Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Новый Год Гасподні – 2011

Новый Год Гасподні – 2011


30.12.2010.
Суадносіць усе аспекты жыцця з патрабаваннямі Евангелля.

1. “Рэлігійная свабода – гэта шлях да дасягнення міру”, – кажа Яго Святасць Папа Бенядыкт XVI у сваім Пасланні на 44-ты Сусветны Дзень Міру, які адзначаецца 1 студзеня 2011 г.

Прысвячаць пачатак кожнага новага году ўмацаванню міру на зямлі – выдатная традыцыя, якая склалася ў апошнія паўстагоддзі, але, бадай, менавіта ў нашыя дні мір, і асабліва рэлігійны мір, як ніколі мае патрэбу ў абароне.

У сваім Пасланні Папа згадвае не толькі пра адсутнасць або абмежаванасць свабоды ў краінах Азіі і Афрыкі, але і пра “больш рафінаваныя формы варожасці да рэлігіі”, праяўленнем якіх у краінах Захаду з’яўляецца выключэнне рэлігійнай гісторыі і сімвалаў са штодзённага грамадскага жыцця. Рэлігію стараюцца звесці да ўзроўню прыватных інтарэсаў кожнага, падобна да нейкага хобі, як, напрыклад, збіранне марак; дайшло да таго, што ў некаторых краінах цяпер нават Раство імкнуцца святкаваць “без Хрыста”.

На гэтым фоне вельмі дарэчны і своечасовы напамін Папы Рымскага ўсім хрысціянам пра неабходнасць суадносіць усе аспекты свайго жыцця, як грамадска-палітычнага, так і прыватнага, з патрабаваннямі і прынцыпамі, якія ўтрымліваюцца ў Евангеллі.

2. Першаярарх Каталіцкай Царквы падкрэслівае значэнне міжрэлігійнага дыялогу, мэтай якога з’яўляецца ўсеагульнае дабро. “Царква не адкідае нічога, што ёсць праўдзівага і святога ў іншых рэлігіях”, – нагадвае Папа, але папярэджвае, што гэта ні ў якім выпадку не павінна азначаць рэлігійнага рэлятывізму або сінкрэтызму.

З трывогай адгукаючыся на сітуацыю ў Іраку, Бенядыкт XVI згадвае тэрарыстычны напад на сіра-каталіцкі храм у Багдадзе 31 кастрычніка гэтага года, у выніку якого загінулі два святары і мноства вернікаў. Папа заклікае ўсю Царкву да духоўнага яднання з іракскімі хрысціянамі і да малітвы “за братоў у веры, якія перажываюц гвалт і нецярпімасць”. Папа з болем канстатуе, што “ў некаторых рэгіёнах свету немагчыма вольна вызнаваць і выказваць сваю веру без рызыку для жыцця і асабістай свабоды”.

3. Царква сёння нечакана апынулася ў сітуацыі, якую можна параўнаць з найгоршымі перыядамі пераследванняў першых стагоддзяў хрысціянства; а ў абсалютных лічбах колькасць хрысціянаў, якіх пераследуюць па ўсім свеце, напэўна перўзыходзіць колькасць пацярпелых ад дыяклетыянавага пераследу.

Усё гэта здзяйсняецца часта пад лозунгам “чалавечай свабоды”; між тым, менавіта ў свабодзе веравызнання, як падкрэслівае Папа, знаходзіць сваё выражэнне “спецыфіка чалавечай асобы, якая дзякуючы ёй можа выбраць накірунак свайго індывідуальнага і грамадскага жыцця; у святле Божым становяцца цалкам зразумелымі асаблівасці, сэнс і мэта існавання асобы”. Бенядыкт XVI указвае на цесную сувязь паміж свабодай і павагай да іншага чалавека, і дадае, што свабода, якая варожа ставіцца да Бога, у выніку супярэчыць сама сабе і не гарантуе поўнай павагі да бліжняга. Папа абвяргае думку, што “маральны рэлятывізм можа быць шансам для мірнага суіснавання”: у сапраўднасці ён выклікае раздзяленне і прыніжэнне чалавечай годнасці. У чалавечай асобе, сцвярджае Святы Айцец, неабходна бачыць два вымярэнні: рэлігійнае і грамадскае, і таму важна стварыць умовы для таго, каб вернікі маглі сумяшчаць сваё рэлігійнае жыццё з грамадскай дзейнасцю.

Яго Святасць нагадвае таксама пра рэлігійнае выхаванне і ролю ў гэтым сям’і: “Бацькі павінны заўсёды мець магчымасць свабодна, без прымусу і з адказнасцю перадаваць дзецям асабістую спадчыну веры, каштоўнасцяў і культуры”.

4. У Пасланні згадваецца пра унёсак хрысціянаў у развіццё цывілізацыі, дзякуючы чаму “асобныя людзі і цэлыя народы атрымалі свядомасць сваёй асаблівасці і годнасці, а таксама выніклі дэмакратычныя інстытуты, былі сфармуляваны правы чалавека і адпаведныя ім абавязкі”. Таксама і сёння хрысціяне павінны ўдзельнічаць у грамадскім, эканамічным і палітычным жыцці і даваць сведчанне любові да бліжняга.

“Няхай Еўропа з’яднаецца са сваімі хрысціянскімі каранямі… каб можна было жыць у справядлівасці, згодзе і міры, праводзячы адкрыты дыялог з усімі народамі”, – кажацца ў Пасланні. На заканчэнне Папа падкрэслівае, што рэлігійная свабода з’яўляецца “сапраўднай абаронай міру”. Няхай усе людзі і грамадствы па ўсіх канцах зямлі як мага хутчэй змогуць карыстацца свабодай веравызнання, якая з’яўляеццца шляхам да міру”: такое пажадане выказвае Бенядыкт XVI.

Уступаючы ў Новы Год, прымем блізка да сэрца зычэнні нашага Першаярарха і прыкладзем усе намаганні, як духоўныя, так і фізічныя, да таго, каб гэты год паслужыў для ўзрастання міру – у нашых сэрцах, у нашых сем’ях, у нашым грамадстве і ва ўсім свеце. Амін.

Вярнуцца назад