Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Крыж – Аснова Царквы і Лесьвіца ў неба
Крыж – Аснова Царквы і Лесьвіца ў неба6.03.2010. |
|
Слова ў крыжапаклонную нядзелю
1. Як Пасха – Сьвята Сьвятаў для ўсёй Царквы, так і Крыж – галоўная і непераможная зброя Хрыста Уладара, якою Ён перамог сьмерць. Колькі пахвальных словаў было сказана сьвятымі айцамі праз усе вякі пра Крыж, колькі ўрачыстых малітваў да Госпада было ўкладзена, каб уславіць Ягоны Крыж. «Крыж – уваскрасеньне памёрлых. Крыж – надзея хрысьціянаў. Крыж – падтрымка храмых. Крыж – суцяшэньне бедных. Крыж – мудрасьць неразумных. Крыж – свабода нявольнікаў. Крыж – пропаведзь Апосталаў. Крыж – аснова Царквы», – пісаў сьв. Ахрэм Сірыец у сваім пахвальным слове. Як пасярэдзіне раю стаяла дрэва жыцьця, так і пасярэдзіне Царквы заўжды стаіць Крыж, як новае дрэва, што дае нам жыцьцё, і як сьцяг перамогі над сьмерцю, якая ўвайшла ў нашае жыцьцё, калі людзі страцілі Рай. 2. Менавіта пад Крыжом і Божая Маці сталася Маці Царквы паводле словаў Збаўцы да Яе і да улюбёнага вучня, які ў той момант рэпрэзэнтаваў усіх і кожнага з нас: “Жанчына – гэта сын твой. І вучню сказаў: Гэта – Маці твая”. І прыходзячы да гэтага Крыжа ў адмысловы дзень яго ўшанаваньня, мы праслаўляем усю гісторыю Збаўленьня, ўслаўляем Маці Збавіцеля і ўрачыста дэкляруем сваё быцьцё Царквой – сям’ёй дзяцей Божых, у якіх адзін Айцец і адна Маці, а ўсе мы – браты і сёстры ў Хрысьце. 3. Сузіраньне Крыжа дае нам сілы. Разважаньне таямніцы Крыжа дае нам разуменьне таго, хто Мы – Царква, які наш шлях і якое нашае заданьне, бо Крыж – сімвал шляху Царквы і Яе місіі. Царква зьбірае да Хрыста людзей з усяго сьвету, з Усходу і з Захаду, на што ўказвае гарызантальная перакладзіна Крыжа. І ўсе людзі, сабраўшыся пад Крыжом, выходзяць у шлях у кірунку, які задае нам вертыкальная частка Крыжа: мы ідзем ад нашага мінулага, зямнога жыцьця да вышыняў нябесных, да пасаду славы Бога і Айца. “Крыж – Лесьвіца ў неба, Ключ да Валадарства Божага”, як сказаў аб Ім сьв. Андрэй Крыцкі. І, робячы знак Крыжа ці носячы гэта знак на сабе, мы заўжды дэкляруем нашае жаданьне і імкненьне ісьці сьледам за Хрыстом і выконваць тую місію, якую Ён, наш Бог і Збаўца, даручыў Сваёй Царкве: сьведчыць Бога ў гэтым сьвеце, прапаведваць Евангельле, зьбіраць людзей ля Крыжа і весьці пад гэтым сьцягам перамогі ў Валадарства Божае. Амін.[left][/left] Вярнуцца назад |