Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Сорак дзён ад сьмерці с.п. а. Яна Даўкшыса

Сорак дзён ад сьмерці с.п. а. Яна Даўкшыса


14.01.2010.
Сорак дзён ад сьмерці с.п. а. Яна ДаўкшысаПамінальная малітва ў Полацку
7 сьнежня 2009 г. памёр у Вільні, пасьля аперацыі на сэрцы, адзіны ў Літве грэка-каталіцкі сьвятар беларус – а. Ян Даўкшыс. 16 студзеня 2010 году – на саракавы дзень пасьля сьмерці сьвятой памяці а. Яна – памінальная Літургія за спачын ягонай душы будзе адслужаная ў Полацку, у храме сьв. Параскевы Полацкай па вул. Навасёлаў, 70 (Кароўнікі) а 10-й гадзіне.

Сорак дзён ад сьмерці с.п. а. Яна ДаўкшысаПахаваньне а. Яна адбылося 9 сьнежя 2009 г. ў базыльянскай царкве Сьвятой Тройцы ў Вільні. Заўпакойную Боскую Літургію ўзначаліў ераманах Павал Яхімец ЧСВВ.
На пахаваньні Ўсходні Протапрэзьбітарат БГКЦ прадстаўлялі віцэ-дэкан а. Аляксандар Шаўцоў з Полацку і матушка Тацьцяна. Літургію саслужыў таксама даўні сябра а. Яна рыма-каталіцкі сьвятар а. Леанід Будр’юс з Шаўляй. Пахаваны а. Ян на Кальварыйскіх могілках у Вільні.

Сорак дзён ад сьмерці с.п. а. Яна ДаўкшысаПаводле ўспамінаў і сьведчаньняў сваякоў, сьвятароў і блізкіх, айцец Ян быў сьціплым, велікадушным, незлапомным, заўсёды радасным і шчырым чалавекам, які ўвесь час імкнуўся дапамагаць безумоўна і бескарысьліва тым, хто ў патрэбе, нягледзячы на асобу, а ўглядаючыся ў вобраз і падабенства Божае ў чалавеку. Ён прабачаў крыўды, якіх часта спазнаваў ад іншых, і заўсёды адгукаўся на любую патрэбу, быў хуткі на дапамогу.

Сорак дзён ад сьмерці с.п. а. Яна ДаўкшысаЯ меў адзіную сустрэчу з айцом Янам на сьвяткаваньні сёлета сьв. Язафата ў Вільні – 14 лістапада 2009 г. Для мяне асабіста ён запомніўся чалавекам дапытлівага і прагнага да праўды розуму, бо ён адразу зацікавіўся кніжкай “Эпісталяцыя сьв. Язафата” М. Баўтовіча (выдадзенай нашай Полацкай парафіяй), якую я яму падараваў бачачы ягоную шчырую і непрыкрытую цікаўнасьць да новага.
А паводле ўспамінаў а. Паўла, ён сапраўды адрозьніваўся адукаванасьцю, інтэлігентнасьцю, але ніколі гэтага не выказваў і не ўзвышаўся над іншымі.

***
Сорак дзён ад сьмерці с.п. а. Яна ДаўкшысаНарадзіўся а. Ян Даўкшыс у каталіцкай сям'і Вацлава і Яніны 19 жніўня 1952 г., у вёсцы Куклі Воранаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці ў Беларусі. Ён быў старэйшым сярод чацьвярых дзяцей. (У сям'і ёсьць яшчэ брат Мар’ян-Тадэвуш і дзьве сястры – Гэлена і Тэрэза).
Пасьля заканчэньня 8 класу мясцовай сельскай школы пераехаў у Вільню, дзе скончыў школу і стаў маляром-тынкоўшчыкам. У гэты час прыслугоўваў у касьцёле сьвв. Апосталаў Пятра і Паўла, дзе пазнаёміўся з ксяндзом прафесарам Кучынскім.

У 1972 г. паступіў у Ленінградскую праваслаўную духоўную семінарыю, не маючы іншай магчымасьці для падрыхтоўкі да сьвятарства. У 1977 г. быў рукапакладзены на сьвятара. З 1989-1995 г.г служыў настаяцелям таўрагскай царквы сьвятых Віленскіх пакутнікаў Антонія, Яна і Яўстафія.

Пасля распаду Савецкага Саюза, калі Літва стала незалежнай, а з тым і Каталіцкая Царква Ўсходняга абраду выйшла з падпольля, ён адразу 1 чэрвеня 1995 г. быў прыняты Ўладыкам Сафронам Дмітэркам ЧСВВ (з Івана-Франкоўску) на служэньне ў Каталіцкай Царкве. Служыў а. Ян у Літве для беларусаў грэка-католікаў у Вільні, у царкве Сьвятой Тройцы, а ў першую нядзелю кожнага месяца – у Коўна, у касьцёле.

Тэкст і фота: а. Алесь Шаўцоў

Вярнуцца назад