Парафія сьвятога Язэпа > Юбілейны год > 19 верасня 2010 адбудзецца ў Слоніме святкаванне 280-х угодкаў Каранацыі Жыровіцкай Іконы Маці Божай
19 верасня 2010 адбудзецца ў Слоніме святкаванне 280-х угодкаў Каранацыі Жыровіцкай Іконы Маці Божай13.09.2010. |
![]() Папам Рымскім быў тады Клімент XII (12 VII 1730 – 6 II 1740), але рашэнне «ўзлажыць на галаву Богадзіцяці Ісуса і Багародзіцы Дзевы ў г. Жыровіцах у царкве айцоў ордэна св. Васіля, Кіеўскага дыяцэза, залатыя кароны» было прынята яшчэ ў 1726 годзе, у час пантыфікату Папы Бенядыкта ХІII (29 V 1724 – 21 II 1730). На той час было вядома тры выявы Жыровіцкай Іконы Маці Божай, якія праславіліся цудамі: Першая – каменная, якая цудоўна з’явілася ў XV стагоддзі і знаходзілася ў Жыровічах. Другая – Ікона-фрэска з базыліянскай царквы св. Сяргея і Вакха ў Рыме. Трэцяя (мастацкая копія другой), якая была напісана на палатне, як копія рымскай Іконы-фрэскі. Гэтая Ікона была каранаваная папскімі каронамі і зараз шануецца ў Слоніме, ў касцёле св. Андрэя. У свята Нараджэньня Багародзіцы – 19 (8) верасьня 1730 г. уніяцкі мітрапаліт Атанас Шаптыцкі, у прысутнасці Пасланніка Папы, біскупаў Уладзімірскага і Берасцейскага Тэафіла (Гадэбскага) ды Пінскага і Тураўскага Юрыя (Булгака) здзейсніў урачысты акт каранацыі. Гэта была першая каранацыя папскімі каронамі абраза Маці Божай, што праходзіла на тэрыторыі сучаснай Беларусі. На працягу стагоддзяў перад гэтай Іконай маліліся грэка-католікі (уніяты), рыма-католікі, праваслаўныя. Пілігрымы прыбывалі і прыбываюць з розных рэгіёнаў Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны, Расеі. Жыровіцкая Заступніца стала сапраўды Маці Еднасці хрысціянаў. Малітоўны ўспамін Каранацыі Жыровіцкай Іконы Маці Божай адбудзецца у нядзелю 19 верасня 2010 г. ў касцёле св. Андрэя ў Cлоніме, якім апякуюцца Айцы Капуцыны. Урачыстасць узначаліць Найдастойны Апостальскі Нунцый у Беларусі Яго Эксцэленцыя Архібіскуп Марцін Відавіч, з удзелам Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, духавенства і вернікаў лацінскага і візантыйскага aбрадаў. Гэта будзе набажэнства падзякі Богу за апеку Багародзіцы над усімі жыхарамі Беларусі ды час малітвы аб Божым Блаславенні для нашай Бацькаўшчыны. Сардэчна запрашаем да супольнай малітвы. +Біскуп Аляксандр Кашкевіч Біскуп Гродзенскі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі +Архімандрыт Сяргей (Гаек) Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Вярнуцца назад |