Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > “Салідарнасць звязана з даверам Богу”
“Салідарнасць звязана з даверам Богу”8.01.2011. |
|
6 студзеня 2011 г. у грэка-каталіцкім душпастырскім цэнтры Маці Божай Нястомнай Дапамогі адбылося спатканне мінскай міжпарафіяльнай групы (з рыма-каталіцкай парафіі св. Яна Хрысціцеля і з грэка-каталіцкай парафіі св. Міколы Цудатворцы), якая ўдзельнічала ў XXXIII Еўрапейскай сустрэчы моладзі (Тэзе) - “Пілігрымцы даверу”, што адбылася ў Ратэрдаме (Галяндыя) 28 снежня 2010 г. – 1 студзеня 2011 г. ( У сустрэчы ў Ратэрдаме ўдзельнічала каля 800 пілігрымаў з Беларусі). Мінская міжпарафіяльная і міжканфесійная група ўключала ў сабе прадстаўнікоў не толькі католікаў двух абрадаў але і праваслаўнай і пратэстантаў. Мінская сустрэча удзельнікаў Пілігрымкі даверу пачалася з урачыстай Літургіі, падчас якой моладзь прынесла Богу падзяку за падарожжа і за дары хрысціянскай еднасці, сведкамі якой яна сталася ў Ратэрдаме. Пасля Літургіі пілігрымы сустрэліся за гарбатай, каб падсумаваць практычныя вынікі пілігрымкі ў Ратэрдам. Як вядома Святы Айцец Бенядыкт XVI даслаў удзельнікам Сустрэчы ў Ратэрдаме сваё пасланне, у якім між іншым нагадаў: «Радасць не аддаляе вас ад салідарнасці з чалавечымі цярпеннямі, а глыбока звязана з даверам Богу. Жывучы гэтым даверам, прымаючы яго, дазваляйце, каб здзяйснялася прынесенае Хрыстом поўнае аднаўленне чалавечай істоты. Такім чынам вамі будзе кіраваць адвага, каб ісці супраць цячэння, калі гэта неабходна. Не паддаючыся ілюзіям індывідуалізму, усё ў большай ступені вы будзеце станавіцца людзьмі сулучнасці (камуніі), аддаючы сябе ў дар іншым». У гэтым духу было пастаўленае пытанне, што канкрэтна і менавіта мы можам зрабіць, каб ажыцяўляць ідэі хрысціянскай еднасці ў Беларусі? Накірунак працы падказала адна з удзельніц сустрэчы ў Ратэрдаме, інвалід-калясачнік, Таццяна Іванова. Яна стала сімвалам еднасці ўсёй групы. Да валанцёраў руху св. Мікалая, якія апекваліся Таццянай у падарожжы ў Ратэрдам далучылася ўся група. Кожны хацеў засведчыць сваю дапамогу і салідарнасць у вельмі гераічным для яе кроку даверу. Вынік мінскай сустрэчы быў відавочны: практычная і канкрэтная рэалізацыя нашай хрысціянскай веры, служэнне бліжняму, якое можа і павінна выконвацца сумесна, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці, усімі хрысціянамі разам. Вярнуцца назад |