Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Герой нашага часу, герой нашай краіны
Герой нашага часу, герой нашай краіны13.11.2009. |
|
Героі павінны быць у кожнай нацыі, кожнага народу, у кожнай краіне. Перафразоўваючы вядомую прымаўку можна сьцьвердзіць: “Скажы мне, хто твае героі, і я скажу, хто ты”. Мне вядома, што ў краіне N, у горадзе M, сярэдняя школа №10 знаходзіцца на вуліцы Паўліка Марозава. Цікава, што можам сказаць: да якіх узораў выхаваньня заклікае гэтая назва? Што можам сказаць пра людзей, для якіх Паўлік Марозаў – герой? 2. Дарагія браты, дарагія сёстры! На шчасьце, мы належым да нацыі хрысьціянаў, нацыі дзяцей Божых, нацыі дзяцей паўсюднай і апостальскай Царквы! У дзяцей Божых – свае героі. Нашая Маці-Царква дае нам прыклады сьвятых, якія і ёсьць сапраўднымі героямі ўсіх часоў і ўсіх народаў. Мы, беларусы, маем асаблівы гонар, што Каталіцкая Царква, для прыкладу ўсім хрысьціянам, указвае на нашага земляка – уладыку Язафата Кунцэвіча, Архібіскупа Полацкага. Часам можа падацца проста неверагодным, што гэты чалавек хадзіў па беларускай зямлі: наваградскай, полацкай, віцебскай... Рознае можам прачытаць пра яго ў кнігах па гісторыі... Яго постаць нікога не пакідае абыякавай: для адных ён сьвяты, для другіх – люты вораг. Чым выклікана такая “палярызацыя” меркаваньняў пра яго? Я перакананы, што справа ў прадмеце, якому Язафат Кунцэвіч надаваў вялікую ўвагу, на чым сам “спецыялізаваўся”, менавіта на Еднасьці хрысьціянаў, на Адзінстве Царквы! Сьвяты Язафат быў апосталам Адзінства. Ён прагнуў, каб было адно стада і адзін Пастыр (пар. Ян 10,16). Ён прагнуў таго, чаго прагне кожны хрысьціянін, бо гэткая ёсьць воля Ісуса Хрыста, каб усе былі адно (пар. Ян 17,21). Уласна таму, што тэма адзінства датычыць усіх хрысьціянаў, асоба Язафата выклікае столькі кантраверсій. Ягонае мучаніцтва выкрывае нашую фальшывую самадастаковасьць, нашу абыякавасьць да праўды, да таго “а як яно ёсьць насамрэч”. Мучаніцтва Язафата “агаляе” усе нашыя раны, якія мы самі сабе нанеслі, яно выдзірае нас з цёплых насіджаных нор нашых канфесій, каб зноў і зноў паставіць перад намі пытаньне: ну дык за што ён памёр? 3. Мялеці Сматрыцкі для сябе адказаў на гэта пытаньне. У падручніках гісторыі сьціпла зазначаецца (звычайна апошнім радком), што ён, былы праціўнік Уніі і апалагет незлучэньня, пасля мучаніцкай сьмерці Язафата, далучаецца да Каталіцкай Царквы. Дарагія браты, дарагія сёстры! Сьвяты Язафат – гэта яшчэ не адкрыты намі сьвяты наш зямляк. Ён герой нашага часу і нашай краіны, які дае нам актуальны прыклад духоўнага жыцьця паводле візантыйскай традыцыі і прыклад хрысьціянскага радыкалізму. Ён той, які атрымаўшы іскру Божую ў сэрца на пачатку свайго зямнога жыцьця, здолеў пранесьці яе да самай сьмерці, захоўваючы вернасьць Госпаду нашаму Ісусу Хрысту. * * * Маліся разам з намі, сьвяты Язафаце, непахісны слупе З’яднаньня, каб нам быць годнымі тваімі землякамі ды рупліва служыцць справе Еднасьці Царквы Хрыстовай. а. Андрэй Буйніч Вярнуцца назад |