Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Богазьяўленьне - 6 студзеня

Богазьяўленьне - 6 студзеня


4.01.2023.
Прыгатаваць Аб’яўленьне Бога

Мц 3, 13-17


1.Дарагія браты, дарагія сёстры!

Сёньня мы сьвяткуем Аб’яўленьне ўсяму сьвету нашага Бога. Ведаем, што гэта было першым сьвятам, якое пачалі адзначаць хрысьціяне. Што гэта значыць, што Бог аб’явіў сябе сьвету? Ці ж раней Ён маўчаў? Ці ж да гэтага гістарычнага моманту, калі Ісус увайшоў у воды Ярдану, Сьвяты Дух у выглядзе голуба зышоў на Яго, а голас з неба абвясьціў: “Гэта Сын мой Улюблены, Яго Я ўпадабаў”, сьвет нічога ня ведаў пра Творцу сьвету?! Адказ на гэта – сапраўды так. Сусьвет, чалавецтва толькі магло здагадвацца аб ім, мець надзею на Адкрыцьцё ў будучыні.

2. Сёньня сьвяткуючы Богаз’яўленьне, мы ня проста ўзгадваем гістарычную падзею, што мела месца дзьве тысячы год таму, але Богазьяўленьне – гэта тая падзея, якую пакліканы перажываць кожны з нас у сваім сэрцы. Так, мае дарагія, мы пакліканы перажываць зьўленьне Бога ў сваім сэрцы нават ня раз на год, але кожны дзень, кожны момант свайго жыцьця. Памятайма, аднак, што Богазьяўленьне было вельмі добра спланаванае. Гэты План бачны ў гісторыі сусьвету, а асабліва ў Гісторыі Збаўленьня, пра якую распавядае Сьвятое Пісаньне. Апошнім у ланцугу тых, хто рыхтаваў Аб’яўленьне Бога ў сусьвет, быў Ян Хрысьціцель, якога сёньня мы ў асаблівы спосаб узгадваем.

Гэты суворы прарок быў патрабавальны ня толькі для сябе, але і для іншых. І хоць ён не пісаў, як іншыя прарокі, пісаньняў, не рабіў нейкіх надзвычайных цудаў, але Ісус вельмі высока ацэньвае ягоную ролю ў Божым Плане. Чым жа заслужыў гэта Ян? Напэўна яго галоўнай заслугай была паслухмянасьць Божай волі. Кожны хацеў бы рабіць штосьці выбітнае і надзвычайнае, але ня шмат тых, якія ў стане рабіць “чорную”, руцінную працу. А Ян быў такім: ён проста пасьціў, ён проста маліўся, ён проста хрысьціў, ён проста чакаў, ён проста быў ВЕРНЫМ…

3. Дарагія браты, дарагія сёстры! Калі мы хочам, каб Богаз’яўленьне даканалася ў нашым жыцьці, мы павінны памятаць пра вопыт, які пераказвае нам Ян Хрысьціцель. Менавіта нам належыць прыгатаваць яго Аб’яўленьне ў нашым сэрцы. У багаслоўі ёсць такое сьцьвярджэньне – “ласка будуе на прыродзе”. Гэта азначае, што нам трэба паклапаціцца пра гэту самую “прыроду”. Не азначае гэта, што нам неабходна рабіць нешта надзвычайнае – бегаць крос 20 км штодзенна, напрыклад. Трэба памятаць пра вельмі простыя рэчы.

Да гэтых простых рэчаў належыць пунктуальнасьць, абавязковасьць. Дастаткова прыходзіць у час на працу ці на заняткі. Дастаткова быць ветлівым і адказным. Дастаткова памятаць, што твая хата “ня з краю”, што ад цябе залежаць іншыя людзі, што калі ня ты, то, магчыма, нікому і няма зрабіць тую справу, якую патрабуецца зрабіць ЦЯПЕР. Хтосьці можа падумаць, як мне быць ветлівым, калі я не адчуваю да гэтага чалавека сімпатыі? Вось жа пэўны рэжысёр казаў: “Каб сыграць караля, падымі руку ў гару – зрабі напачатку каралеўскі жэст”. Вось чаму так важна намагацца рабіць хаця б фармальныя жэсты з намерам напоўніць іх зьместам.

Гэта ўсё, як бачым, ня цуды. І дзякуй Богу. (Як казаў пэўны сьвятар: “Божа! Прашу Цябе, толькі бяз цудаў!”). Амін.

***
Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане
Адбылося пакланеньне Тройцы.
Голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам;
і Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў.
Хрысьце Божа, які зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе.

Вярнуцца назад