
22 сакавіка 2010 г. у мінскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены адбылося ўрачыстае адкрыцьцё выстаўкі фотаздымкаў сябра Фотаклуба «Мінск» Алены Шаліма. Экспазіцыя прысьвечана каранацыі цудатворнай Іконы Маці Божай Браслаўскай, што мела месца ў Браславе 22 жніўня 2009 г.

У адкрыцьці выстаўкі прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Біскуп Віцебскі Ўладзіслаў Блін і Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек). Выстаўка дакументуе самыя важныя моманты каранацыі Браслаўскай Іконы Маці Божай - Валадаркі Азёраў, у тым ліку і ўдзел грэка-католікаў Беларусі, Украіны і Расеі ў тых урачыстасьцях.

Пасьля адкрыцьця выставы Высокадастойныя ярархі разам з прысутнымі сьвятарамі служылі сьвятую Імшу, на якой Ўладыка Мітрапаліт Тадэвуш прамовіў казаньне да ўдзельнікаў Велікапосных рэкалекцыяў, што праходзяць у чырвоным касьцёле.
***

Ікона Маці Божай - Валадаркі Азёраў доўгі час знаходзілася ва ўніяцкім (грэка-каталіцкім) манастыры Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы на высьпе каля Браслава пад апекай манахаў з ордэна базыльянаў. Тады яе звалі “манастырскай” іконай.
Падчас перасьледу і ліквідацыі Уніяцкай (грэка-каталіцкай) Царквы ў Беларусі, Ікона была таемна перададзеная манахамі базыльянамі пад апеку рыма-каталіцкага касьцёла ў Браславе.
Крыніца: wwww.catholic.by
Фота кс. А. Амяльчэні