Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 13 ліпеня - Дзень успаміну Бласлаславёнай Мучаніцы Мар'яны

13 ліпеня - Дзень успаміну Бласлаславёнай Мучаніцы Мар'яны


11.07.2009.
13 ліпеня - Дзень успаміну Бласлаславёнай Мучаніцы Мар'яны
13 ліпеня 2009 г. прыпадае Дзень успаміну Блаславёнай Мучаніцы Мар'яны (Бярнацкай). З гэтай нагоды ў вёсцы Навумавічы, што на Гарадзеншчыне, штогод зьбіраюцца на сумесную малітву рыма-католікі і грэка-католікі.

Мар’яна нарадзілася ў 1888 г., у Ліпску (Польшча), ва ўніяцкай сям’і праз некалькі гадоў пасьля ліквідацыі Аўгустоўскага дэканата Ўніяцкай Царквы. Для нас, беларускіх грэка-католікаў, само існаваньне Аўгустоўскага ўніяцкага дэканата выражае неразрыўнасьць гісторыі і духоўнай традыцыі нашай Царквы ў Беларусі. А Блаславёная Мучаніца Мар’яна і ейная ахвяра жыцьця адкрывае нам нашыя духоўныя карані. Яна была расстраляна каля в. Навумавічы 13 ліпеня 1943 году разам з іншымі закладнікамі.

Мужныя словы – “я пайду замест яе”, - якія Блаславёная Мучаніца вымавіла, аддаючы сябе на сьмерць замест сваёй цяжарнай нявесткі, нагадваюць два падобныя здарэньні: першае мела месца ў Аліўным садзе, і тады Сам Госпад аддаваў Сябе на сьмерць – “дык вось калі Мяне шукаеце, пакіньце іх, хай ідуць” (Ян 18,8), а другое адбылося 12 лістапада 1623 году ў Віцебску, калі аддаваў сябе на сьмерць Сьвяты Язафат – магутны заступнік Беларусі – “у чым яны вінаватыя, вось я сам” (A. Welykyj, S. Josaphat, I,14).
Для нас жа, якія перажываем гэты царкоўны год, сузіраючы і разважаючы над таямніцай Хрыстовага Крыжа, які ёсьць знакам Любові, ахвяра Блаславёнай Мар’яны зьўляецца прамовістым прыкладам рэалізацыі гэтай Любові ў жыцьці канкрэтнага чалавека.

Сёлета вернікі абодвух абрадаў у чарговы раз зьбяруцца ў Навумавічах, каб ушанаваць памяць Блаславёнай Мар’яны. Супольнае набажэнства адбудзецца ў панядзелак 13 ліпеня а 18-ай гадзіне.

Апостальскага Візітатара БГКЦ Архімандрыта Сяргея (Гаека) будзе прадстаўляць Дэкан Цэнтральна-Заходняга Дэканата БГКЦ протапрэзьбітар а. Андрэй Абламейка. Ён прыбудзе ў Навумавічы з групай пілігрымаў з Менску – прадстаўніц Сястрыцтва Блаславёнай Мучаніцы Мар’яны, якія прывязуць у Навумавічы яе Ікону.

Вярнуцца назад