Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Цяжэй прасіць прабачэньня, ці прабачаць?...

Цяжэй прасіць прабачэньня, ці прабачаць?...


8.08.2010.
“- Няўжо яна ніколі не вернецца сюды наверх? – спытала дзяўчынка.
- Ніколі! – адказалі ёй.
- А калі яна папросіць прабачэньня, паабяцае не рабіць так больш ніколі?
- Але яна зусім не хоча прасіць прабачэньня!
- Ах, як бы мне хацелася, каб яна папрасіла прабачэньня! – сказала малая і доўга не магла суцешыцца. – Я бы аддала свой цацачны домік, толькі б ёй дазволілі вярнуцца на зямлю! Бедная, бедная Інге!”
“Дзяўчына, якая наступіла на хлеб” Ганс Хрысьціян Андэрсэн

Мц. 18.23-35

У сёньняшняй прыповесьці Хрыстос на прыкладзе аднаго чалавека паказвае дзьве сітуацыі, у якія часта і мы можам патрапіць. Гэты чалавек у першай сітуацыі просіць прабачэньня (Мц.18.26), а ў другой прабачэньня просяць ў яго (Мц.18.29).

Чаму ж такі страшны канец прычакаў героя гэтай прыповесьці (Мц.18.34)? Ці толькі таму, што ён не “памілаваў” свайго сабрата? Мне здаецца, што ён не зразумеў, а нават у сваім эгаізме і не хацеў зразумець сутнасьці прабачэньня. Словы “прабач, я больш не буду”, павінны быць выкліканыя ня страхам пакараньня, ня страхам перад “гаспадаром”, але міласэрнасьцю, разуменьнем паставы Бога Айца, які ёсьць Міласэрны, разуменьнем словаў “Бо Я міласьці хачу, а не ахвяры, і Богаведаньня болей, чым усеспаленьняў.” (Ас.6.6) Тады, калі б ён прасіў шчыра, з пачуцьцём віны і сораму, пачуцьцём таго, што яму не хапае сілаў, але ён адкрыты перад сваім “гаспадаром”, ён бы змог прыняць прабачэньне, як акт міласэрнасьці і любові свайго “гаспадара”. Пачуцьцё страху, жывёльны інстынкт самазахаваньня чуецца ў ягоным “уладару! пацярпі на мне, і ўсё табе заплачу”. Таму ён і ня змог пазнаць усёй Міласэрнасьці “Гаспадара” і не атрымаў ласку Любові, якой ёсьць сам Бог (пар. 1Ян.4.16), таму і ня мог (!) ён прабачыць брата свайго…

Калі ты хоць раз прасіў прабачэньня, ты зможаш прабачыць і бліжняга свайго. Таму адносіны чалавека з Богам пачынаюцца з пакаяньня. Хрыстос пачаў сваё прапаведваньне са словаў “пакайцеся і верце ў Эвангельле” (Мк.1.15) Бог прабачыў нас, прымем гэтае прабачэньне і нам лёгка будзе прабачаць іншым…

Вярнуцца назад