Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Моладзь Львова малілася за мір у сьвеце

Моладзь Львова малілася за мір у сьвеце


26.05.2008.
21-23 траўня 2008 г. на плошчы Данілы Галіцкага ў Львове, адбылася малітоўная акцыя “Кніга міру”, удзел у якой прыняла моладзь розных хрысьціянскіх канфесіяў. Мэта акцыі – аб’яднаць у супольнай малітве маладых людзей розных канфесіяў, сьведчыць пра Хрыста і Яго любоў у жыцьці кожнага чалавека.

Падчас правядзеньня акцыі з маладымі хрысьціянамі маліліся маладзёвыя хрысьціянскія гурты, валанцёры частавалі людзей цукеркамі з цытатамі са Сьвятога Пісаньня, і запрашалі запісаць свае інтэнцыі ў “Кнігу міру”.

Сёлета “Кнігу міру” падрыхтавала Каардынацыйная рада маладзёвых хрысьціянскіх арганізацыяў Львоўскай архіепархіі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Да акцыі далучыліся Ўкраінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква і Ўкраінская Праваслаўная Царква Кіеўскага Патрыярхату, якія напрацягу гэтых дзён падчас набажэнстваў маліліся ў інтэнцыі “Кнігі міру”. Украінская Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату далучылася да экуменічнай малітвы Акафістам.

“Кніга міру” – гэта малітва за моладзь, за адшуканьне ёю свайго сапраўднага пакліканьня, за яе жыцьцё ў веры, заснаванае на сапраўдных хрысьціянскіх каштоўнасьцях. Сёлета асаблівай малітоўнай інтэнцыяй акцыі стала малітва за моладзь, якая пакутуе ад розных сацыяльных праблемаў.

Вярнуцца назад