Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Каляднае пасланне Святога Айца «Urbi et orbi» (Гораду Рыму і свету)

Каляднае пасланне Святога Айца «Urbi et orbi» (Гораду Рыму і свету)


27.12.2010.
Каляднае пасланне Святога Айца «Urbi et orbi» (Гораду Рыму і свету)«Verbum caro factum est» (Слова сталася целам)

Дарагія браты і сёстры, што слухаеце мяне з Рыма і з усяго свету, з радасцю абвяшчаю вам каляднае пасланне: Бог стаў чалавекам і прыйшоў жыць сярод нас. Бог не далёка ад нас: Ён блізка, бо ёсць «Эммануэль» — Бог з намі. Ён не чужы, бо мае твар, твар Езуса.

Гэта пасланне заўсёды новае, тое, якое заўсёды захапляе, таму што пераўзыходзіць усе самыя смелыя нашы надзеі. Перш за ўсё таму, што не з'яўляецца толькі здарэннем, выпадкам, што поўныя даверу сведкі бачылі, чулі, змаглі дакрануцца да Асобы Езуса з Назарэта. Будучы з Ім, назіраючы за Яго дзеяннямі і слухаючы Яго словы, яны прызналі ў Езусе Месію і, бачачы Яго ўваскрослым, пасля ўкрыжавання, яны былі ўпэўнены, што Ён, сапраўдны чалавек, быў у той жа час сапраўдным Богам, Сынам Адзінародным, які прыйшоў ад Айца, поўны ласкі і праўды (пар. Ян 1, 14).

«Слова сталася целам». Сутыкнуўшыся з гэтым адкрыццём, мы зноў задаем сабе пытанне: як гэта магчыма? Слова і цела на самой справе процілеглыя адно аднаму; як можа Усемагутнае і Вечнае Слова стаць слабым і смяротным? Існуе толькі адзін адказ: гэта Любоў. Хто любіць, хоча падзяліцца з тым, каго любіць, хоча паяднацца з Ім, і Святое Пісанне паказвае нам вялікую гісторыю любові Бога да свайго народа, якая завяршылася ў Езусе Хрысце.

І сапраўды, Бог не змяняецца: Ён верны сабе самому. Той, хто стварыў свет, з'яўляецца тым, які клікаў Абрагама і які адкрыў сваё Імя Майсею: Я той, хто ёсць... Бог Абраама, Ісаака і Якуба. Бог міласэрны і ласкавы, шматміласэрны і верны (Зых 3, 14–15; 34, 6). Бог не змяняецца, Ён — Любоў, спрадвеку і назаўсёды. У ім самім заключана еднасць, адзінтва ў Тройцы і кожная Ягоная дзейнасць і слова скіраваны да еднасці. Уцелаўленне з’яўляецца вяршыняй стварэння. Калі ва ўлонні Марыі, па жаданні Нябеснага Айца і праз дзеянне Духа Святога, быў зачаты Езус, Сын Божы стаў чалавекам, стварэнне дасягнула сваёй вяршыні. Пачатак ўпарадкавання сусвету, Логас, пачаў сваё існаванне ў свеце, у часе і прасторы.

«Слова сталася целам». Святло гэтай праўды адкрываецца ў тых, хто прымае яе з верай, таму што гэта таямніца любові. Толькі тады, калі веруючыя адкрыюцца на любоў, будуць агорнуты святлом Божага Нараджэння. Так было ў бэтлеемскую ноч, так ёсць і сёння. Уцелаўленне Божага Сына — гэта падзея, якая адбылася ў гісторыі, але ў той жа час тая, якая перавышае яе . Уначы свету запальваецца новае святло, якое можна ўбачыць простымі вачыма веры, лагодным і пакорлівым сэрцам, тым, якія чакаюць Збаўцу. Калі б гэтая праўда была простай матэматычнай формулай, то яна ў пэўным сэнсе супярэчыла б сама сабе. Калі Праўда — гэта Любоў, яна жадае веры, «так» нашага сэрца.

