Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Экуменічная малітва
Экуменічная малітва24.01.2008. |
У чацьвер, 24 студзеня б.г., у рамках тыдня экуменічнай малітвы аб еднасьці хрысьціянаў, адбылася малітоўная сустрэча хрысьціянаў розных канфесіяў у рыма-каталіцкай катэдры імя Найсьвяцейшай Панны Марыі. Падобная малітоўная сустрэча прайшла на Беларусі ўпершыню. Яна распачалася сьвятою Імшою, якою служыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Яму саслужылі Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі а. архімандрыт Сяргей (Гаек), а таксама сьвятары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі. Былі прысутныя таксама шматлікія вернікі.
Пасля Сьвятой Імшы распачалася Экуменічная малітва, якую ўзначаліў Мітрапаліт. У ёй узялі ўдзел а. архімандрыт Сяргей (Гаек), кіраўнік Аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы айцец Аляксандр Шымбалёў, кіраўнік Самастойнай Евангелічна-лютэранскай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь дыякан Уладзімір Мейерсан, старшыня Беларускага біблійнага таварыства Герман Родаў. Кожны з іх зьвярнуўся да прысутных з кароткай прамовай-казаньнем. У сваёй кароткай прамове а. архімандрыт Сяргей зьвярнуў увагу на тое, што амаль ўжо паўтысячагодзьдзя, як Францішак Скарына пераклаў Біблію на стара-беларускую мову, і што гэты факт павінен нас, беларусаў, мабілізаваць чытаць Сьвятое Пісаньне на роднай мове. Вярнуцца назад |