Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Архіепіскап Іларыён: настаў час, каб жыць у любові

Архіепіскап Іларыён: настаў час, каб жыць у любові


24.09.2009.
Архіепіскап ІларыёнАрхіепіскап Іларыён21 верасня 2009 г. падчас візіту ў Ватыкан кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату архіепіскап Валакаламскі Іларыён (Алфееў) паведаміў, што сёння існуе шмат прычын для аб’яднання католікаў і праваслаўных з мэтай супрацоўніцтва ў дэхрысціянізаваным свеце. Па словах архіепіскапа Іларыёна, настаў час пераадолець падзел і канкурэнцыю і жыць у салідарнасці і ўзаемнай любові.

Праваслаўны іерарх заявіў аб гэтым пасля сустрэчы з папам Бэнэдыктам XVI, якая адбылася 18 верасня, і сустрэчы са старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардыналам Вальтэрам Касперам, што праходзіла на наступны дзень. Архіепіскап Іларыён, які з сакавіка бягучага года выконвае абавязкі кіраўніка Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, прыбыў у Ватыкан па запрашэнні кардынала Каспера.

Архіепіскап, які раней быў прадстаўніком Рускай Праваслаўнай Царквы пры еўрапейскіх міжнародных арганізацыях у Бруселі (Бельгія), ужо добра вядомы ў Апостальскай Сталіцы. Таксама варта адзначыць, што праваслаўны іерарх з’яўляецца таленавітым кампазітарам, чыя музыка збліжае Усход і Захад. Яго інтэрпрэтацыя Пакутаў Хрыстовых паводле Евангелля св. Мацвея была выканана ў Ватыкане перад Вялікаднем у 2007 г., а яго калядную араторыю агучылі ў тым жа годзе ў адным з касцёлаў Вашынгтона (ЗША).

Пасля сустрэчы са Святым Айцом архіепіскап Іларыён расказаў аб сваіх спадзяваннях на сустрэчу Бэнэдыкта XVI і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў хуткім часе.

«Мы падтрымліваем Пантыфіка ў справе абароны хрысціянскіх каштоўнасцей, — адзначыў праваслаўны іерарх. — Мы таксама падтрымліваем Святога Айца, калі яго смелыя заявы выклікаюць негатыўную рэакцыю з боку палітычных і грамадскіх дзеячаў або калі іх крытыкуюць і скажаюць у сродках масавай камунікацыі. Мы лічым, што абавязкам Папы з’яўляецца сведчанне праўды, таму мы з ім, нават калі яго словы сустракаюць процідзеянне».

«Асабіста я спадзяюся, што рана ці позна сустрэча паміж Папам і Патрыярхам Маскоўскім, якую многія чакаюць, адбудзецца. Я магу з адказнасцю заявіць, што абодва бакі жадаюць падрыхтавацца да гэтай сустрэчы», — дадаў архіепіскап.

Як падкрэсліў архіепіскап Іларыён, гэтая сустрэча была б велізарным крокам наперад у адносінах паміж католікамі і праваслаўнымі.

Паводле сайта Catholic.by, захавана мова арыгіналу

Вярнуцца назад