Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Чуйнасьць сэрца
Чуйнасьць сэрца21.08.2010. |
|
XIII нядзеля пасля Пяцідзесятніцы
Дарагія браты, дарагія сёстры! 1. «Чувайце, стойце ў веры, будзьце мужнымі і цьвёрдымі!» (1 Кар 16, 13). Гэтымі словамі сьв. апостал Павал зьвяртаецца ня толькі да карынфянаў, але таксама да ўсіх нас, якія слухаем Слова Божае. Што азначае гэты заклік? Што на практыцы ў нашым духоўным жыцьці азначае «чуваньне»? На гэтыя пытаньні намагаліся даць адказ хрысьціяне ўжо першых стагодзьдзяў. Адным з духоўных настаўнікаў раньняга хрысьціянства, які вучыў пра «чуваньне» быў Евагрый з Понту. Евагрый зьвяртае ўвагу сваіх вучняў на патрэбу паставіць ля брамы свайго розуму вартаўніка, які нястомна будзе дасьледваць кожную думку, што будзе намагацца ўвайсьці брамай. Падобна таму, як Ісус Навін адважна запытываў ва ўзброенага анёла: «ты ад нас, ці ад нашых непрыяцеляў?» (пар. Нав 5, 13б), таксама і мы пакліканы да таго, каб растаропна ацэньваць свае думкі, помыслы, што прыходзяць у галаву і разумець, да чаго яны нас вядуць. 2. Напэўна, для шмат каго будзе адкрыцьцём, што хрысьціяне надаюць такую вялікую ўвагу думкам. Аднак, ні для каго, не зьяўляецца таямніцай той факт, што мыслі і мысленьне можа моцна ўплываць на нас. Калі мы думаем пра прыемные рэчы, то такіе думкі выклікаюць у нас інтузіазм і добры настрой, радасьць; калі ж пра дрэнныя рэчы – такія думкі выклікаюць у нас сум і заламаньне. Вось жа, аказваецца, што мы можам самі кантраляваць тое, пра што нам думаць. Больш таго, мастацтва кіраваньне думкамі зьяўляецца зьместам нашага духоўнага жыцьця! Сам Ісус даў нам прыклад кантраляваньня помыслаў, калі быў выпрабаваны д'яблам. У чацьвёртым разьдзеле Евангельля паводле Мацьвея мы можам прачытаць, што д'ябал спакушаў Збаўцу, падсоўваючы Яму розныя думкі. Спачатку вораг прапануе Хрысту ператварыць каменьні ў хлеб, потым прапануе Яму кінуцца з храму і ўрэшце хоча даць Збаўцы ўсе царствы сьвету, калі той паклоніцца яму. Аднак, на кожны наказ шатана Ісус адказвае вершам са Сьвятога Пісаньня. Апошнія ж Ягоныя словы: «адыйдзі ад Мяне, сатана; бо напісана: "Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы"» (Мц 4,10). 3. У нашым штодзённым жыцьці мы маем дачыненьне з вялікай колькасьцю розных мыслей. Трэба навучыцца «бачыць» сярод іх тыя, якія найбольш уплываюць на наш унутраны настрой, на нашыя паводзіны, на нашыя адносіны да іншых людзей. Ня трэба баяцца запытаць сябе: адкуль я маю такі помысл? Адкуль ён прыходзіць і да чаго мяне завядзе? Калі мы ацэнілі такую думку, як благую, то трэба рэагаваць. Падобна Ісусу, мы можам выкарыстоўваць да барадзьбы наш духоўны меч – Слова Божае. Калі варожы помысл падказвае нам, што мы заблукалі ў сваім жыцьці, што нашая пабожнасьць нам нічога не дае, і што ўвогуле няма сэнсу чакаць посьпеху ў распачатай намі справе, можам узгадаць словы апостала Пятра: «Госпадзі! да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага» (Мц 6,68б). У кожнай канкрэтнай сітуацыі Сьвяты Дух падкажа нам адпаведныя вершы Слова Божага. Адпаведныя вершы Сьвятога Пісаньня прыйдуць нам на дапамогу толькі тады, калі яны раней былі прачытаныя і разважаныя, перажытыя ў малітве. Валодае мячом добра той, хто рэгулярна практыкуецца, таксама мячом духоўным – Словам Божым – зможа авалодаць той, хто рэгулярна малітоўна яго чытае. Аднак у асенале хрысьціяніна, які хоча чуваць перад брамай свайго розуму, існуюць і іншыя гатункі зброі. Сапраўдны ж майстар можа перамагчы нават бяз зброі – у кожнага з нас заўсёды застаецца свабода выбару. Свабода выбару – гэта свабода выбіраць паміж дабром і злом. Ты заўсёды можаш сказаць цьвёрдае і рашучае «НЕ» благой думцы, ты зможаш чуваць над сваім жыцьцём, ты зможаш быць мужным і цьвёрдым, калі гэтага будуць патрабаваць ад цябе абставіны. Вярнуцца назад |