Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > НАБЛІЖАЕЦЦА ПАЧАТАК ВЯЛІКАГА ПОСТУ
НАБЛІЖАЕЦЦА ПАЧАТАК ВЯЛІКАГА ПОСТУ11.02.2010. |
|
Сёлета ўсе хрысьціяне сьвяткуюць сьвята Пасхі Хрыстовай у адзін дзень – 4 красавіка. Традыцыйна гэтай радаснай падзеі папярэднічае саракадзённы Вялікі Пост, які прыгадвае нам саракадзённае перабываньне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста ў пустыні ды рыхтуе нас праз пакаяньне да прыняцьця радаснай весткі пра Ўваскрасеньне. Усе хрысьціяне візантыйскай літургічнай традыцыі – грэка-католікі і праваслаўныя – пачынаюць сёлета Вялікі Пост разам, у панядзелак, 15 лютага. Паводле літургічнай традыцыі першыя чатыры дні Вялікага Посту вернікі зьбіраюцца ўвечары ў храме, каб разам маліцца Вялікі пакаянны канон сьв. Андрэя Крыцкага. (Тэкст канона на кожны дзень можна знайсьці на старонках ЧАСАСЛОЎЦА па спасылцы: http://www.chasaslovec.info/index.php?do=c...ategory=post_tr Як адзначае ў сваім Пастырскім Слове на Вялікі Пост Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек), “каб пасьпяхова пераплысьці вялікае мора посту, трэба адкласьці ўчынкі цемры і апрануцца ў сьветлую вопратку дабрадзейнасьці. Гэтая падрыхтоўка патрабуе ад нас ня толькі высілку нашай волі ў змаганьні са сваімі дрэннымі схільнасьцямі і грахамі, але і высілку нашага розуму, каб спасьцігнуць, дзе ёсьць воля Божая для нас і вызначыць тыя ўчынкі цемры, якія нам трэба адкінуць”. Выконваючы заклік Сьвятога Айца Бенядыкта XVI, выказаны ў ягоным Пасланні да каталіцкіх ярархаў Беларусі падчас візіту “ad limina Apostolorum”, “каб належная катэхетычная адукацыя паказвала шлях веры на ўсіх этапах жыцця”, у парафіях Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў час Вялікага Посту 2010 г. будзе праводзіцца адмысловая катэхізацыя на базе Катэхізіса Каталіцкай Царквы. Вярнуцца назад |