
Гомельская парафія Трох сьвяціцеляў Васіля Вялікага, Яна Залатавуснага і Рыгора Багаслова, памяць якіх узгадваецца 30 студзеня, адна з першых парафій, якая аднавіла сваю дзейнасьць у Беларусі ў дзевяностыя гады ХХ.

Ужо стала добрай традыцыяй на адпустовыя сьвяты запрашаць вернікаў з іншых парафіяў. У гэтым годзе далучыліся да сьвяткаваньня ў Гомелі прадстаўнікі менскіх парафіяў: члены алтарнага брацтва спадары Анатоль і Валерый і семінарыст Аляксей Філіпенка. Сьвяточную Боскую літургію ўзначаліў а. Васіль Ягораў. Саслужыў айцец протапрасвітар Зьміцер Грышан.

У казані а. Зміцер адзначыў, што штогадовае сьвята Трох сьвяціцеляў стаецца нібы экзаменам для парафіі. Падкрэсьліваючы, што экзамен з духоўнага жыцьця не падобны да экзаменаў у навучальнай установе, але паказвае наколькі чалавек становіцца сьведкам сьвятасьці. А асаблівым прыкладам сьвятасьці для гомельскіх парафіян ёсьць Васіль Вялікі, Ян Залатавусны і Рыгор Багаслоў. Гомельская парафія, якая ўжо шмат год не мае сталага душпастыра, яўляе сабой прыклад надзеі для Царквы. Не гледзячы на цяжкія варункі парафія ня толькі не перастала існаваць, але і павялічваецца.
Варта адзначыць, што сёлетняе сьвята праходзіла ў год сьвятарства, які адзначаецца ў Каталіцкай Царкве, а Сьв. Васіль, Ян і Рыгор ёсьць прыкладамі сьвятарскага служэньня. Таму малітва ў гомельскай парафіі мела асаблівае значэньне, як малітва за сьвятароў усёй нашай Царквы.
Віншуем, таксама двух маладых вернікаў, якія у час парафіяльнага сьвята першы раз прынялі сьвятыя Тайны Цела і Крыві Госпада нашага Ісуса Хрыста..
Пасля службы была традыцыйная агапа, падчас якой вернікі і сьвятары маглі паразмаўляць і падзяліцца навінамі.
Наступная літургія для гомельскай парафіі будзе служыцца праз тры тыдні 21 лютага ў Першую нядзелю Вялікага посту.