Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Папа Бенядыкт XVI прыняў Патрыярхаў ды Вярхоўных Архібіскупаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў

Папа Бенядыкт XVI прыняў Патрыярхаў ды Вярхоўных Архібіскупаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў


23.09.2009.
Папа Бенядыкт XVIПапа Бенядыкт XVI Адказваючы на пажаданьні Патрыярхаў ды Вярхоўных Архібіскупаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, якія яны неаднаразова выказвалі з розных нагодаў, Яго Сьвятасьць Папа Бенядыкт XVI запрасіў іх на сустрэчу, якая адбылася ў суботу, 19 верасьня 2009 году, у летняй рэзідэнцыі Папы ў Кастэль Гандольфа, недалёка Рыму.

У сустрэчы ўдзельнічала 6 Патрыярхаў усіх Усходніх Каталіцкіх Цэркваў:
Патрыярх Мараніцкай Царквы кардынал П’ер Сфэір, Патрыярх Халдэйскай Каталіцкай Царквы кардынал Эмануэль ІІІ Дэльлі, Патрыярх Копцкай Каталіцкай Царквы Антоній Нагіб, Патрыярх Грека-Мелхіцкай Царквы Рыгор ІІІ Лагам, Патрыярх Сірыйскай Каталіцкай Царквы Ігнацій Юсуф ІІІ Юнан; Патрыярх Армянскай Каталіцкай Царквы Нерсес Бедрос ІІІ Тармуні ды Лацінскі Патрыярх Ерусаліму Фуад Туаль, а таксама 4 Вярхоўных Архібіскупа: Першаярарх УГКЦ Яго Блаславенства Любамір (Гузар), Першаярарх Сірыйска-Малабарскай Царквы Варкей Вітхаятхіл, Першаярарх Румынскай Грека-Каталіцкай Царквы Архібіскуп-Мітрапаліт Луцыян (Мурэшан) ды Першаярарх Сірыйска-Маланкарскай Царквы Базеліос Моран Мор Кліміс Тоттункал.

Разам са Сьвятым Айцом на сустрэчы прысутнічалі Дзяржаўны Сакратар Сьвятой Сталіцы кардынал Тарчызіо Бертонэ і кардынал Леанарда Сандры, Прэфэкт Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, ды іншыя прадстаўнікі ватыканскіх устаноў.

Сустрэча распачалася малітвай, пасьля якой выступілі ўсе прысутныя Першаярархі Ўсходніх Цэркваў, выказваючы падзяку за гэтую нефармальную, сяброўскую ініцыятыву Сьвятога Айца ды робячы акцэнт на двух асьпектах харызмы сваіх Цэркваў у еднасьці праўды і любові, а менавіта, на сувязі са спадчынай хрысьціянскага Ўсходу ды на еднасьці з Папам, Наступнікам сьвятога Пятра, Усяленскім Пастырам.

Папа, між іншым, падкрэсьліў, што ўсёй Царкве патрэбны досьвед, які каталіцкія супольнасьці Ўсходу напрацавалі ўжо на працягу першага тысячагоддзя хрысьціянства, асабліва ў экуменічнай і міжрэлігійнай перспектыве. Ён запэўніў ярархаў, якія прысутнічалі на сустрэчы, што клапоціцца пра разьвіцьцё Цэркваў, якімі яны кіруюць, і пра якія ён заўсёды памятае і моліцца.

Яго Сьвятасьць Бенядыкт ХVІ нагадаў пра сталы заклік да міру на Блізкім Усходзе і абвясьціў скліканьне Сіноду, які будзе прысьвечаны Каталіцкай Царкве менавіта на Блізкім Усходзе ды будзе праходзіць у Ватыкане з 10 па 24 кастрычніка наступнага, 2010 году.

На заканчэньне Бенядыкт XVI удзяліў усім прысутным ярархам ды ўсім Ўсходнім Каталіцкім Цэрквам Апостальскае блаславеньне.

Паводле: www.radiovaticana.org/

Вярнуцца назад