Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Зыход Сьвятога Духа (Тройца)

Зыход Сьвятога Духа (Тройца)


26.05.2012.
Агонь, вада, сьвет


(Дз 2, 1-11; Ян 7, 37-52, 8,12)


Дарагія браты! Дарагія сёстры!

1. Літургія Божага Слова сёньня, калі мы з вамі сьвяткуем Зыход Сьвятога Духа, паказвае Яго пры дапамозе трох вобразаў: агню, вады, сьвятла. Пра што говорыць гэта вобразнае апісаньне асобы Сьвятога Духа, Бога і трэцяй іпастасі Сьвятой Тройцы? Усе тры стыхіі (агонь, вада і сьвятло) маюць супольную рысу “праніканьня” (хоць кожная стыхія па-іншаму) у месцы, якія цяжка асягнуць. Туды дзе не пройдзе вада – пройдзе агонь, там дзе ня пройдзе агонь – пройдзе сьвятло…

2. Сьвяты Дух дзьме дзе захоча і пранікае ўсюль, а нават здабывае для сябе тых людзей, якія па-чалавечым разуменьні вельмі далёкія ад Бога. Яго дзеяньне падобна да агню, які распальвае нашыя сэрцы; вадзе, якая наталяе прагненьне Бога; сьвятлу, што аб'яўляе нам стан рэчаў.

Сьвяты Дух–Агонь – скіраваны на кожнага з нас асабіста. Ён – агонь асабістай сустрэчы з Богам. Сьвяты Дух–Вада – скіраваны на іншага чалавека дзеля аб'яўленьня яму Бога. Ён – струмені, што выплываюць з нашага чэрава дзеля іншых. Сьвяты Дух–Сьвятло – скіраваны на нашае жыцьцё. Ён – адказы на ўсе нашыя, нават цяжкія, пытаньні.

3. Сьвяты Серафім Сароўскі навучаў, што “здабыцьцё” Сьвятога Духа зьяўляецца сэнсам хрысьціянскага жыцьця. Гэтае здабыцьцё падобнае да здабыцьця людзьмі грошаў ды іншых матэрыяльных каштоўнасьцяў. Аднак як можам здабыць тое, што зьяўляецца дарам? – Нашая праца ў тым, каб працягнуць руку і ўзяць дар!

На гэтым шляху будзем карыстацца ўсім тым, што мы можам даць Богу за “здабыцьцё” Сьвятога Духа. Дайма Яму нашыя добрыя ўчынкі, нашу штодзённую працу, нашыя хваробы і раны, нашую радасьць… А перад усім дайма Яму нашую малітву падзякі і праслаўленьня за ТЫЯ рэчы, што Ён нам ўчыніў. Амін.

Вярнуцца назад