Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > НЯДЗЕЛЯ ЎСІХ СЬВЯТЫХ

НЯДЗЕЛЯ ЎСІХ СЬВЯТЫХ


18.05.2008.
(Габ 11, 33-12, 2 / Мц 10, 32-33, 37-38, 19, 27-30)


Сьвятасьць ці дасканаласьць?


Дарагія браты, дарагія сёстры!

1. Сёньня мы чуем словы Ісуса Хрыста, якія падаюцца не толькі цяжкімі, але нават абуральнымі: “Хто любіць больш за Мяне бацьку ці маці, той ня варты Мяне”. І трошкі раней: “...кожнага, хто мяне прызнае перад людзьмі, таго прызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць на небе. А хто мяне зрачэцца перад людзьмі, зракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць на небе” (Мц 10, 32-33).

Якім правам Ісус кажа гэтак!? Як Ён можа патрабаваць ад мяне любіць Яго больш, чым родную маці!? Хто Ён такі – гуру? А словы пра прызнаньне-адрачэньне: гэта што, гандаль? Драбязковая помсьлівасьць Ісуса? (“ты мне буку, а я табе бяку”).

2. Калі б Ісус быў бы толькі чалавекам, то такія папрокі можа і былі б слушнымі, але Ісус, акрамя таго, што зьяўляецца чалавекам, ёсьць Богам. Бог мае права так казаць! Гэтыя словы ня вырак, але сьцьверджаньне факту: Бог ёсьць пачаткам усяго, і той, хто любіць больш штосьці іншае, ставіць гэтую рэч (ці асобу) на месца Бога. А такі стан рэчаў ужо супярэчыць рэчаіснасьці, супярэчыць праўдзе...

Разважаючы словы Ісуса, зноў і зноў пераконваемся наколькі яны радыкальныя, наколькі цяжка адказаць на іх згодай, прыняць іх у сваё сэрца... Гэта цяжка – зрабіць Ісуса, Бога цэнтрам свайго жыцьця... Той, хто гэтак чыніў або чыніць, завецца сьвятым у нас, хрысьціянаў.

3. Вельмі часта сьвятасьць блытаюць (нават тыя, асабліва заангажаваныя ў царкоўнае жыцьцё) з маральнай дасканаласьцю. Паводле гэтага памылковага меркаваньня, сьвяты – той, хто ходзіць кожную нядзелю ў царкву, вычытвае ранішнія-вячэрнія малітвы, пасьціць як належыць, перад ежай жагнаецца і г. д.

Я не хачу сказаць, што дрэнна чыніць той, хто ўсё гэта робіць! Не. Але гэта не сьвятасьць. Усё гэта можа быць яе праявай , а можа і не быць... Сьвятасьць – гэта калі мы кожную хвіліну свайго жыцьця перажываем з Богам, калі мы аддаем Ісусу кожную жыцьцёвую сітуацыю. Калі мы выбіраем Яго, а гэта значыць – Праўду і Адзіную рэчаіснасьць.

4. Напэўна вы думаеце, сябры: “цяпер ужо мы даведаемся, што трэба рабіць, каб стаць сьвятым, а не дасканалым”. Не, мае дарагія, напэўна не ад мяне! Я не магу вам гэтага сказаць... Гэта кажа толькі сам Госпад у сэрцы кожнага з нас. А мы... А мы – будзем слухаць, што Ён да нас прамаўляе. Амін.

Вярнуцца назад