Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Мітрапаліт Філарэт выступіў на буйнейшым еўрапейскім хрысціянскім форуме
Мітрапаліт Філарэт выступіў на буйнейшым еўрапейскім хрысціянскім форуме27.08.2010. |
|
Больш за 5 000 чалавек (у большасці сваёй - хрысціянскай моладзі з Італіі і іншых краін Еўропы) сабраліся ў канферэнц-зале выставачнага комплексу г. Рыміні (Італія), каб выслухаць паведамленне Прадстаяцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы на тэму "Ці можа сучасны адукаваны еўрапеец верыць у рэальнасць Ісуса Хрыста, Сына Божага?" Партнёрам Мітрапаліта Філарэта па багаслоўскіх развагах стаў Прэзідэнт Рады біскупскай канферэнцыі Еўропы Архібіскуп Эстэргомскі і Будапешцкі Кардынал Петэр Эрдзё, Прымас Вугоршчыны. Перад выступам Яго Высокапраасвяшчэнства даў інтэрв'ю 1-му Нацыянальнаму тэлеканалу Італіі. Па завяршэнні дакладаў адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам Патрыяршага Экзарха. Як заявіла агенцтву "Дабравест-інфо" аташэ па культуры Прадстаўніцтва Ватыкана ў РФ, сябра фонду "Хрысціянская Расія", сталы актыўны ўдзельнік падрыхтоўкі Мітынгу Джавана Паравічыні, упершыню за больш чым 30-гадовую гісторыю Мітынгу Рыміні наведаў "такі высокі госць з РПЦ". Па словах спадарыні Паравічыні, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт звярнуўся да ўдзельнікаў форума з "тэмай, якая ўзятая з кантэксту рускай культуры. Ці можна верыць у рэальнасць Хрыста, быўшы сучасным цывілізаваным еўрапейцам? - упершыню так гэтае пытанне паставіў Ф.М. Дастаеўскі ў "Бесах". Вядома, веру можна разумець як элемент традыцыі, культуры, і тады яна займае вызначаную нішу. Але калі вера - гэта ключ да ўсяго светапогляду чалавека, да ўсяго яго жыцця, - гэта зусім іншае, і гэта з'яўляецца выклікам сучаснасці". Паводле задум заснавальнікаў форума, выступы Мітрапаліта Філарэта і Кардынала Эрдзё павінны былі задаць тон усяму Мітынгу. Паказаная праблема (суадносіны хрысціянства і псіхалогіі сучаснага еўрапейца) і яе разуменне, прапанаванае двума бачнымі іерархамі Праваслаўнай і Рымска-Каталіцкай Цэркваў, была закліканая дапамагчы ў раскрыцці галоўнай тэмы мерапрыемства. Сёлета арганізатары форума - актывісты руху Communione e Liberazione (CeL) - вынеслі на абмеркаванне тэзу "Сэрца чалавека - гэта тая прырода, якая падахвочвае яго імкнуцца да вялікага". "У сучаснай культуры сэрца звязана выключна са сферай пачуццяў: "жадаю - не жадаю", "як сэрца дыктуе" і г.д. Таму так хутка ўзнікаюць сувязі і разрывы паміж людзьмі. А на Мітынгу мы будзем казаць аб тым, як разумеецца сэрца ў Святым Пісанні, дзе чалавек з'яўляецца створаным па выяве і падабенству Божаму, а сэрца - гэта тая прырода, якая паднімае яго над штодзённасцю і прымушае […] імкнуцца да ўзнёслага", - так пракаментавала Дж. Паравічыні лейтматыў Мітынгу. Тэме біблейскай трактоўкі сэрца ў рамках форума прысвечаныя публічныя лекцыі і абмеркаванні ў камерным фармаце, выставы, кніжныя прэзентацыі, сустрэчы з людзьмі розных прафесій, нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Мітынг адгукнуўся і на значныя гісторыка-культурныя даты: так, у яго рамках адкрылася выстава, прымеркаваная да 200-годдзя са дня нараджэння Фрыдэрыка Шапэна. Адмысловае месца ў праграме Мітынгу традыцыйна займае руская тэма, розныя аспекты якой штогод раскрывае фонд "Хрысціянская Расія". Сёлета гераіняй рускай праграмы форума стала піяністка Марыя Юдзіна (1899, г. Невель Віцебскай губерні. - 1970). Як заўважыла Дж. Паравічыні, якая выступіла суаўтарам (разам з рэжысёрам Я. Назаравым) фільма аб М. Юдзінай і якая выдала кнігу аб ёй, "гэта быў чалавек незвычайна рознабаковы: яна была выбітным музыкам і актыўнай хрысціянкай у самыя цяжкія для рэлігіі часы ў СССР". Памяці М. Юдзінай на Мітынгу прысвечана літаратурна-музычная кампазіцыя. XXХI хрысціянскі форум у Рыміні працягнецца да 28 жніўня. Па матэрыялах: Дабравест-інфо/Sibcatholic Вярнуцца назад |