Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > В е р б н і ц а 2010 – XXV Сусветны дзень моладзі

В е р б н і ц а 2010 – XXV Сусветны дзень моладзі


24.03.2010.
В е р б н і ц а  2010 – XXV Сусветны дзень моладзіСусветны дзень моладзі адзначаецца сёлета 28 сакавіка – у Вербную (Пальмовую) нядзелю.

У суботу - 27 сакавіка 2010 г., напярэдадні Вербнай нядзелі (Нядзелі Ўваходу Госпада ў Ерусалім) пройдуць “Велікапосныя маладзёвыя чуванні”

Падчас чуванняў адбудзецца літургічнае «Усяночнае чуванне» (Вялікая Вячэрня з Ліццёй і Ютрань), Казанні, Чытанні св. Айцоў, асвячэньне вербаў і інш.

Гэта будзе час духовай салідарнасці з моладдзю ўсёй Каталіцкай Царквы ды малітоўныя ўводзіны ў Вялікі Тыдзень Пакутаў Хрыстовых.

Запрашаем моладзь усіх грэка-каталіцкіх парафіяў г. Мінска ды іхніх сяброў і знаёмых.

Чуванні пройдуць з 19:00 да 22:30, у капліцы грэка-каталіцкага Душпастырскага Цэнтра святога Язэпа (вул.Арджанікідзэ, 6; ст.метро «Аўтазаводская»).

Кантакт: а. Алесь Аўдзяюк, Тэл. +375-29- 5227019 (МТС)

* * *
Ніжэй прапануем увазе рэзюмэ Паслання Святога Айца Бэнэдыкта XVI на XXV Сусветны дзень моладзі (якое было абвешчана15 сакавіка 2010 г.)

Як адзначыў Папа ў Пасланні, ініцыятыва ўстанаўлення гэтага дня, які адзначаецца сёлета 28 сакавіка, у Пальмовую нядзелю, належала Папу Яну Паўлу ІІ і прынесла багаты плён, дазволіўшы маладым пакаленням хрысціян сустракацца, услухоўвацца ў Божае слова, адкрыць хараство Касцёла і зведаць глыбокае перажыванне веры, якое схіліла многіх да рашэння цалкам прысвяціць сябе Хрысту.
Пантыфік адзначыў, што Сусветны дзень моладзі з’яўляецца «этапам на шляху да найбліжэйшай сусветнай сустрэчы моладзі, якая адбудзецца ў жніўні 2011 г. у Мадрыдзе». Тэма XXV Сусветнага дня моладзі гучыць наступным чынам: «Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» (Мк 10, 17).
Папа Бэнэдыкт XVI прапанаваў увазе маладых католікаў некаторыя разважанні на тэму іх адносінаў з Богам, жыцця і ўласнага паклікання. «Калі мы сапраўды сустрэлі Езуса, не можам не даваць сведчання аб Ім перад тымі, хто яшчэ не сустрэўся з Яго позіркам», — падкрэсліў Святы Айцец.
«Магчыма, вы, падобна маладому чалавеку з Евангелля, адчуваеце недахоп стабільнасці, непакой або цярпенні, — звяртаецца Папа да маладых вернікаў, — якія схіляляюць вас да пытання: ад чаго залежыць шчаслівае жыццё? Што я павінен зрабіць? Якой магла б быць мая жыццёвая праграма?». Пантыфік заахвоціў моладзь не баяцца задаваць сабе гэтыя пытанні, таму што «яны выяўляюць вялікія парыванні, якія жывуць у вашых сэрцах». Гэтыя пытанні, па словах Папы, патрабуюць глыбокіх адказаў, здольных задаволіць аўтэнтычнае імкненне моладзі да праўдзівага жыцця і шчасця. Прыкладам можна назваць святых, «чыя дасканаласць, у логіцы веры, часта незразумелай для іншых, базуецца на тым, каб не ставіць у цэнтры саміх сябе, а адважвацца плыць супраць цячэння, жывучы згодна з Евангеллем».
Нагадваючы аб Годзе святарства, які працягваецца ў паўсюдным Касцёле, Святы Айцец заклікаў хлопцаў і дзяўчат «убачыць, што Пан запрашае іх да найвялікшага дару на шляху службовага святарства і да гатоўнасці прыняць з велікадушнасцю і энтузіязмам той шлях асаблівага пазнання, які можна распазнаць разам са святаром, з духоўным кіраўніком». Папа заахвоціў моладзь не сыходзіць са сцежкі, калі «Пан заклікае вас да законнага, місіянерскага або кансэкраванага жыцця: Ён зможа адарыць глыбокай радасцю таго, хто адкажа з адвагай!» — сцвердзіў Пантыфік. Тых, хто адчувае пакліканне да сужэнства, Бэнэдыкт XVI заклікаў прыняць яго з вераю, каб «зведаць вялікую любоў, верную і адкрытую на дар жыцця, якое з’яўляецца багаццем і ласкай для грамадства і для Касцёла».
Гаворачы аб пакліканні чалавека да вечнага жыцця, Папа нагадаў, што ўмовай яго дасягнення з’яўляецца выкананне дзесяці запаведзяў. Гэта нялёгка «пры сучаснай ментальнасці, якая прапануе свабоду, вольную ад каштоўнасцяў, ад правілаў, аб’ектыўных нормаў і заахвочвае адрынуць усялякія абмежаванні на карысць хвіліннага прагнення». Аднак замест таго, каб прывесці да сапраўднай свабоды, адзначыў Пантыфік, такая пастава робіць чалавека нявольнікам самога сябе, сваіх хвілінных жаданняў, такіх бажкоў, як улада, грошы, неабмежаваная раскоша і спакусы свету, у выніку чаго чалавек становіцца няздольным да таго, каб ісці за сваім прыроджаным пакліканнем да любові.

