Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Пілігрымка ў Смаленск і Катынь

Пілігрымка ў Смаленск і Катынь


2.02.2008.
Пілігрымка ў Смаленск і Катынь
Вялікі дзякуй айцу Казіміру за пілігрымку. І айцу Андрэю Буйнічу вялікі дзякуй – за тое, што я на яе патрапіла.

Сбор каля Чырвонага. Нават сякія-такія знаёмыя твары. Не так страшна. Пашпарт? Ёсць.

Пілігрымка ў Смаленск і Катынь

У 6.15 па мясцовым часе. Прыехалі ў горад. Цёмныя, замыленыя вуліцы. Начное, ліхтарнае сьвятло не хавае аблупленыя фасады. Аўтобус віхляе па вуліцах. Няма адчуваньня, што мы ў іншай краіне. Хутчэй, Гомель або Бабруйск. Але вось па правым боку паказваюцца высокія цёмныя вежы. Гатычныя сьпічакі. Захоплівае дух. І немагчыма прачытаць назоў вуліцы, занадта цёмна. Але мы спыняемся каля яго. Гэта сапраўды касьцёл. Велічны, нягледзячы на некаторую занядбанасьць, якую не можа схаваць нават перадсьвітальны прыцемак і жоўтыя плямы ліхтароў. Але фотык не бярэ, не ў стане ўхапіць карціну … Цёмна. А цягне да гэтага будынка … вельмі …

Пілігрымка ў Смаленск і Катынь

Мы выбіраемся з аўтобуса. Паход па ўжо ажыўшых (або яшчэ не заспакайнелых) вуліцах. Дарога выгінаецца паміж сценамі "сталінскага барока", затуляючы зусім непрывабныя двары, якія больш нагадваюць сьметнікі. Мы спускаемся з узгорку, каб, падняўшыся на іншы, апынуцца ля кафедральнага сабора. Таго самага, мэты нашай пілігрымкі. Дзе выява Богамаці Смаленскай.

Сабор каласальных памераў.

[img=left]http://svjazep.org/uploads/posts/2008-06/1213519140_smalensk0.jpg[/img

На вуліцы вельмі халодна. На сьцяне - памятная дошка. \"Вечная памяць тым, хто абараняў Смаленск ад палякаў\". І дзе яны зараз? А мы - тут. Сьмешна, пэўна.

Усярэдзіне, вядома, усё вельмі багата. Катэгарычна забаронена здымаць. Ціха. Амаль добра. Будаўнічыя лясы. Бабулькі, што асьцервянела калупаюсь падсьвечнікі. Гэта таксама дом Бога.

Пару фотак сабора знадворку, і ідзем далей. Царква Іаана Хрысьціцеля. Багаяўленская.

[img=left]http://svjazep.org/uploads/posts/2008-06/1213519044_smalensk01.jpg[/img]

Нічога нават проста блізкага па адчуваньнях да таго, першага касьцёлу. Гэта ўсё - зразумелае. Усё - не тое.

Муры. Вежы. Помнікі. Зараз усё гэта неяк не мае вялікага значэньня. Гэта кавалак чужога жыцьця. Мінулага і сапраўднага.

Пілігрымка ў Смаленск і Катынь

Значэньне мае толькі касьцёл. Не працуючы. Некалі ён зваўся Касцёлам Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Зараз там, падаецца, архіў. Крыжы са сьпічакоў ці то абламаныя, ці то проста адваліліся натуральным чынам. За касьцёлам - могілкі. Старыя. Польскія, ангельскія надпісы. Крыжы, камяні. Усё прыходзіць сюды. У цэнтры могілкаў (а і м ўжо пакінута ўсяго нічога - месца) - забітая хатка. Месца сустрэч сучасных … Увогуле, мяркуючы па колькасьці надпісаў, збіраюцца там маладыя людзі самых розных поглядаў на жыццё. Але гэта ня мае значэньня. Нават "насьценныя росьпісы" ня здольныя вытравіць атмасферу гэтага месца. Да цёмна-чырвоных муроў касьцёла цягне бы магнітам. Снег на скатах страхі касьцёла пад парывамі ветрыка прыпаднімаецца найтанчэйшым палатном. Бы Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы.

І - пранізліва блакітнае, ультрамарынавае неба, у якое накіраваныя скалечаныя сьпічакі. І не то, каб дух захоплівала. Але льецца супакой і яшчэ нешта, для чаго я не ведаю назова.

Тут дзіўна спакойна. І - гэта маё.

Пілігрымка ў Смаленск і Катынь

А яшчэ тут, у маленькай парафіі Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі служыць айцец Анёл. Маленькі, тоўсьценькі, у старэнькім спартовым гарнітуры. Анёл. Дык вось яны якія, Анёлы :). Маленькія. Непрыкметныя. Добрыя. :). Дазволіў літургію правесці ў капліцы, былой прыбудове да касьцёла. А, можа быць, гэта была плябанія?

Пілігрымка ў Смаленск і Катынь

Потым была царква 12 стагоддзя, Петрапаўлаўская. Таксама моцнае адчуваньне, але іншага плану. Моцнае, але не маё …

Потым - Катынь. Мемарыяльны комплекс на касьцях расстраляных у 40-м годзе НКВД-ыстамі афіцэраў польскага войска. Не толькі палякаў…

Мемарыял падзелены на дзьве часткі - польскую і рускую. Ініцыятары стварэньня мемарыяла - палякі. Зразумела. Яны жа і фінансавалі стварэньне мемарыяльнага комплексу. І музея.
Пілігрымка ў Смаленск і Катынь


Сьцяна, складзеная з таблічак з імёнамі тых, хто тут … " на кожным месцы спачывае ". Дзве сьцяны, нібы старажытна-егіпецкія магільні, расьпісаныя тым жа - імёнамі. Звон. Але не варта тут званіць. Тут ужо было досыць шуму. Тут можна памаліцца. Можна памаўчаць. Memento mori . Увогуле, памятай …

І насьціл, па якім толькі і можна прайсьці над магіламі. Насьціл, які аддаецца невыразным шоргатам на крокі. І да крокаў ідучых людзей як быццам дамешваюцца крокі тых, хто ўжо як быццам бы і хадзіць ня можа. Але яны тут ёсць. У кожнай таблічцы, хаця гэта - хутчэй ад жывых. У кожным элеменце мемарыяла. У цягучым гучаньнi звонa. У кожным з чатырох надмагільных камянёў, на чатыры рэлігіі: каталікі, юдэі, мусульмане, праваслаўныя. Яны ўсё - тут. І гэта страшна…

Пілігрымка ў Смаленск і Катынь


А потым мы ехалі - у заход сонца.
Але не пасьпелі.
Сонца звалілася раней.
Пілігрымка ў Смаленск і Катынь

Пілігрымка ў Смаленск і Катынь

Пілігрымка ў Смаленск і Катынь

Пілігрымка ў Смаленск і Катынь

Пілігрымка ў Смаленск і Катынь

Пілігрымка ў Смаленск і Катынь


ks

Вярнуцца назад