватворчым Духам сёньня, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў.

Вярнуцца назад