Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Вечная яму памяць

Вечная яму памяць


18.11.2010.
Вечная яму памяцьАдышоў да Госпада Янка Жучка

16 лістапада 2010 г. у Бэльгіі (у Вільвордэ побач з Брусэлем) памёр на 83 годзе жыцьця Янка Жучка, вернік беларускай грэка-каталіцкай парафіі Сьвятамучаніка Язафата, Архібіскупа Полацкага і Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Антвэрпане, выдатны прадстаўнік пасьляваеннай хвалі беларускай эміграцыі на Захадзе, вялікі патрыёт Беларусі.

Пахавальная служба сьвятой памяці заснулага слугі Божага Янкі адбудзецца ў Брусэле ў панядзелак 22 лістапада. Яе ўзначаліць Апостальскі Візітатар для беларусаў Замежжа мітрафорны протаярэй Аляксандр Надсан з Лондану і пробашч беларускай грэка-каталіцкай парафіі ў Антвэрпане а. Ян Майсейчык.

У Менску заўпакойная служба за душу сьвятой памяці Янкі Жучкі будзе служыцца 23 лістапада 2010 г. у ніжнім храме чырвонага касьцёла ў 18:30.

Супакой, Госпадзе, душу заснулага слугі Свайго.
Вечная яму памяць


* * *

Янка Жучка нарадзіўся ў вёсцы Лучыны Нясьвіскага павету Наваградзкага ваяводзтва (цяпер Клецкі раён Менскай вобласьці).
Ён скончыў 6 клясаў пад Польшчай, потым яго прынялі ў пятую клясу савецкай школы, пад нямецкай акупацыяй ён вучыўся ў сярэдняй тэхнічнай школе ў Клецку. У 1944 ён выехаў у Нямеччыну.

Пасьля заканчэньня ІІ сусьветнай вайны Янка Жучка зарэгістраваўся ў лягеры перамешчаных асобаў у Рэгенсбургу і паступіў у тамтэйшую Беларускую гімназію, Пасьля гімназіі Жучка здаў экзамэн у нямецкую вышэйшую тэхнічную вучэльню ў Карлсруэ, але з прычыны вычарпанай квоты для перамешчаных асобаў вучыцца там ня стаў.
У 1950 Янка Жучка атрымаў стыпэндыю на вучобу ў Лювэнскім унівэрсытэце ў Бэльгіі (у гарадку Лювэн побач з Брусэлем), дзе паступіў на палітэхнічны факультэт і закончыў яго з дыплёмам інжынэра-будаўніка. А потым Янка Жучка стаў спэцыялістам у галіне сталёвых канструкцый эўрапейскага маштабу.
І ўвесь час ён быў актыўны ў жыцьці беларускай дыяспары на Захадзе.

У 2002 г. Янка Жучка прыняў актыўны ўдзел у арганізацыі беларускай грэка-каталіцкай парафіі Сьвятамучаніка Язафата, Архібіскупа Полацкага і Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Антвэрпане.

Біяграфія паводле: www.svaboda.org

Вярнуцца назад