Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Хрыстос Уваскрос! – Сапраўды Ўваскрос!

Хрыстос Уваскрос! – Сапраўды Ўваскрос!


24.03.2008.
Хрыстос Уваскрос! – Сапраўды Ўваскрос!
Усе менскія грэка-католікі сьвяткавалі Ўваскрасеньне Госпада нашага Ісуса Хрыста ў Чырвоным касьцёле.

У пасхальную ноч, з 22 на 23 сакавіка, у Чырвоным касьцёле сьвв. Сымона і Алены сьвяткавалі Ўваскрасеньне Госпада нашага Ісуса Хрыста ўсе чатыры грэка-каталіцкія парафіі горада Менска. Урачыстасьці распачаліся адразу пасьля рыма-каталіцкай Пасхальнай Вігілійнай Імшы, на якой прадстаяў Яго Эксцэленцыя Апостальскі Нунцый ў Рэспубліцы Беларусь Арцыбіскуп Марцін Відавіч.

Хрыстос Уваскрос! – Сапраўды Ўваскрос!

Уладыка Марцін напрыканцы рыма-каталіцкай Пасхальнай Вігіліі сказаў Віншавальнае слова, якім фактычна і распачалося сьвяткаваньне Пасхі для грэка-католікаў. Адразу пасьля Віншавальнага Слова (каля поўначы) ўсе вернікі, прысутныя ў касьцёле – як лацінскага, так і ўсходняга абраду – узялі ўдзел ва ўрачыстай працэсіі вакол касьцёла. Пад час урачыстай працэсіі вернікі БГКЦ шматкротна сьпявалі трапар: “Уваскрасеньню Твайму, Хрысьце Спасе, анёлы ў небе пяюць песьню хвалы: дай і нам тут на зямлі з чыстым сэрцам славіць Цябе”. Напрыканцы працэсіі перад зачыненымі дзвярыма касьцёла быў прачытаны пасхальны ўрывак з Евангельля, і Нунцый, паводле бізантыйскай традыцыі, тройчы пагрукаў крыжом ў зачыненыя дзьверы касьцёла, якія пасьля гэтага расчыніліся, пускаючы вернікаў у храм. Гэтая старажытная традыцыя сімвалізуе Хрыста, што адчыніў брамы пекла.

Хрыстос Уваскрос! – Сапраўды Ўваскрос!

Пасьля ўрачыстай працэсіі распачалася Пасхальная Ютрань. Асаблівыя тэксты, шматлікія каджэньні, агульны дынамізм, ды гучныя шматлікія воклічы: “Хрыстос Уваскрос – Сапраўды ўваскрос!” заражалі пасхальнай радасьцю ўсіх прысутных. Пасля Ютрані распачалася Боская Літургія сьв. Яна Залатавуснага, якая трывала прыкладна да пятай раніцы. На Ютрані, таксама як і на Боскай Літургіі, прадстаяў Уладыка архімандрыт Сяргей (Гаек) Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі ў саслужэньні чатырох душпастыраў менскіх грэка-каталіцкіх парафіяў. Уся літургія стварыла атмасферу пасхальнай радасьці ды ўзьнёсласьці, якую мог адчуць кожны, хто быў прысутны ў гэтую сьвятую ноч у Чырвоным касьцёле.

Хрыстос Уваскрос! – Сапраўды Ўваскрос!

Хрыстос Уваскрос! – Сапраўды Ўваскрос!

Хрыстос Уваскрос! – Сапраўды Ўваскрос!

Хрыстос Уваскрос! – Сапраўды Ўваскрос!


Вярнуцца назад