Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Хто мае смагу?

Хто мае смагу?


22.05.2010.
Хто мае смагу?Дарагія браты! Дарагія сёстры!

1. Сёньня мы сьвяткуем сьвята Пяцідзесятніцы, сьвята, у якім мы адзначаем прыйсьце Сьвятога Духа... Што азначае для нас гэтая падзея і ў які спосаб мы маем да яе дачыненьне? Зьвярнём жа нашую ўвагу на толькі што пачуты фрагмент Евангельля. Ісус зьявіўся ў сьвятыні ў час юдэйскага сьвята намётаў. Пад час яго, між іншым, было прынята пераносіць ваду з Сілаамскага водасховішча ў сьвятыню на працягу сямі дзён. Рабілася гэта на ўспамін аб Божым цудзе ў Мярыве, дзе Бог захацеў напаіць свой народ вадою са скалы (Ліч 20,2-13).

Менавіта ў гэты час, калі на знак вады была зьвернута асаблівая ўвага, Ісус зьвяртаецца да прысутных у храме: «Хто мае смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е. Хто верыць у Мяне, як кажа Пісаньне, рэкі жывой вады пацякуць з ягонага ўлоньня» (Ян 7, 38). Каб у нас не было сумніваў, Евангеліст Ян запэўнівае нас, што Збаўца казаў ў гэты момант пра Сьвятога Духа. Ісус параўноўвае Сьвятога Духа да рэкаў жывой вады. Рака (а тым больш рэкі) – гэта рэчаіснасьць непрадказальная і незалежная ад чалавека. З другога ж боку, вада жывая – тая вада, што нясе жыцьцё, заўсёды ажыўляльная і дзейсная.

2. Што можам сказаць пра Сьвятога Духа праз гэта параўнаньне? Сьвяты Дух – напаўняе нас і натхняе, дапамагае нам рабіць рэчы, якія пераўзыходзяць нашыя чалавечыя мажлівасьці. Падобна рацэ, Ён выплывае з нашага сэрца, каб зьмяняць рэчаіснасьць, якая знаходзіцца ў нас і вакол нас. Ён, Сьвяты Дух, неабходны, каб мы мелі сувязь з нашым Богам, каб мы перакрочылі наше ўласнае ўяленьне пра сябе, каб мы рабілі немагчымае. Ён – тая вада, якую можа піць кожны. Для гэта трэба мець толькі смагу...

«Хто мае смагу, хай прыходзіць да мяне і п'е,» - кажа Ісус. Што гэта за смага, што за прагненьне? Смага гэтая – прагненьне Бога, які дае шчасьце і мір у сэрца. Смага гэтая – жаданьне паслужыць іншым, смага гэтая – жаданьне зьдзейсніць вялікія рэчы, не для сваёй славы, але для славы Божай. Смага гэтая – рэчышчы, па якіх бурлівым патокам пацякуць нашы рэкі Сьвятога Духа.

3. Дарагія браты, дарагія сёстры! Вось якое пытаньне трэба б было сёньня нам задаць сабе: ці я маю гэтую смагу? Ці рэчышчы ўжо прыгатаваныя, расчышчаныя? Дар Сьвятога Духа быў дадзены нам у Таямніцы Мірапамазаньня, аднак, ці карыстаюся я гэтым дарам? А быць можа я стаўся цёплым і жыву так, як быццам і не было той Сустрэчы... маёй сустрэчы з Хрыстом? Так можа стацца, што рэчышча тваё – сухое. Тады, калі ўсьцяж прагнеш шчасьця, калі ўсьцяж прагнеш, каб тваё жыцьцё прынесла плён – закліч дзейсную ваду жывую.

Вярнуцца назад