Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > “...а я і дом мой будзем служыць Госпаду” (Іс.Нав.24.15)
“...а я і дом мой будзем служыць Госпаду” (Іс.Нав.24.15)14.08.2010. |
|
“У твары Жаніха кожны з нас знаходзіць падабенства да твараў тых, з кім нас зьвязала любоў па гэтым баку жыцьця і экзістэнцыі. У Ім усе.” Словы Адама з пьесы Караля Вайтылы “Перад крамай ювеліра” У лісьце да філіпійцаў апостал Павал разважае над таямніцай уцелаўленьня Хрыста. Апісвае, калі можна сказаць так суха, этапы нашага збаўленьня ад “быўшы ў Божай прыродзе”(Флп.2.6) да “сьмерці, і сьмерці крыжовай”(2.8), і ўсё гэта праз тое, што Хрыстос “упакорыў Сябе і быў паслухмяны”(2.8). У гэтых разважаньнях Павал зьвяртае ўвагу на тое, што нашае збаўленьне залежала ад “пакоры” і “паслухмянасьці” Ісуса Хрыста волі Бога Айца. У мяне, само сабою, узьнікаюць пытаньні, а наколькі маё збаўленьне залежыць ад маёй пакоры і паслухмянасьці Богу? А наколькі збаўленьне маёй жонкі і маіх дзяцей, увогуле збаўленьне маіх блізкіх залежыць ад мяне? У першым выпадку адказ, канешне, відавочны, так залежыць на прамую, хочаш у Валадарства Нябеснае разам з Хрыстом – дык ідзі за Ім, па ягоных слядах, гэта азначае ў пакоры і паслухмянасьці. Але перад тым, як адказаць на другое пытаньне, добра прыгадаць сабе словы апостала Пятра ў дзень Пяцідзесятніцы: “…бо вам належыць абяцаньне і дзецям вашым і ўсім далёкім, каго толькі пакліча Гасподзь Бог наш”(Дз.2.39), а яшчэ лепш прыгадаць сабе навяртаньне ахоўніка цямніцы, у якую патрапіў апостал Павал, які тады запытаў: ”што мне рабіць, каб уратавацца? А апостал адказаў: “Веруй у Госпада Ісуса Хрыста, і ўратуешся ты і ўвесь дом твой”(Дз.16.30-31). Такім чынам на другое пытаньне я адкажу сабе таксама, як на першае: так, залежыць, залежыць ад маёй веры Богу, ад таго наколькі я гатовы ісьці за Ім у сваім жыцьці наўпрост залежыць збаўленьне і маё і маіх бліжніх. Гэта накладае вялікую адказнасьць на мяне і за сябе самога, і за маіх хатніх, але адказнасьць – гэта свабодны выбар кожнага, і я разам з Ісусам Навінам хачу зрабіць свой выбар: “...я і дом мой будзем служыць Госпаду” (Іс.Нав.24.15) Уяўляю, як можа быць гэта цяжка, пасьля дваццаці гадоў сямейнага жыцьця, шчыра кажучы, добра ўяўляю, але менавіта дзякуючы свайму вопыту маю надзею, вялікую надзею на Міласэрнасьць Божую, на Ласку Духа Сьвятога і на заступніцтва Найсьвятой Багародзіцы Дзевы Марыі. Царква ў дзень Усьпеньня Багародзіцы ня толькі ўзгадвае ўсё жыцьцё Марыі, якое адзначылася, перад усім, паслухмянасьцю і пакораю волі Айца Нябеснага: “Вось, я раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго”(Лк.1.38), але і сьцьвярджае, Ейную асаблівую ролю заступніцы Нябеснай: “Дзявоцтва захаваўшы ў сынараджэньні Тваім, пасьля сьмерці сьвету не пакінула Ты, Багародзіца: да жыцьця пераставілася Ты, будучы Маці Жыцьця, і малітвамі Тваімі выбаўляеш ад сьмерці душы нашыя” (Трапар сьвята). Таму я разам з усёй Царквой клічу: Блаславёная Ты між жанчынаў, і блаславёнае ўлоньне Тваё, што зьмяшчала Хрыста. Аддаўшы ў Ягоныя сьвятыя рукі душу Тваю, маліся, Багародзіца, за збаўленьне душ нашых , маёй і маіх бліжніх... Вярнуцца назад |