Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > 13 лістапада - памяць сьвяціцеля Яна Залатавуснага, патрыярха Канстантынопальскага
13 лістапада - памяць сьвяціцеля Яна Залатавуснага, патрыярха Канстантынопальскага12.11.2010. |
|
Сьвяціцель Ян нарадзіўся ў Антыёхіі каля 347 году. Бацька яго, Сэкунд, быў ваеначальнікам і вельмі рана памёр. Маці, Анфуса, другі раз ужо не бралася шлюбам ды ахвяравала ўсе свае сілы на выхаваньне Яна. Сярод настаўнікаў у яго былі выдатныя грэцкія філосафы, але мудрасьць сьвету ўсё адно не перашкодзіла Яну, які вельмі рана пачаў вывучаць Сьвятое Пісаньне і праходзіць катэхэзу ў самога сьвяціцеля Мялета Антыяхійскага, ды пасьля гэтага быў ахрышчаны прыблізна ў 20 год. Пасьля хросту Ян не вярнуўся да звычайнага жыцьця, але ахвяраваў свае сілы на служэньне Царкве і далейшае знаёмства з боскімі навукамі. Пасьля сьмерці маці ён вырашыў цалкам ахвяраваць сваё жыцьцё Богу ды прыняў манаства. Калі яго праз пэўны час хацелі паставіць на біскупа, дык ён адмовіўся, гаворачы пра пакору і нягоднасьць, ды застаўся на пустыні, дзе правёў некалькі год ды напісаў некалькі цудоўных багаслоўскіх працаў. Два гады ён правёў у поўным маўчаньні і ў самотнасьці, жывучы ў пячоры. Калі Ян вярнуўся ў Антыёхію, біскуп Мялет адразу паставіў яго ў дыякана. Ласка Божая падзейнічала яшчэ мацней, бо сьв. Ян адразу прыняўся за працу ды за некалькі год напісаў яшчэ шэраг цудоўных словаў і працаў, вучачы людзей хрысьціянскаму шляху. Нарэшце, праз 5 год служэньня ў дыяканскім сане, ў 386 годзе, калі Яну было ўжо каля 39 год, ён быў рукапакладзены ў сьвятары, і тады адкрыўся яшчэ адзін ягоны талент – талент прапаведніка Слова Божага. За гэты талент ён атрымаў ад людзей імя “Залатавусны”. 12 год служыў Ян сваімі талентамі, як прапаведніцтвам, так і пісаньнем новых кніг – тлумачэньняў на кнігі Бібліі – Царкве ў Антыёхіі, але Госпад паклікаў яго на важнейшае служэньне – у тагачасную сталіцу, ў Канстантынопаль, дзе памёр Патрыярх. І новым Патрыярхам Канстантынопальскім стаў у 397 годзе сьвяты Ян Залатавусны. Як і раней, з новым служэньнем былі звязаныя і новыя дары Духа, якія неўзабаве праявіліся у харытатыўным служэньні (а Ян адразу пачаў клапаціцца пра лякарні і жыльлё для паломнікаў), у пастырстве (адной з першых справаў, якой заняўся сьв. Ян, было духовае ўдасканаленьне сьвятароў) і ў малітоўным жыцьці, бо менавіта сьв. Ян уклаў чын Літургіі, паводле якога мы, вернікі Царквы бізантыйскай традыцыі, молімся дагэтуль, і пашыраў антыфонны сьпеў у багаслужбах. Мучаніцкі вянец таксама не абмінуў сьв. Яна, якога, за крытыку распусных нораваў жыцьця ў сталіцы, некалькі разоў высылалі на выгнаньні (на тэрыторыі сучаснай Арменіі). Там, на выгнаньні, ён і адышоў да Госпада 14 верасьня 407 г. Апошнімі словамі яго былі “Слава Богу за ўсё”. Пазьней мошчы ягоныя былі вернутыя ў Канстантынопаль, што суправаджалася рознымі цудамі і аб’явамі. Сёньня мы сьвяткуем ягоную памяць у іншы дзень, дзеля сьвята Ўзвышэньня Крыжа, што прыпадае на 14 верасьня. Але памяць яго святкуецца двойчы: 13 лістапада – самастойна, і 30 студзеня – у саборы трох вялікіх сьвяціцеляў. Але ягонае імя гучыць у Царкве хрыстовай амаль штодня падчас Боскай літургіі і сапраўды залатыя словы, што выйшлі з ягоных вуснаў, дагэтуль натхняюць нас на сьледаваньне за Хрыстом і дапамагаюць ісьці па жыцьці Ягоным шляхам, пазнаючы Ягоныя запаветы і робячы Ягоныя ўчынкі… Ойча сьвятаначальніку Яне, малі Госпада нашага і Збаўцу Ісуса Хрыста за ўсіх нас! Вярнуцца назад |