Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > НАПЯРЭДАДНІ КАРАНАЦЫІ БРАСЛАЎСКАЙ ІКОНЫ БАГАРОДЗІЦЫ
НАПЯРЭДАДНІ КАРАНАЦЫІ БРАСЛАЎСКАЙ ІКОНЫ БАГАРОДЗІЦЫ13.08.2009. |
![]() Урачыстасьці каранаваньня Іконы ўзначаліць Архібіскуп Кёльна, кардынал Ёахім Майснэр – вялікі шанавальнік сьвятамучаніка Язафата Полацкага. Грэка-католікі Менска арганізуюць аўтабусную двухдзённую Пілігрымку ў Будслаў і Полацак, якая адправіцца з Менску ўначы 22 жніўня (каля 00:30). Адказны за арганізацыю Пілігрымкі: старшыня нашай Парафіі (Праведнага Язэпа): Анатоль Сёмуха, тэл. маб. (Velcom) 644.76.22 Трапар перад Браслаўскай Іконаю Багародзіцы - Валадаркі Азёраў Тон 4 Сёньня сьветла радуецца * Богам ратаваны горад Браслаў і ўвесь край Беларускі,* бо бачаць Твой, Міласэрная Валадарка Азёраў,* слаўны ласкамі вобраз, каранаваны тут на зямлі.* Ты ж, увенчаная нябеснаю славаю,* - нястомны Пакроў і Заступніца хрысьціянаў, верных Еднасьці Царквы.* У час жа перасьледаў за вернасьць Адзінай Царкве * Ты не пакінула дзетак сваіх,* але падаравала Твой вобраз прававернаму народу для суцяшэньня,* бо Ты – сапраўднае Прыстанішча ў жыцьцёвых бурах * і Маці Еднасьці. * * * Браслаўская Ікона Маці Божай - Валадаркі Азёраў Дакладны час зьяўлення гэтай Іконы, якая цешылася вялікім шанаваньнем у люду з Браслаўскіх ваколіцаў, невядомы. Паводле мясцовага паданьня ў XV ст. на астраўку Ліпіна зьявілася Ікона Маці Божай. Зьяўленне Іконы ў паданьні зьвязваецца і з заснаваньнем манастыра. Паволе легенды Ікона некалькі разоў вярталася з царквы, куды ўрачыста пераносілася, на востраў. У гэтым пабачылі волю Маці Божай, якая хацела заснаваньня манастыра. Востраў на якім быў заснаваны манастыр, пасьля называўся Сьвятым. У пачатку XVII стагоддзя праваслаўны манастыр прыняў Унію і тут аселі манахі базыльяне; тады Ікону назвалі ”манастырскай”. Росквіт культу цудатворнай Іконы Багародзіцы ў Браславе наступіў у XVІІІ ст., калі браслаўскі манастыр базыльянаў стаўся адным з трох найбольшых месцаў марыйнага культу на тэрыторыі сучаснай Беларусі, якія знаходзіліся пад апекаю ўніяцкага базыльянскага ордэна, разам з Жыровіцамі і Барунамі. Вядома, што ўніяцкі храм Усьпеньня Багародзіцы згарэў у 1832 годзе, а ў 1834 годзе царскія ўлады скасавалі і сам манастыр. Але мясцовае паданьне сьцвярджае, што Ікона Багародзіцы захавалася, бо яна была перададзеная ў Браслаўскі касьцёл. Абставіны перадачы Іконы, шанаванай ва ўніяцкім (грэка-каталіцкім) манастыры айцоў базыльянаў дакладна невядомыя. Ведама толькі, што ў чэрвені 1906 года, калі быў кансэкраваны новазбудаваны рыма-каталіцкі касьцёл у Браславе, у ім быў зьмешчаны Абраз (ікона) Маці Божай, які ўжо тады меў доўгую традыцыю шанаваньня сярод мясцовых хрысьціянаў. (Гл. сайт Санктуарыя: www.waladarka.by). Магчыма, Браслаўская Ікона Багародзіцы была такім самым чынам перададзеная ўніяцкімі манахамі базыльянамі ў рыма-каталіцкія храмы (або пабожным католікам), як і Жыровіцкая алтарная Ікона Маці Божай (якая зараз знаходзіцца ў касьцёле сьв. Андрэя ў Слоніме) і Барунская Ікона Маці Божай, якая доўгі час правяла ў шляхецкай сям’і Важынскіх (а зараз шануецца ў касьцёле былога базыльянскага манастыра ў Барунах, пад апекай Айцоў Салезіянаў). Манахі-базыльяне хацелі такім чынам захаваць абразы ва ўласнасьці Каталіцкай Царквы. а. Яўген Усошын Вярнуцца назад |