Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > ПІЛІГРЫМКА ДА ДУХОЎНЫХ КАРАНЁЎ

ПІЛІГРЫМКА ДА ДУХОЎНЫХ КАРАНЁЎ


14.07.2009.
ПІЛІГРЫМКА ДА ДУХОЎНЫХ КАРАНЁЎ
Малітва ў Навумавічах, на месцы сьмерці Блаславёнай Мучаніцы Мар’яны (Бярнацкай).

13 ліпеня 2009 г. адзначаецца Дзень успаміну Блаславёнай Мучаніцы Мар'яны (Бярнацкай). З гэтай нагоды ў вёсцы Навумавічы, што на Гарадзеншчыне, сабраліся пілігрымы з розных куткоў Беларусі. Сярод іх было некалькі дзесяткаў грэка-католікаў.

ПІЛІГРЫМКА ДА ДУХОЎНЫХ КАРАНЁЎ
Сёлета ўшанаваць памяць мучанікаў у Навумавічы прыехалі жанчыны – сёстры Сястрыцтва Блаславёнае Мучаніцы Мар’яны, якое ад нядаўняга часу дзейнічае ў нашай парафіі Праведнага Язэпа. Яны прывезлі з сабою Ікону Блаславёнай, якую пасьля Сьвятой Імшы змаглі ўшанаваць усе прысутныя.

ПІЛІГРЫМКА ДА ДУХОЎНЫХ КАРАНЁЎ
З Гародні прыйшлі ў пешай пілігрымцы нашыя вернікі з грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай разам са сваім душпастырам айцом Андрэем Кратом.

ПІЛІГРЫМКА ДА ДУХОЎНЫХ КАРАНЁЎ
Апостальскага Візітатара БГКЦ архімандрыта Сяргея (Гаека) прадстаўляў Дэкан Цэнтральна-Заходняга Дэканата БГКЦ протапрэзьбітар Андрэй Абламейка.

Мар’яна Бярнацкая нарадзілася ў 1888 г., у Ліпску (Польшча), ва ўніяцкай сям’і, праз некалькі гадоў пасьля ліквідацыі Аўгустоўскага дэканата Ўніяцкай Царквы, і была простай вясковай жанчынай, маці шасьцёх дзяцей. Яна аддала сябе на сьмерць замест сваёй цяжарнай нявесткі. Яе расстралялі каля в. Навумавічы 13 ліпеня 1943 году разам з іншымі закладнікамі. Агульна ў гэты час у Навумавічах было расстраляна каля 5 тысячаў чалавек.

Як сказаў у сваім казаньні а. Андрэй Крот, “прыклад яе жыцьця, жыцьця звычайнага чалавека, якая, аднак, не захацела проста ператрываць гэты цяжкі час вайны, а аказалася гатовай адкрыта вызнаць сваю веру, і за гэтае вызнаньне загінуць, ёсьць для нас прыкладам і заахвочваньнем да мужнага вызнаньня Хрыста і ў нашыя часы”.

Айцец Андрэй Абламейка ў сваім прывітаньні, якое ён выказаў ад імя Апостальскага Візітатара, зазначыў, што “для нас, беларускіх грэка-католікаў, само існаваньне Аўгустоўскага ўніяцкага дэканата выражае неразрыўнасьць гісторыі і духоўнай традыцыі нашай Царквы ў Беларусі, а ахвяра жыцьця Блаславёнае Мар’яны адкрывае нам нашыя духоўныя карані”.

Вярнуцца назад