А чаго на самой справе шукае нашае сэрца, калі не Праўды, якая была б Любоўю? Яе шукае дзіця са сваімі пытаннямі, такімі прывабнымі і ўзбуджанымі; яе шукае юнак, які прагне зразумець глыбіню сэнсу свайго жыцця; яе шукае мужчына і жанчына ў іх сталасці, каб кіравацца ёю, выконваючы абавязкі ў сям’і і на працы; яе шукае пажылая асоба, каб дапоўніць зямное існаванне.

«Слова сталася целам». Вестка пра Божае Нараджэнне з’яўляецца святлом для народаў, для калектыўнага падарожжа чалавецтва. «Эммануэль», Бог з намі, прыйшоў як Цар справядлівасці і міру. Ягонае Валадарства — як мы ведаем — не з гэтага свету, яно найважнейшае з усіх валадарстваў гэтага свету. Яно, як закваска для чалавецтва: калі яе недастаткова, то менш сілаў, якія падштурхоўваюць да сапраўднага развіцця: да жадання працаваць дзеля супольнага дабра, да самаадданага служэння іншым, да мірнай барацьбы за справядлівасць. Вера ў Бога, які пажадаў прыняць удзел у нашай гісторыі, з’яўляецца пастаянным заахвочваннем да ўдзелу ў ёй, нават перад абліччам супярэчнасцяў. Яна з’яўляецца крыніцай надзеі для тых, чыя годнасць зневажаецца і парушаецца, таму што той, хто нарадзіўся ў Бэтлееме, прыйшоў вызваліць чалавека з каранёў усялякай няволі.

Святло Божага Нараджэння нанава ззяе на той зямлі, дзе нарадзіўся Езус, яно натхняе ізраільцянаў і палестынцаў да пошуку справялівага і мірнага суіснавання. Суцяшальная вестка аб прышэсці Эммануэля нясе супакой і суцяшэнне ў выпрабаваннях дарагім хрысціянскім супольнасцям у Іраку і на ўсім Блізкім Усходзе, даючы ім суцяшэнне і надзею на будучыню, натхняючы кіраўнікоў гэтых народаў да практычнай салідарнасці з імі. Няхай гэта здарыцца таксама на карысць тых, хто ў Гаіці па-ранейшаму пакутуе ад наступстваў землятрусу і ад эпідэміі халеры, якая выбухнула не так даўно. Таксама няхай не будуць забыты тыя, хто ў Калумбіі і ў Венесуэле, у Гватэмале і Коста-Рыкі пацярпелі ад нядаўніх стыхійных бедстваў.

Нараджэнне Збаўцы няхай адкрые перспектывы трывалага міру і сапраўднага прагрэсу для народаў Самалі, Дарфуру і Кот-д’Івуар; няхай садзейнічае палітычнай і сацыяльнай стабільнасці на Мадагаскары; прынясе бяспеку і пашану правоў чалавека ў Афганістане і Пакістане; няхай заахвоціць да дыялога паміж Нікарагуа і Коста-Рыка; няхай спрыяе прымірэнню на Карэйскім паўвостраве.

Святкаванне Нараджэння Адкупіцеля няхай узмоцніць дух веры, цярплівасці і мужнасці ў вернікаў Касцёла ў кантынентальным Кітаі, каб не падалі духам з-за абмежаванняў іх рэлігійнай свабоды і сумлення і, трываючы ў вернасці Хрысту і Ягонаму Касцёлу, няхай падтрымлівае жывое полымя надзеі. Любоў «Бог з намі» няхай зробіць трывалымі ўсе хрысціянскія супольнасці, якія пакутуюць ад дыскрымінацыі і пераследу і натхніць палітычных і рэлігійных кіраўнікоў узяць на сябе абавязкі паважаць рэлігійную свабоду ўсіх.

Дарагія браты і сёстры, «Слова сталася целам» і прыйшло жыць сярод нас, стала Эммануэлем, Богам, які стаў блізка нас. Будзем супольна разважаць над гэтай вялікай таямніцай любові, дазволім асвяціць нашае сэрца святлом, якое свеціць ў бэтлеемскім гроце. Вясёлых святаў Божага Нараджэння ўсім вам!

Паводле Ватыканскага Радыё і catholic.by

Вярнуцца назад