Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Святы Айцец Бенядыкт XVI да ўдзельнікаў XXXIII Еўрапейскай сустрэчы моладзі ў Ратэрдаме
Святы Айцец Бенядыкт XVI да ўдзельнікаў XXXIII Еўрапейскай сустрэчы моладзі ў Ратэрдаме29.12.2010. |
28 снежня 2010 г. у Ратэрдаме (Нідэрланды) пачалася XXXIII Еўрапейская сустрэча моладзі – “Пілігрымка даверу”.Па запрашэнні экуменічнай супольнасці з Тэзэ там сабалася каля 30 тысяч маладых жыхароў з усёй Еўропы, у тым ліку 500 пілігрымаў з Беларусі. Сярод розных групаў пілігрымаў з Беларусі у сустрэчы удзельнічае міжпарафіяльная група з Мінска, з рыма-каталіцкай Парафіі св. Яна Хрысціцеля і з грэка-каталіцкай Парафіі св. Міколы Цудатворцы. За ўсіх беларускіх удзельнікаў “Пілігрымкі даверу” маліліся вернікі мінскай грэка-каталіцкай парафіі Святога Духа ў рамках Боскай Літургіі, якую 28 снежня 2010 г. у ніжнай капліцы чырвонага касцёла адслужыў а. Пахом (Кавалёў) Святы Айцец Бенядыкт XVI даслаў удзельнікам Сустрэчы ў Ратэрдаме сваё пасланне. У гэтым пасланні Папа просіць аб моцы і супакоі Духа Святога для ўсіх удзельнікаў сустрэчы, а таксама для душпастыраў, парафій і сем’яў, якія прымаюць гэтых гасцей. «Няхай Бог прывядзе да крыніц радасці вас і братоў з Тэзэ, якія падрыхтавалі гэтую XXXIII Еўрапейскую сустрэчу моладзі», — піша Святы Айцец. «На працягу гэтых дзён вы адкрыеце, што гэтая радасць не аддаляе вас ад салідарнасці з чалавечымі цярпеннямі, а глыбока звязана з даверам Богу. Жывучы гэтым даверам, прымаючы яго, дазваляйце, каб здзяйснялася прынесенае Хрыстом поўнае аднаўленне чалавечай істоты. Такім чынам вамі будзе кіраваць адвага, каб ісці супраць цячэння, калі гэта неабходна. Не паддаючыся ілюзіям індывідуалізму, усё ў большай ступені вы будзеце станавіцца людзьмі камуніі, аддаючы сябе ў дар іншым», — адзначаецца ў пасланні. «Няхай Дух Святы пасля вашага вяртання дадому напоўніць вас пачуццём любові без межаў, няхай адорыць вас уяўленнем і адвагай адкрыцця таго, як ператварыць вашы супольнасці ў месцы, поўныя дабрыні сэрца і даверу. Супакой, які Ён удзеліць вам, будзе распаўсюджвацца на іншых людзей і на свет», — жадае моладзі Святы Айцец. Запрашаючы маладых людзей на сустрэчу ў Мадрыдзе (Іспанія) з нагоды Сусветнага дня моладзі ў жніўні 2011 г., Папа аддае ўдзельнікаў мерапрыемства заступніцтву Найсвятой Дзевы Марыі, Маці вернікаў, якая «ў Кане была сведкай радасці, якую яе Сын прынёс свету», і ўдзяляе моладзі апостальскае блаславенне. Паводле Catholic.by Вярнуцца назад |