Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Успамін мучаніцкай сьмерці экзарха Антона Неманцэвіча
Успамін мучаніцкай сьмерці экзарха Антона Неманцэвіча6.01.2010. |
|
6 студзеня 2010 года ў капліцы Душпастырскага цэнтра Сьвятога Язэпа адбылася ўрачыстая Літургія Сьвята Богазьяўленьня з Вялікім асьвячэньнем вады. У часе Літургіі протапрэзьбітар Яўген Усошын у кароткім слове згадаў, што менавіта ў гэты дзень, у які па юльянскім каледары прыпадае пярэдадзень Раства Хрыстовага, а паводле грыгарыянскага календара сьвяткуецца Хрост Госпада нашага Ісуса Хрыста, у 1943 годзе памёр у турме нямецкага нацыстскага СД у Менску першы экзарх Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы а. Антон Неманцэвіч. Гэты вялікі падзьвіжнік сьвятой веры і Зьяднаньня, памёр як мучанік. Ён жыў і нёс сваё служэньне ва Ўсходняй Місіі айцоў езуітаў у Альбярціне, недалёка ад Жыровічаў, дзе знаходзіцца вялікая сьвятыня Беларускага Народу - цудадзейная Жыровіцкая Ікона Багародзіцы, шанавальнікам якой быў экзарх Антон. “У гэтым годзе, калі мы сьвяткуем 280-годздзе каранаваньня Жыровіцкай Іконы Маці Божай, з асаблівай малітоўнай увагай узгадваем подзьвіг жыцьця і мучаніцкай сьмерці таго, хто рупліва працаваў на Божай Ніве ў імя сьвятога Зьяднаньня пад Пакровам Жыровіцкай Багародзіцы” – падкрэсьліў а. Яўген. Айцец Антон Неманцэвіч замучаны ў менскай турме СД быў пахаваны 9 студзеня 1943 г. на нямецкіх могілках у Менску сьвятаром мясцовай праваслаўнай Царквы. Зямля з месца ягонага пахаваньня захоўваецца каля так званага “дрэва вясны” у двары Душпастырскага цэнтра Сьвятога Язэпа. *** “Айцец Антон Неманцэвіч, Экзарх беларускіх грэка-католікаў ва ўсім сваім жыцьці і служэньні стараўся быць пастырам і сьведкам Евангельля для ўсіх сваіх суайчынікаў, бяз розьніцы веравызнаньня ці палітычных поглядаў. Ягоным вялікім ідэалам была зьяднаная Царква. Як тэолаг і душпастыр цярпліва і нястомна стараўся ён будаваць братэрскія адносіны з праваслаўнымі ў духу «пакорлівасьці і рэсьпекту для праваслаўнай Царквы»” Архім. Сяргей (Гаек), 12 ліпеня 2008 г. Вярнуцца назад |