Папа дадаў, што сёння маладыя людзі вымушаны сутыкацца з рознымі праблемамі, якія вынікаюць «з беспрацоўя, з няпэўнасці ідэалаў і адсутнасці канкрэтных планаў на будучыню». Як адзначыў Святы Айцец, часам можа ўзнікнуць уражанне, што малады чалавек з’яўляецца бяссільным перад абліччам крызісу. Разам з тым Папа заклікаў моладзь не губляць надзею, прымаючы ўдзел у будаванні сваёй будучыні шляхам асабістай фармацыі і вучобы, каб кампетэнтна і велікадушна служыць агульнаму дабру. Дзейнасць моладзі, па словах Папы, сёння патрабуецца ў галінах карыстання зямнымі рэсурсамі і аховы навакольнага асяроддзя, справядлівага падзелу дабротаў і кантролю над эканамічнымі механізмамі, салідарнасці з найбольш беднымі краінамі, барацьбы з голадам, умацавання годнасці чалавечай працы, усталявання міру паміж народамі, міжрэлігійнага дыялога і сродкаў масавай інфармацыі. У рэалізацыю гэтых задач, дадаў Пантыфік, моладзь павінна ўкласці ўсё сваё ўнутранае багацце згодна з планам, які Бог мае для кожнага.

Паводле: www.catholic.by


***

Службы Вербнай Нядзелі ў мінскіх грэка-каталіцкіх парафіях

ПАРАФІЯ ПРАВЕДНАГА ЯЗЭПА
у капліцы Душпастырскага Цэнтра святога Язэпа
(вул.Арджанікідзэ, 6; ст. метро «Аўтазаводская»)

28 сакавіка 2010 г., Нядзеля Ўваходу Госпада ў Ерусалім
10:00 — Боская Літургія св. Яна Залатавуснага
Асвячэнне вербаў

* * *

ПАРАФІЯ МАЦІ БОЖАЙ НЯСТОМНАЙ ДАПАМОГІ
у дольным храме касцёла святых. Сымона і Алены
28 сакавіка 2010 г., Нядзеля Ўваходу Госпада ў Ерусалім
11:00 — Боская Літургія св. Яна Залатавуснага
Асвячэнне вербаў

* * *

ПАРАФІЯ СВЯТОГА МІКОЛЫ ЦУДАТВОРЦЫ
у касцёле св. Яна Хрысціцеля па вул. Пляханава, 28.
28 сакавіка 2010 г., Нядзеля Ўваходу Госпада ў Ерусалім
15:00 — Боская Літургія св. Яна Залатавуснага
Асвячэнне вербаў

* * *

ПАРАФІЯ СВЯТОГА ДУХА
у дольным храме касцёла святых Сымона і Алены
28 сакавіка 2010 г., Нядзеля Ўваходу Госпада ў Ерусалім
18:00 — Боская Літургія св. Яна Залатавуснага
Асвячэнне вербаў

Вярнуцца назад